Крывавы Пурым. Як у гэты дзень нацысты зладзілі пагром у Мінскім гета і чаму памяць пра гэта замінала камуністам

2 сакавіка 1942 года ў Мінскім гета адбыўся пагром. У крывавай бойні загінулі больш за 5 тысяч чалавек. Ахвяр Халакосту сёння згадвалі каля мемарыялу «Яма», які ўшаноўвае забітых вязняў гета. Пра адну з самых трагічных старонак гісторыі Мінска ў XX ст. і пра тое, што габрэям давялося перажыць пасля, «Свабодзе» расказаў гісторык з Ерусаліма, даследчык Халакосту ў Беларусі Леанід Смілавіцкі.

Габрэйскія вязні ў Драздах, ліпень 1941

Габрэйскія вязні ў Драздах, ліпень 1941



Як гэта было

Усяго было тры буйныя пагромы ў Мінскім гета. Першы — у лістападзе 1941 года. Немцы заўсёды іх прымяркоўвалі да нейкай даты. А пагром 2 сакавіка яны прымеркавалі да габрэйскага свята Пурым. Гэта дзень, які паказвае моц і адраджэнне габрэйскага народа, расказвае Леанід Смілавіцкі.
«Гэта была паказальная, найбольш масавая акцыя, калі ў адзін дзень загінула столькі людзей. Іх вывезлі ў душагубках, расстралялі ў розных месцах, галоўным чынам у Малым Трасцянцы.

Леанід Смілавіцкі

Леанід Смілавіцкі


З гэтым днём звязанае і знішчэнне габрэйскага дзіцячага дома. Загінулі не ўсе дзеці. Некалькі дзяўчынак схаваліся ў печцы, яны адтуль за ўсім назіралі. І гэты жах, пабачаны на ўласныя вочы, яны пранеслі праз усё жыццё. Я быў знаёмы з такімі людзьмі. Яны расказвалі, як нацысты прыйшлі, душылі, стралялі, як тапталі ботамі», — гаворыць гісторык.
Лічыцца, што з мінскага гета ацалелі каля 10 тысяч чалавек. Яно існавала з ліпеня 1941 да кастрычніка 1943 года.
«Спачатку за вязнямі не вельмі пільнавалі, бо ведалі, што габрэям не надта было куды ўцякаць. Магчыма, калі б гета праіснавала даўжэй, то і больш людзей бы ўратавалася. Але Сталін загадаў забіць Вільгельма Кубэ. Праз дзень у якасці помсты нацысты забілі апошніх 10 тысяч са 100 000 людзей з гета. Лёс гэтых людзей не прымаўся пад увагу, калі планавалася акцыя супраць Кубэ», — лічыць Смілавіцкі.

«Яма» — месца непажаданай памяці

«2 сакавіка 1942 года загінулі 5 тысяч чалавек. Але гэта не значыць, што на гэтым месцы, там, дзе «Яма», ляжыць 5000. Яны загінулі ў Трасцянцы. «Яма» — сімвалічнае пахаванне, там пахавана некалькі соцень цел, а можа і менш. Але гэтае месца ў 1946 годзе было абранае сімвалічна, як знак памяці, да якога можна прыйсці і схіліць галаву.
Гэтае месца было тады на ўскраіне Мінска, недалёка ад габрэйскіх могілак. Гэта тэрыторыя гета, габрэйскі раён, і так вырашыла грамада, якая збірала ўсё, што засталося пасля Халакосту ад габрэйскага Мінска. Тады ішла барацьба за грамаду, за адкрыццё сінагогі, за рэгістрацыю. Усю гэтую працу ўзначальваў рабін Якаў Бэргер. Нейкім цудам быў атрыманы афіцыйны дазвол.
Цікава, дзе ўзялі камень для помніка. Гэта дарагі чорны мармур. Яго бралі, з адмысловага дазволу таго ж рабіна, на знішчаных могілках на вуліцы Сухой. Надпіс на гэтым помніку зрабілі на ідышы і тут жа прадублявалі на расійскай. І там наўпрост напісана, што не «мірныя грамадзяне», не «савецкія людзі», а што загінулі габрэі, і паведамлялася, ад каго яны загінулі», — расказвае гісторык.

42d6669f_deb7_4bb7_bba5_314f8fe6e811_w650_r0_s.webp


Помнік на «Яме», 1947 
Тэкст, які прапанаваў тады Хаім Мальцінскі, ні ў каго пярэчанняў не выклікаў. У Мінску ініцыятыву ўшанавання ўзяла на сябе група вернікаў на пачатку 1946 году. Аднак гарвыканкам адхіліў гэтую ініцыятыву на падставе таго, што ў згаданым месцы былі расстраляныя як вернікі, так і няверуючыя габрэі, рускія, беларусы, украінцы і цыганы. Нягледзячы на гэта, у жніўні 1946 г. на брацкай магіле «Яма» ў Мінску помнік быў усталяваны. Актыўны ўдзел у гэтым узялі начальнік Упраўлення камунальнай гаспадаркі Мінска Навум Гунін, начальнік Трэста добраўпарадкавання і азелянення Мінска Іосіф Нісенбаўм, загадчык майстэрняў пры трэсце добраўпарадкавання і азелянення Мацвей Фальковіч і дырэктар пахавальнага бюро Мінска Аляксей Гальштэйн. Тэкст на ідышы напісаў Хаім Мальцінскі, а ўсімі працамі кіраваў старшы майстар пахавальнага бюро Мордух Спрышэн.
«Падчас адкрыцця помніка адбыўся мітынг, чыталі Кадыш і была праведзена памінальная служба. У 1950 годзе Гунін, Нісенбаўм, Фальковіч, Гальштэйн, Мальцінскі і Спрышэн былі арыштаваныя па абвінавачанні ў касмапалітызме і правялі пад следствам 11 месяцаў. Усе яны атрымалі па 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў і былі адпраўленыя для адбыцця пакарання ў Пячорскі вугальны басейн у Варкуту. Натуральна, свой тэрмін яны не дасядзелі, іх вызвалілі ў 1956 годзе. Дарэчы, у тым жа годзе памёр і рабін Бэргер, першы і апошні рабін Мінска пасля вайны. Да 1987 году ў Мінску была грамада, але не было рабіна», — кажа Смілавіцкі.
Нягледзячы на тое, што расстрэл быў 2 сакавіка, доўгія гады пасля вайны мітынгі там адбываліся 9 траўня. Калі народ святкаваў, габрэі прыходзілі да гэтага месца.

Неафіцыйны мітынг ля помніка на Яме, 2 сакавіка, канец 1970-х

Неафіцыйны мітынг ля помніка на Яме, 2 сакавіка, канец 1970-х

«Дарэчы, у Мінску была традыцыя, калі маладыя падчас вяселля ўскладалі кветкі да манумента Перамогі на Круглай плошчы (плошча Перамогі. — РС). Габрэі ж прыносілі кветкі на «Яму». Я таксама, калі жаніўся, перад тым, як пайсці ў ЗАГС, паехаў з жонкай на «Яму», — кажа Смілавіцкі.
З 1971 года там пачаліся масавыя рэгулярныя мітынгі габрэяў. Гісторык узгадвае, што прыходзілі тысячы людзей. Некаторыя маладыя людзі прыходзілі, каб знайсці сабе пару, бо там было шмат габрэйскай моладзі.
«Улады рэагавалі на гэта па-свойму. Мікрафоны выступоўцам забаранялі. Яны падганялі машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай і транслявалі песні — "Хотят ли русские войны" і падобнае іншае. Пры гэтым нічога крамольнага тады не гаварылася, людзі проста расказвалі свае гісторыі, як яны перажылі Халакост, — расказвае гісторык. — Тое самае было летась у Мінску, калі сотні тысяч людзей выходзілі ў горад пратэставаць, а праз гукаўзмацняльнікі ўключалі савецкія песні».

Чаму памяць габрэяў не паважалі і пасля вайны

Гэтая тэма, нягледзячы на тое, што павінна быць гучнай, дагэтуль не атрымала той увагі, якую павінна мець, лічыць Леанід Смілавіцкі. Паводле яго, савецкая ўлада вельмі доўга адмоўчвалася ад памяці пра Халакост.
«У савецкі час габрэі былі нязручнымі ў палітыцы інтэрнацыяналізму. Калі б давялося прызнаць Халакост, то трэба расказаць, як ён стаў магчымым. А ён стаў магчымым, паколькі сталінская нацыянальная палітыка сябе не апраўдала. 1,5 млн. чалавек, былых савецкіх ваеннапалонных удзельнічалі ў вайсковых фарміраваннях на баку немцаў. Габрэяў выдавалі, забівалі. І трэба было адказаць на пытанне: як такое стала магчымым?
За паўстагоддзя пасля вайны ў габрэяў забралі ўсё: культуру, гісторыю, рэлігію, традыцыю. Засталіся генатып і менталітэт. І гэтыя два моманты дазволілі адрадзіць габрэйства пасля перабудовы. Як толькі межы адчыніліся, то 110 тысяч са 150 тысяч габрэяў выехалі», — кажа Смілавіцкі.
У Мінску няма дагэтуль музею ані габрэяў, ані Халакосту, ані Мінскага гета. На думку гісторыка, усё таму, што трагедыя габрэяў Беларусі не з'яўляецца неад’емнай часткай трагедыі беларускага народу.
«Першая асоба дзяржавы, як, напрыклад, у краінах Балтыі, Украіне ці нават Расіі, заўсёды прыходзіць у дзень памяці Халакосту і аддае пашану загінулым. Гэта агульнае гора, не толькі габрэяў, але і беларусаў. А Лукашэнка зʼяўляўся там раз на 10 год. А апошні раз, два гады таму, ён прыслаў замест сябе міністра Макея, які прачытаў па паперцы тое, што яму падсунулі. Там гаварылася, што ў Беларусі сёння існуе 500 помнікаў ахвярам Халакосту. Але ён забыўся дадаць, што дзяржава не паставіла аніводнага помніка за свой кошт. Гэта ўсё помнікі за сродкі спонсараў або выхадцаў з Беларусі», — гаворыць гісторык.
Міжнародны дзень ахвяраў Халакосту. Мінск, 2016
Тое самае, на яго думку, з помнікамі праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі габрэяў. У Беларусі ім няма аніводнага помніка, хоць тут больш за 900 афіцыйна прызнаных праведнікаў.
«У 2017 годзе на тэрыторыі канцлагера "Малы Трасцянец", там, дзе, па падліках, было забіта 250 тысяч чалавек, знайшлі некалькі дзясяткаў рэек, на якіх рабілі вогнішчы. Каб была цяга, каб паддувала. Дровы — целы, дровы — целы. Гэта была аперацыя па знішчэнні слядоў масавых забойстваў. І што з гэтымі рэйкамі зрабілі? У 2017 годзе іх здалі на металалом людзі, якія рабілі мемарыял.
На тэрыторыі былога гета ёсць "Гістарычная майстэрня". На нямецкія грошы там існуе навукова-асветніцкі цэнтр, які праводзіць вялікую працу. Кнігі, сустрэчы, распрацоўкі матэрыялаў для настаўнікаў. Немцы плацяць за яго арэнду. Замест таго, каб аддаць габрэям габрэйскі дом, улады прапануюць нямецкаму фонду купіць яго па камерцыйнай цане. Гэта адбываецца ў нашы дні.
Міністар Макей у сваім выступе казаў, што трагедыя габрэяў на тэрыторыі Беларусі — гэта неад’емная частка беларускай трагедыі і мы робім усё, каб захаваць гэтую памяць. Ці ж гэта не прыклад крывадушнасці? Калі гісторыю выкарыстоўваюць у палітычных мэтах, то з яе атрымліваецца прапаганда», — гаворыць Леанід Смілавіцкі.
Помнік загінулым габрэям «Яма» на месцы масавых растрэлаў у Мінскім гета
Паводле гісторыка, на ўсёй тэрыторыі мемарыялу ў Трасцянцы няма зоркі Давіда, на табліцах гаворыцца пра «жыхароў гета», нідзе не напісана пра беларускіх габрэяў. За ўвесь комплекс адказвае праваслаўная царква. Ён кажа, што менавіта таму на адкрыццё мемарыялу адмовіўся прыязджаць прэзідэнт Ізраіля Рыўлін.
«І калі немцы і аўстрыйцы звярнулі на гэта ўвагу, то ім тады сказалі: або будзе так, або ніяк. Калі ў Беларусі адбудуцца перамены, то няма сумневаў, што гэтая тэма будзе адкрыта абмяркоўвацца і напоўніцца зместам. Пакуль, на жаль, яна носіць парадны характар. Прадстаўнікі ўлады, рэлігійных супольнасцей, партызаны прыходзяць на ўшанаванне. Гэта зацірае значнасць трагедыі.
Хацелася б, каб гэтая дата ўсіх нас абразуміла, каб паказала, што мы стаім на мяжы прорвы, што калі людзі не будуць размаўляць паміж сабой, калі ўлады не будуць слухаць народ, то наступствы могуць быць вельмі кепскімі. Гісторыя павінна не толькі палохаць, яна павінна вучыць», — гаворыць гісторык Леанід Смілавіцкі.