Яшчэ адзін затрыманы ў Кунцаўшчыне не выйшаў пасля 15 сутак

Яшчэ аднаго затрыманага ў Кунцаўшчыне паўторна арыштавалі. Міліцыянт на судзе паскардзіўся, што хлопец назваў іх таксістамі, перадае тэлеграм-канал «Вясна назірае».

photo_2021_09_24_20_04_23.jpg

24-гадовага Уладзіслава Кубіцкага сёння не вызвалілі пасля 15-сутачнага арышту за шэсце 9 верасня ў мінскай Кунцаўшчыне. На выхадзе з ЦІПа на Акрэсціна яго сустрэлі міліцыянты і прапанавалі праехаць з імі ў РУУС на «прафілактычную гутарку». Хлопец пагадзіўся, але па дарозе пачаў «агрэсіўна і выклікаючы сябе паводзіць, гучна крычаць і на заўвагі супакоіцца не рэагаваць». За гэтае «правапарушэнне» на Уладзіслава склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сваю віну хлопец прызнаў.
Міліцыянт на судзе заявіў, што калі яны на службовай машыне спыніліся на скрыжаванні, то «Кубіцкі назваў міліцыянтаў таксістамі, выйшаў з машыны і наўмысна стукнуў дзвярамі». Суддзя Ала Скуратовіч прызнала Уладзіслава Кубіцкага вінаватым і пакарала хлопца чарговымі 15 суткамі.