«Лечым душы і вучымся». Споведзь маці палітзняволенага Дзмітрыя Тура

«Мы, бацькі плачам па дзецях, але ў многім самі вінаваты», — разважае Алена, маці палітзняволенага Дзмітрыя Тура. Яе сын абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках і з лютага знаходзіцца ў Брэсцкім СІЗА.

602f27bb_c7ed_483a_ade4_cdbc57b7eb31_logo.jpg

Не з’ехаў з краіны, бо верыў, што ўсё будзе добра

Упершыню Дзмітрыя выклікалі на допыт 9 верасня: на яго завялі крымінальную справу, пасля змясцілі пад хатні арышт. «Я да апошняга моманту спадзявалася, што ён з’ездзе, — кажа Алена. — Але ён верыў, што ўсё будзе добра».
Дзмітрый жыве ў Брэсце, а яго маці, педагог, апошнім часам жыве і працуе ў Смаленскай вобласці. «Мы ніколі не краналі палітычных тэмаў у сям’і, — узгадвае Алена. — Я пражыла ўсё жыццё і не цікавілася палітыкай, бо была ўпэўнена, што ў нашай краіне ўсё добра. Цяпер я разумею дакладна: у той трагедыі, якая зараз адбываецца, ёсць віна і нашага пакалення. Наша віна ў тым, што мы не цікавіліся, не задумваліся наконт таго, што адбываецца вакол».
Калі Дзіма знаходзіўся пад хатнім арыштам, Алена па віду на жыхарства мела магчымасць адзін раз перасекчы беларускую мяжу. Яна вырашыла прыехаць у Брэст. Аднак за тры дні да яе прыезду Дзмітрыю раптоўна змянілі меру стрымання: з хатняга арышту на прабыванне ў СІЗА.
 Чаму змянілі меру стрымання — я не ведаю, — распавядае Алена. — Сын напярэдадні мне патэлефанаваў і сказаў, што яго выклікаюць падпісаць дакументы. Я адразу сказала: «Цябе адтуль не выпусцяць».

Месца, дзе сціраюцца межы

— Калі сын трапіў за краты, больш за ўсё я перажывала за асяроддзе, якое будзе яго атачаць, — узгадвае Алена. — Дзіму ж забралі без нічога, але сукамернікі яго падтрымалі, хоць сядзяць там людзі не толькі па палітычных артыкулах. І гэты факт на многае мне расплюшчыў вочы. Раней той, хто сядзеў за кратамі, быў для мяне злачынцам. Але ж чалавек можа памыліцца і пасля гэтага больш не рабіць зло. А памылка можа здарыцца з любым!
Калі стаіш у чарзе каля СІЗА, каб перадаць перадачу, то там няма розніцы, па якім артыкуле і хто там сядзіць. Сваякі і адных, і другіх у першы раз не ведаюць пра тое, што ў перадачы трэба перасыпаць гарбату з пакетаў і разгортваць цыгарэты. Калі я ўпершыню стаяла ў такой чарзе, то пабачыла мужчыну, які прынёс перадачу сваёй жонцы. Наверсе ляжала бялізна, а побач — сукенка. Ён збянтэжыўся, сказаў, што жонка папрасіла прывезці адзенне, вось ён і прывёз сукенку… Таксама ён хацеў перадаць пакеты з цукеркамі. Але ж ён не ведаў, што кожную цукерку трэба разгортваць, а пасля расфасоўваць па пакетах. Людзі ў чарзе сталі яму дапамагаць, не пытаўшы нават, па якім артыкуле сядзіць яго жонка. А ён у гэты час стаяў разгублены на марозе.
У лістах Дзіма супакойвае сваякоў. Піша, што з сукамернікамі яму пашанцавала і што паправіўся, бо мала рухаецца. Стаў маляваць і чытаць беларускіх аўтараў. Алена піша яму лісты, але, каб яны хутчэй даходзілі да сына, іх фатаграфуе і дасылае дачцэ ў Брэст. Дачка адпраўляе іх першым класам. Так, цягам месяца Алена атрымлівае адказ.
— Аказваецца, пісаць лісты вельмі цяжка, — разважае Алена. — Людзі развучыліся пісаць. Напэўна гэта дадзена нам для таго, каб мы навучыліся камунікаваць адно з адным, пісаць адно аднаму, не смс-кі і не паштоўкі дасылаць, а ад рукі, ад душы пісаць, каб вярнуць нас адно да аднаго.

45d6b8af_f96b_4df3_b81a_1e01c53ecd41_logo.jpg

«Паспець пажыць па-чалавечы»

Па словах Алены, за час, які Дзмітрый правёў у СІЗА, ён паглядзеў па-іншаму на адносіны ў сям’і. У лістах ён разважае пра тыя каштоўнасці, пра якія ніколі не размаўляў з ёй раней.
— Тое, што адбываецца цяпер, патрэбна ўсім нам, — упэўнена Алена. — З аднаго боку, сітуацыя, якая здарылася ў Беларусі, — нешта нечаканае. Але нічога не бярэцца з ніадкуль. Нас вучаць зверху, вяртаюць да ісцін. Мы, бацькі, плачам па дзецях, але ў многім самі вінаваты. Тое, што адбываецца цяпер, мы зрабілі сваімі рукамі.
Мы адышлі адно ад аднаго ў нашых сем’ях — гэта няправільна. А цяпер, канечне, на ўсё паглядзелі па-іншаму. Я ніколі не чытала з такім пераасэнсаваннем Евангелле, як цяпер. І была здзіўлена: да такой ступені там усё проста! Дык дзе ж нашы вочы? У малітве за зняволеных узгадваюцца несправядліва асуджаныя. Аказваецца, такая несправядлівасць была і раней. Усё паўтараецца, ідзе па коле… Калі б мы маглі ўсё скласці ў нашых галовах і пачаць жыць правільна, то не было б таго, што адбываецца цяпер. Але нам трэба гэтаму навучыцца, таму зараз – час нашай вучобы. Лечым душы і вучымся. Калі б не гэтая сітуацыя, я б, можа, ніколі і не пачула ад свайго сына такіх слоў пераасэнсавання, хаця і гучыць гэта вельмі страшна. Цяпер адбываецца вайна. Вайна за душы і справядлівасць. А так хочацца паспець пажыць па-чалавечы.

Цяжкасці з аплатай адваката

Дзмітрый Тур знаходзіцца ў Брэсцкім СІЗА з лютага. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Брэсце (ч. 2 арт. 293 КК). Хлопцу пагражае ад трох да васьмі гадоў зняволення.
Судовы працэс над Дзмітрыем распачнецца 28 траўня. Алена шчыра прызнаецца, што аплачваць паслугі адваката ёй цяжка: сума для сям’і непад’ёмная. Да таго ж, трэба пастаянна класці грошы сыну на рахунак, аплочваць перадачы, адна з якіх абыходзіцца прыкладна ў 40 — 50 рублёў.
Алена кажа, што ўсе тыя грошы, якія Дзіма зарабляў і адкладаў на жыццё, заблакаваны на яго рахунках: «Яго рахункі ўсе арыштавалі, калі завялі крымінальную справу. Але ж ён гэтыя грошы не скраў, а адкладаў сабе на будучыню!».

5856492f_c8ed_4d11_bb79_a4fbe7e2a50c_logo.jpg


Калі вы захочаце дапамагчы сваякам аплаціць адваката вязню, пакідаем рэквізіты банкаўскай карткі яго маці:
5470 8700 4568 328708/21Беларусбанк