Лукашэнка падняў на сцяг тое, чаго саромеліся ў СССР. Валерый Карбалевіч — пра Дзень народнага адзінства

Штучнае свята «Дзень народнага адзінства», уведзенае на патрэбу цяперашняй палітычнай кан'юнктуры, паказвае, што рэжыму не хапае пазітыўных палітычных наратываў, піша Валер Карбалевіч на «Свабодзе».

Адпачатку логіка ўладаў была зразумелая. Акрамя рэпрэсій трэба прапанаваць грамадству ці хаця б толькі сваім прыхільнікам нейкую мабілізуючую ідэю. Бо мабілізаваць людзей толькі на ідэйным грунце нянавісці да пратэстоўцаў і на неабходнасці захаваць уладу ў руках Лукашэнкі — гэта неяк вузка, прымітыўна.

Патрэбен быў нейкі станоўчы вобраз. І тут выявілася, што фантазія ў прыдворных ідэолагаў не вельмі багатая. Яна звялася да таго, што пазітыўны вобраз трэба шукаць у гісторыі. То-бок прапанаваць народу глядзець не наперад, бо самі ўлады разумеюць, што там нічога радаснага не відаць, а назад. Што само па сабе вельмі знамянальна.

У выніку прыдумалі два наратывы, якія наўрад ці можна лічыць новымі. Першае — гэта тэма фашысцкага генацыду беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны. І другі кірунак — вызваленне беларусаў ад прыгнёту Польшчы ў 1939 годзе. Улады чамусьці вырашылі, што калі расказаць народу пра гэтыя падзеі, то людзі адразу палюбяць Лукашэнку.

На чым грунтуюцца такія ўяўленні, што гістарычныя падзеі ў сённяшнюю інфармацыйную эпоху могуць стаць мабілізуючым чыннікам, сказаць цяжка. Але яны ўсяляк прапагандуюцца дзяржаўнымі медыя як сродак вярнуць давер грамадства да ўлады. Магчыма, спрацаваў расійскі досвед, дзе тэма перамогі СССР у Вялікай Айчыннай вайне стала моцным ідэалагічным падмуркам палітыкі імперскага рэваншу.

Аднак у нашым выпадку ў саміх тэмах, гістарычных падзеях, якія былі ўзятыя для ідэалагічнай мабілізацыі, закладзена супярэчнасць. Лукашэнка, разважаючы пра свята «Дзень народнага адзінства» 17 верасня, казаў, што, маўляў, раней мы яшчэ з савецкіх часоў саромеліся святкаваць гэты дзень аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, бо баяліся кагосьці пакрыўдзіць. Мелася на ўвазе — Польшчу, бо гэтая краіна была саюзнікам СССР, часткай сацыялістычнага лагеру.

Але ў СССР саромеліся не толькі гэтага. Рэч у тым, што акцэнтаваць увагу на падзеях 17 верасня 1939 года было небяспечна яшчэ з адной прычыны. Гэта міжволі нагадвала пра непрыемную акалічнасць: амаль два гады, з 1939 па 1941, СССР і фашысцкая Нямеччына былі САЮЗНІКАМІ. Савецкая, а таксама сённяшняя беларуская і расійская гістарыяграфія ўсяляк замоўчвала і замоўчвае гэты факт.

А вось Лукашэнка лічыць, што прыйшоў час перастаць саромецца. У выніку атрымліваецца парадокс. Ідэю аднаўлення гістарычнай памяці пра нацысцкі генацыд і ідэю вызвалення Заходняй Беларусі ў саюзе з гэтымі самымі нацыстамі, якія якраз і ўчынілі гэты генацыд праз два гады, спрабуюць сумясціць. Атрымліваецца дзіўны сімбіёз.

Гэты парадокс сітуацыі тым большы, што свята народнага адзінства адбываецца ў момант найбольшага ў найноўшай гісторыі Беларусі грамадскага расколу. Таму паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасцю існуе сапраўдная прорва.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: