Маці палітвязня Аляксея Галаўко: Цяпер — вельмі зручны час, каб ізаляваць усіх «недабранадзейных»

Двойчы на тыдзень Алена Галаўко, маці палітвязня Аляксея Галаўко, ездзіць з Брэста ў Мінск, каб зрабіць сыну перадачу ў СІЗА на Валадарскага. Першае ўражанне ад Алены — лёгкасць, хоць сітуацыю, у якой яна і яе сям’я жыве ўжо паўгода, лёгкай не назавеш. Але гэтая ўсмешлівая, вытанчаная жанчына з яснымі вачыма, здаецца, навучылася знаходзіць раўнавагу і перамагаць стрэс. 

dsc02543_logo.jpg


А яшчэ яна дакладна ведае, што ўсё зменіцца. Гэта надае ёй сіл, каб чакаць сына і падтрымліваць яго за кратамі.


Затрымалі за падзеі 2017 — 2018 гадоў

20-гадовага Аляксея Галаўко затрымалі 5 сакавіка ў Брэсце, калі хлопец выйшаў з кватэры, каб ехаць да бабулі. Пасля гэтага да маці прыйшлі з ператрусам.
— Мне ніхто нічога не казаў, я чатыры дні яго шукала, але адразу здагадалася, што яго затрымалі, бо пачала званіць, і ён не здымаў тэлефон, — успамінае маці палітвязня Алена.

dsc02351_logo.jpg


Нарэшце яна знайшла сына ў брэсцкім СІЗА. Калі на наступны дзень адвакат паспрабаваў трапіць да Аляксея, яму паведамілі, што затрыманага перавезлі ў Мінск. Пяць дзён яго пратрымалі на Акрэсціна, а пасля перавялі ў СІЗА на Валадарскага, дзе ён знаходзіцца і цяпер.
Хлопца схапілі напярэдадні вялікіх выхадных — Алена мяркуе, што гэта было зроблена наўмысна, каб родныя як мага болей не ведалі, дзе ён. Маці зняволенага адзначае, што затрыманне і наступнае ўтрыманне яе сына пад вартай суправаджалася парушэннем беларускага і міжнароднага права. Аляксей не мог паведаміць родным пра сваё становішча і быў адрэзаны ад кантактаў са знешнім светам. У міжнародным праве такая практыка называецца інкамунікада і прызнаецца катаваннем. Алена перакананая, што затрыманне яе сына было самым сапраўдным гвалтоўным знікненнем, якое міжнароднае права прызнае злачынствам супраць чалавечнасці і катэгарычна забараняе. І хоць па факце Аляксея Галаўко затрымалі 5 сакавіка ў Брэсце, на скаргі Алены са Следчага камітэта прыходзілі адказы, што ён быў затрыманы 6 сакавіка ў Мінску.
Па словах маці, афіцыйна Лёшу затрымалі нібыта па эпізодах 2017-2018 гадоў, звязаных з акцыямі анархістаў у Брэсце.
— У 2017-м у Брэсце быў вялікі марш супраць дэкрэта «аб дармаедах», тады ўсіх палітыкаў затрымалі, і на чале калоны аказаліся хлопцы-анархісты. А падчас другога эпізода некалькі чалавек перакрылі адну паласу трасы М1 каля Кобрына, гэта было звязана з пратэстам супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, — распавядае Алена.
Жанчына дадае, што наогул не ведае, ці падзяляе яе сын анархісцкія погляды. Ён заўсёды быў вельмі камунікабельны, у яго мноства сяброў і знаёмых, сярод якіх, верагодна, былі і анархісты.
Аляксея абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах: 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч.2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі). Па гэтай справе праходзяць яшчэ 5 чалавек, усіх іх затрымалі 3 сакавіка. Хлопцам пагражае да сямі гадоў зняволення. Пра ход справы нічога невядома — яна засакрэчаная, адвакаты пад падпіскай аб неразгалошванні. Алена ведае толькі тое, што сын не даваў ніякіх паказанняў і што ніякіх следчых дзеянняў з яго ўдзелам не праводзяць.

Любіць машыны, грае на барабанах і гітары, гатуе фалафель

У школе Лёша Галаўко вучыўся не вельмі добра, але не таму, што не хацеў нешта вучыць, а таму што меў сваё меркаванне на тое, якім павінен быць адукацыйны працэс. Пасля дзявятага класа хлопец паступіў у політэхнічны каледж і адвучыўся па спецыяльнасці «металарэжучыя станкі». У войска яго не ўзялі па стане здароўя. Пасля каледжу разам з сябрам Аляксей паступіў у політэхнічны ўніверсітэт і паспеў здаць адну сесію, а за месяц да затрымання ўладкаваўся на працу.

photo5305759459836016727.jpg


Апроч гэтага хлопец скончыў музычную школу, граў на акардэоне, але пасля заканчэння вучобы аддаў інструмент стрыечнай сястры. Яшчэ дома ёсць два невялікія барабаны, адзін з іх бацькі прывезлі яму з Катманду. Часам Аляксей граў на іх, а таксама на гітары. Маці ўзгадвае, што ў музычнай школе хлопцу хутка стала сумна, і ён пачаў прагульваць заняткі. У той жа час ён граў на барабанах у ансамблі. Так і скончыў музычную школу — з дрэннымі адзнакамі і з падзякай за ўдзел у ансамблі.
— У гэтым — увесь Лёша, ён розны, — адзначае Алена.
Апошняя вялікая любоў хлопца — машыны. Ён любіць прападаць з сябрамі ў гаражы і круціць аўтамабілі. Правы Лёша атрымаў у 18 гадоў, яму падабаецца ездзіць за рулём.
Ён заўсёды быў добрым і ўсім дапамагаў у любы час сутак, мог знайсці агульную мову з любымі людзьмі. Аднойчы яго аднакласніцы не было дзе жыць, і ён папрасіў у бацькоў дазволу, каб дзяўчына пажыла ў іх. Ён аддаў ёй свой ложак, а сам спаў на падлозе.

photo1630682663.jpeg


Сябры цэняць Лёшу не толькі за тое, што ён можа пра ўсё пагаварыць, а яшчэ і за тое, што ўмее выслухаць. А яшчэ блізкія кажуць, што ў Лёшы — своеасаблівы саркастычны гумар. Неяк Алена даслала яму Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, каб сын заявіў на судзе, якія пункты міжнароднага права былі парушаныя ў дачыненні да яго. На што Аляксей адказаў, маўляў, некалькі разоў прачытаў і пасмяяўся, бо ўсё, што звязана з правамі чалавека ў Беларусі, выклікае цяпер толькі смех.
— А яшчэ Лёша гатуе фалафель, гэта цэлы рытуал. Ён тэлефануе нейкім людзям, яны прыходзяць і за размовамі пачынаюць наразаць, закручваць, падсмажваць... Калі нехта не змог прыйсці — гэта самы няўдалы чалавек, — смяецца Алена.
Дарэчы, апошнія гадоў пяць, пакуль не трапіў у турму, хлопец быў вегетарыянцам. Цяпер, праўда, маці перадае яму мяса.

Напісаў пасланне кату і захапіўся водарам саляркі ў лісце

Аляксея затрымлівалі яшчэ мінулай восенню, калі расследавалі справу аб «масавых беспарадках» у Брэсце. Тады ў хаце таксама быў ператрус, на хлопца надзелі кайданкі і забралі. Але паз тры гадзіны адпусцілі, а праз некалькі месяцаў прыйшла папера, што Аляксей не з’яўляецца падазраваным.
— Таму мы крыху расслабіліся. Хаця, напэўна, ужо тады трэба было задумацца аб тым, каб пераязджаць у іншую краіну, — зазначае Алена Галаўко.
На яе думку, цяпер — вельмі зручны час, каб ізаляваць усіх «недабранадзейных». Жанчына мяркуе, што суд па справе яе сына будзе закрытым — проста таму, што там нічога няма.

dsc02446_logo.jpg


Цягам апошніх двух тыдняў ні ад Аляксея, ні ад іншых хлопцаў, якія праходзяць па яго справе, няма лістоў. Родныя мяркуюць, што гэта адмысловая інфармацыйная блакада. Ні разу за паўгода блізкім не дазволілі спатканне з Аляксеем — кажуць, «няма падставаў».
Яшчэ ў першы месяц пасля затрымання Лёша ў асобным канверце даслаў ліст свайму ўлюбёнцу — кату Міхаілу. У лісце ён пісаў, што пакуль з’ехаў і не можа кантраляваць здаровы сон свайго гадаванца, але дазваляе яму спаць у сваім пакоі і чытаць свае кнігі, а таксама нагадвае, каб той бярог здароўе і быў асцярожным.
— Да мяне лісты больш сухія часцей за ўсё, — усміхаецца Алена.

dsc02305_logo.jpg


На здароўе маці ён не скардзіўся, тое-сёе праскоквала ў лістах да сяброў, напрыклад, пра праблемы са страўнікам. Але неяк напісаў Алене, што пачынаюцца праблемы з зубамі. Сябрам наракаў на дрэнны сон, галаўныя болі, таксама часамі на дэпрэсіўны стан. Неяк напісаў, што тыдзень усёй камерай дэпрэсавалі, нават лісты нікому не пісалі. Потым прайшло. А яшчэ, калі пачынае халадаць, у вязня з’яўляюцца праблемы з дыханнем.
— Лёша перапісваецца з сябрам, Данікам. Яны разам у гаражах прападалі і машыны круцілі. І Данік яму на ліст капнуў саляркі. Аляксей захапляўся водарам. А якраз перад гэтым я чытала ў групе «Лісты салідарнасці» пра тое, як людзі парфумай араматызуюць лісты і дасылаюць, таму пасмяялася з гэтага выпадку, — узгадвае Алена. — А так заўсёды піша, што нічога не здараецца. Займацца асабліва няма чым. Кніг прыносяць ім няшмат. Тэлевізар — з расійскімі серыяламі пра турму і беларускімі «навінамі». Судоку, часопісы. П'юць гарбату бясконца. «Лазня» адзін раз на тыдзень. І адзін раз на тыдзень выдаюць аднаразовыя станкі для галення. Кажа, што калі выйдзе, то сыйдзе на тыдзень у лес, бо хочацца пабыць аднаму.
Аляксею Галаўко таксама прыходзіў ліст з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні. На што хлопец адрэагаваў так: «Ну, прыходзіў ліст. І што? Пісаць, каб мяне памілавалі за тое, чаго я не рабіў?».
Алена кажа, што самая цяжкае для сына ў няволі — адчуванне свайго бяссілля, калі ты не можаш паўплываць на сітуацыю. Але яму дапамагае трымацца яго гумар і сарказм.

«Ніякіх святкаванняў не планую да Лёшавага вызвалення»


Алена, як і Аляксей, вегетарыянка, а яшчэ займаецца ёгай і медытуе. Гэта і дапамагае ёй спраўляцца са стрэсам і ўтрымліваць раўнавагу.
— Для мяне як для ёга першыя месяцы пасля затрымання сына сталі выпрабаваннем: як усе свае веды прымяніць у такой стрэсавай сітуацыі. Я ведаю, што трэба рабіць, і гэтыя практыкі насамрэч працуюць, але сітуацыя цябе проста выбівае, — прызнаецца жанчына.
Але з часам ёй удалося навучыцца не паглыбляцца ў стрэс, а проста назіраць за сітуацыяй нібыта звонку. Гэтак сама, як і не ўпадаць у эйфарыю — у гэтым і заключаецца раўнавага. Алена дзеліцца адным са спосабаў прывесці свой стан да спакойнага:
— Калі вы нервуецеся, вы пачынаеце дыхаць няроўна. Калі ў гэты час усю сваю ўвагу накіраваць на дыханне і пачаць дыхаць глыбока, роўна і спакойна, вы заўважыце, што вашыя думкі становяцца іншымі і агулам стан робіцца больш спакойным.
Раніцай і ўвечары Алена раіць рабіць медытацыю — гэта дапамагае зняць плынь уражанняў ад жыццёвых падзей, у якой мы ўвесь час знаходзімся. А яшчэ жанчыне дае энергію магчымасць падтрымліваць кагосьці, бо яна перакананая: шчасце — гэта даваць нешта іншым.
Пасля затрымання сына з жыцця Алены Галаўко зніклі амаль усе віды адпачынку і забаў. Для таго, каб расслабіцца, жанчына пакінула толькі пешыя прагулкі па лесе, заняткі ёгай і чытанне кніг.
— Ніякіх падарожжаў, канцэртаў, тэатраў, святкаванняў не планую да Лёшавага вызвалення, — гаворыць маці вязня. — Гэта не ад нейкага негатыўнага погляду, а проста я вырашыла дадаць трошкі аскезы. Ведаеце, у СІЗА з садавіны можна перадаваць толькі апельсіны, лімоны, яблыкі грушы, мандарыны. І я ўсё лета, акрамя гэтага, дадому нічога больш не купляла. Бо калі Лёша не можа чагосьці сабе дазволіць, то і я не буду. Калі гэта будзе сем гадоў — значыць, сем.
Алена тлумачыць: для яе гэта і своеасаблівы пратэст, і адзін са спосабаў не растрачваць энергію, якую можна выдаткаваць на іншыя рэчы.
— Выпрабаванні — таксама частка жыцця. Чалавеку даецца роўна тое, што яму неабходна і што ён можа вытрымаць. Таму я думаю, што мы пройдзем праз гэта. Трэба пераадольваць свой страх, пераставаць думаць толькі пра ўласны дабрабыт, працягваць рабіць тое, што ў нашых сілах, нават калі здаецца, што ад нас нічога не залежыць. Мы ўсе ўплываем адзін на аднаго і адказваем адзін за аднаго. Я веру ў законы гэтага свету. Калі робіцца нейкае дзеянне — будуць і вынікі.
Таксама хачу падзякаваць усім, хто падтрымлівае нас у гэты складаны час і пажадаць усім палітвязням хутчэй выйсці на волю.

dsc02398_logo.jpg


Вы можаце падтрымаць Аляксея лістом ці паштоўкай: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Аляксей Ігаравіч Галаўко.
Фота Яны Трусіла і з сямейнага архіва Алены Галаўко