Лекарку з 30-гадовым стажам звольнілі за некалькі гадзін да затрымання. Яна праходзіць па «справе Зельцэра»

Паводле крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, затрымалі каля 200 чалавек. 51-гадовую доктарку з Мінска Наталлю Нікіціну затрымалі проста на працоўным месцы ў Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, дзе яна працавала псіхіятрам, распавядае «Вясна».

nikicina.jpeg

Але за некалькі гадзін да затрымання ёй прыйшло паведамленне аб звальненні. Жанчыну раней затрымлівалі падчас пратэстаў 2020 года два разы. У снежні яе з сардэчным прыступам даставілі з РУУС у лякарню, дзе яна правяла месяц. Цяпер ужо больш за тры тыдні Наталлю ўтрымліваюць у жодзінскай турме па абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Маці палітзняволенай Наталлі Нікіцінай Алена Ігнацьеўна распавяла гісторыю дачкі.

Лекарка з 30-гадовым досведам і маці дваіх сыноў

Наталля Нікіціна — педыятр, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт, экзістэнцыяльны філосаф і псіхолаг. Каля 30 гадоў яна прапрацавала лекаркай.

«Дапамагаць людзям — не толькі яе прафесія, але і прызначэнне. Зрэшты, не толькі людзям. Яна з задавальненнем прыняла прапанову стаць суаўтаркай дзвюх кніг пра гуманнае стаўленне да сабак, пра выхаванне і навучанне жывёлаў без гвалту і жорсткасці. І ў цяперашні час вяла працу над трэцяй кнігай», — кажа Алена Ігнацьеўна.

Дома чакае вяртання Наталлі з турмы падабраны на вуліцы дварняк Торы.

У Наталлі двое сыноў. Яе старэйшы сын Аляксей, якому ўчора споўнілася 25 гадоў, у жніўні 2020-га некалькі сутак правёў на Акрэсціна — як раз у тыя самыя гарачыя дні.

«Наталля таксама піша выдатныя вершы. Прычым яны нараджаюцца ў яе спантанна. Хоць яна і саромеецца казаць пра гэта», — распавядае маці палітзняволенай.

Затрымлівалі два разы. У снежні з РУУС даставілі ў лякарню з сардэчным прыступам

Паводле Алены Ігнацьеўны, Наталля — адна з тых беларусак, каго не пакінулі абыякавымі падзеі 2020 года.

«Менавіта 2020 год стаў, як і для шмат каго іншага, у яе пераломным».

Наталлю затрымлівалі двойчы. Першы раз — 6 верасня 2020 года на «Маршы адзінства». Тады на вуліцы Чабатарова зладзілі «хапун», Наталлю затрымалі ў ліку каля 300 чалавек. Усяго з гэтай вуліцы тады вывезлі пяць аўтазакаў затрыманых. Наталлю ўтрымлівалі ў ІЧУ Жодзіна трое сутак, дзе аштрафавалі за ўдзел у мітынгу па арт. 24.23 КаАП.

Другі раз Наталлю Нікіціну затрымалі ў снежні 2020 года. Праз дрэннае самаадчуванне яна не ўдзельнічала ў маршы, а проста заступілася за падлетка, якога хапалі людзі ў чорным. У тым месцы наогул ніякага маршу не было. У РУУС Заводскага раёна Наталлі зрабілася дрэнна, ёй доўга не выклікалі «хуткую», але, нарэшце, пад канвоем даставілі ў лякарню, дзе ёй дыягнаставалі сардэчны прыступ. У лякарні яна правяла амаль месяц. Акрамя гэтага, Наталлю асудзілі па «народным артыкуле» на 30 базавых велічынь (870 рублёў).

Згодна са словамі родных, у Наталлі ёсць яшчэ адно сур'ёзнае захворванне — поліартрыт.

«З ім яна мужна змагаецца», – кажа пра хваробу мама Наталлі.

За некалькі гадзін да затрымання звольнілі з працы

29 верасня Наталлю затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Там яна працавала псіхіятрам. Як распавядае мама Наталлі, за некалькі гадзін да затрымання ёй паведамілі пра звальненне.

«Удзень яна напісала, што яе звольнілі тым жа днём, а ўвечары не прыйшла дадому. Калегі сказалі, што затрымалі яе проста на працы», — распавядаюць блізкія палітзняволенай.

Наталлі прад'явілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 130 («Распальванне сацыяльнай варажнечы») — і ўзялі пад варту.

«Верым, што хутка яна вернецца дадому»

У родных Наталлі няма ніякіх звестак пра тое, як яна цяпер. Адзінае, што ім вядома, — што яна ўтрымліваецца ў турме ў Жодзіне. Для Наталлі, як і для іншых затрыманых за каментары па «справе Зельцэра», не прымаюць перадачы. Ужо 21 дзень жанчына знаходзіцца ў тым адзенні, у якім яе затрымалі на працы.

«Але мы ведаем, што яна вельмі моцная духам. І дасць рады ўсім нягодам. І верым, што хутка яна вернецца дадому», — кажуць блізкія Наталлі.

Падтрымаць Наталлю лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе: Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.