Лукашэнка пра каронавірус: «Самае страшнае, каб пад гэты шумок нас не прыбралі»

Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня ўзяў удзел у цырымоніі, прысвечанай гадавіне пачатку Вялікай айчыннай вайны — нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз у 1941 годзе ў працяг Другой сусветнай вайны. Урачыстасць пачалася ў Брэсцкай крэпасці ў 4 раніцы, паведамляе «Свабода».

Аляксандр Лукашэнка выступае ў Брэсцкай крэпасці, 22 чэрвеня

Аляксандр Лукашэнка выступае ў Брэсцкай крэпасці, 22 чэрвеня

У прамове Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, сярод іншага заявіў:

«На жаль, не ўсе грамадзяне гэтых цяпер ужо незалежных дзяржаваў (былога СССР. — рэд.) бачаць сябе нашчадкамі той гераічнай гісторыі. Вельмі шкада. У нашчадкаў здраднікаў свая праўда і свая перамога, якую яны сёння мерацца атрымаць перш за ўсё на ідэалагічным фронце. Тым, якія прайгралі, і зрынутым патрэбны рэванш (каму менавіта, не ўдакладняў. — рэд.). Іхныя ініцыятывы ўжо сталі часткаю дзяржаўнай палітыкі асобных краінаў. Але я глыбока перакананы, што народная памяць пераможа і ў нашы дні».

«Мы бачым, як нават у тых краінах, дзе Дзень Перамогі забаронены (“Свабодзе” не ўдалося знайсці такія краіны. — рэд.), людзі нясуць кветкі да помнікаў савецкім ваярам і бясстрашна працягваюць адзначаць гэтае свята. Бо памяць пра герояў, якія выратавалі многія краіны ад рабства і генацыду, — гэта тое, што ляжыць у аснове нацыянальнага гонару ўсіх, хто з’яўляецца і лічыць сябе нашчадкамі пераможцаў, Перамогі».

«Як толькі мы гэта (падзеі Другой сусветнай вайны. — рэд.) забудзем, мы зноў акунемся ў хаос, раздрай, дэстабілізуем краіну, мы народзім новую вайну».

«Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што гэтая так званая пандэмія гэтым не скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым (каму, усё ж не сказаў. — рэд.). Будзе ціск сур’ёзны, перш за ўсё эканамічны. Бо ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі...»

«Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю гвалтоўным чынам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды».

Заклікаў не звяртаць увагі на тое, што «нам там падпяваюць»: «“Штосьці не тое робім ... А калі накраў, дык нічога страшнага”. Калі б мы гэтым зладзюгам (якім, не ўдакладніў. — рэд.) за гады сваёй незалежнасці крылы не падрэзалі, мы б сёння пабудавалі алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях».

«Не паддавайцеся на хітрыкі трох-чатырох нейкіх шарлатанаў. Яны будуць выкарыстоўваць усё. І акумулятары, і заводы (прэс-служба Лукашэнкі ўдакладняе, што гаворка пра брэсцкі акумулятарны завод iPower. — рэд.), і іншае. Трэба — знясём дашчэнту гэты ваш “акумулятар”, калі толькі ў ім праблема. Але не ў ім, я ж гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесці. Памятайце, што гэтага рабіць нельга».

«Не напружвайцеся. Нас і так напружылі з гэтым каронапсіхозам. Але самае страшнае для нас, каб пад гэты шумок нас не прыбралі. Вось гэта для нас галоўнае».

www.svaboda.org