Каронавірус забраў аднаго з найлепшых слуцкіх дактароў

У спісе медыкаў, якія памерлі ад каронавіруса, з’явілася яшчэ адна ахвяра гэтай жудаснай хваробы. Слуцкі доктар-псіханеўролаг і іголкафізіятэрапеўт Антаніна Ільінічна Канавалава памерла два тыдні таму. Ні дзеці — медыкі, ні пацыенты да гэтага часу не могуць змірыцца з гэтай стратай.

У лютым 2021-га Антаніне Ільінічне споўнілася 70 гадоў, але яна працягвала працаваць. Мяркую, з-за нястачы дактароў і сваёй адданасці прафесіі.

Прынята лічыць, што няма такіх прафесіяналаў, якіх бы нельга было замяніць, — кажа 70-гадовая Валянціна Іванаўна, адна з былых пацыентак Антаніны Ільінічны. — Але ў маім выпадку гэта не так. Я два дні праплакала, калі даведалася пра яе смерць, бо для мяне гэта быў доктар ад Бога. Яна ратавала мяне не адзін раз ад невыноснага болю ў суставах метадам рэфлексатэрапіі, а таксама праз увядзенне супрацьзапаленчых і абязбольваючых лекаў у адмысловыя кропкі па акупунктурнай методыцы. Мне не дапамагалі ніякія лекі, а вось яна сваёй методыкай дапамагала жыць без невыноснага болю і нават займацца пасільнай працай. Да таго ж, гэты быў вельмі добры і даступны доктар, вельмі чалавечны. Ёй лёгка было распавядаць пра свае хваробы, было бачна, што гэта не толькі выдатны прафесіянал, але сапраўды спагадлівы чалавек.

 — Мой бацька захварэў на каронавірус, наступствам хваробы была страта памяці, — успамінае добрым словам псіханеўролага Канавалаву жыхарка Слуцка Галіна Шаравар. — Давялося камунікаваць, хадзіць да яе на кансультацыю, выпісваць лекі. Нярэдка можна пачуць расповеды, што дактары не надта любяць старых людзей і абыякава ставяцца. Мяне ж уразіла сардэчнасць Антаніны Ільінічны, спагада, з якой яна выслухоўвала скаргі на здароўе бацькі, і ўважлівасць да выбару лекаў. Спачувала дзеду, што ў такія гады так цяжка пераносіць хваробу, спачувала і мне. Відавочна, што ў гэтага чалавека была цудоўная душа. Я была ў многіх дактароў, але вось мне запомнілася менавіта яна і яе прафесіяналізм.

Асабіста я гатова падпісацца пад кожным словам Валянціны Іванаўны і Галіны Шаравар. Бо мне з маім невылечным балючым рэўматоідным артрытам, нягледзячы на тое, што атрымліваю базавыя медыцынскія лекі згодна з пратаколам лячэння, давялося не адзін раз карыстацца яе супрацьзапаленчым абязбольваннем. Было і такое, што я ледзьве адчыняла дзверы яе кабінета, а ўжо праз гадзіну-дзве магла нават рабіць вандроўку па горадзе і на некалькі месяцаў забывала пра невыносны боль. Асабліва яна дапамагала мне падчас каронавіруснай інфекцыі, калі стала немагчымым здымаць абвастрэнне хваробы ў абласной лякарні.

У Слуцку шмат людзей з рознымі захворваннямі апорна-рухальнага апарата. Таму не памылюся, калі скажу, што сумавалі з нагоды заўчаснай смерці Антаніны Ільінічны і працягваюць успамінаць яе сотні случчан. Бо другога такога доктара ў галіне рэфлексатэрапіі ў Мінскай вобласці знайсці цяжка. Дарэчы, яна не адзін раз атрымлівала ўзнагароды за сваю працу, у 2011-м годзе прызнавалася і лепшым псіхіятрам Мінскай вобласці.


 — Мама нарадзілася ў вёсцы Казловічы, якая знаходзіцца недалёка ад Слуцка, у 1951-м годзе, — дзеліцца сваімі ўспамінамі Уладзімір, старэйшы сын Антаніны Канавалавай — Ільінічны, як яе называлі ў народзе. — З дзяцінства мама марыла пра прафесію доктара, і гэтую мару яна ажыццявіла. Так склалася, што пасля заканчэння Гродзенскага медінстытута была размеркаваная ў Слуцк. Спачатку працавала акушэрам-гінеколагам, пасля перакваліфікавалася ў псіханеўралога. Толькі 2 гады таму перастала быць загадчыцай псіханеўралагічнага аддзялення паліклінікі. Яна па натуры перфекцыяніст, таму заўсёды імкнулася авалодаць новымі дасягненнямі ў медыцыне. Настолькі зацікавілася нетрадыцыйнай медыцынай, што скончыла курсы іголкарэфлексатэрапіі пры медінстытуце і паралельна з псіхіятрыяй больш за 20 гадоў паспяхова адпрацавала ў аддзяленні рэабілітацыі.

Наталля, яго жонка, з вялікай пяшчотай успамінае пра сваю свякроў:

 — Я, як узяла шлюб з яе старэйшым сынам Уладзімірам, была маладзенькай і нявопытнай гаспадыняй. Антаніна Ільінічна ставілася да мяне як да дачкі і цярпліва навучыла розным жаночым «хітрыкам». Сама яна, нягледзячы на вялікую занятасць, была выдатнай гаспадыняй. І дом, і ўчастак былі заўсёды дагледжаныя і аформленыя з густам. Нягледзячы на сталы ўзрост, заўсёды сачыла за сабой і прыгожа апраналася, старалася ўзняць настрой пацыентам, падбадзёрыць іх і настроіць на змаганне з хваробамі.

Часта дзялілася думкамі пра сваю працу. Яе муж быў таксама доктарам, сыны — медыкі, я таксама атрымала медыцынскую адукацыю. Таму ў сям’і нярэдка вяліся размовы на медыцынскую тэматыку, абмяркоўваліся дасягненні медыцыны. Характар у яе быў моцны — лічу, што такі характар вельмі пасуе чалавеку яе прафесіі і спрыяльна ўплывае на пацыентаў.

Я запыталася, ці размаўлялі дзеці з Антанінай Ільінічнай пра небяспеку каронавіруса для яе асабіста і ці прасілі пакінуць яе працу.

 — Не адзін раз, — кажа Уладзімір. — Але яе нельга было пераканаць. Праца складала для яе такую значную частку жыцця, што маці ўсё не рашалася яе пакінуць. Свой уклад унеслі і пацыенты. Шмат з іх сталі яе сябрамі і прасілі не пакідаць працу. Пагрозу для жыцця яна тэарэтычна разумела, шмат чаго чытала па гэтай тэме. Не адзін раз перасцерагала нас, каб былі асцярожнымі на працы з пацыентамі.

Маці дасканальна вывучыла ўсе распрацоўкі па каронавірусе. Агітавала нас прышчапляцца. У красавіку вакцынавалася «Спутнікам» і збіралася ў хуткім часам зрабіць рэвакцынацыю. Не паспела… Асаблівых цяжкіх праблем са здароўем у яе не было, але хвароба аказалася мацнейшай за здароўе, на 30 адсоткаў паразіла лёгкія і прывяла да сардэчнай недастатковасці.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: