Майстэрства шаблону

Дваццаць гадоў таму, у 1989 годзе, у Мінску адбыўся першы Чарнобыльскі шлях. Акцыя мела ярка акрэслены пасыл — пратэст супраць палітыкі ўладаў замоўчвання наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. У першай палове 1990-х гадоў 26 красавіка на вуліцы Мінска выходзілі тысячы людзей. Праз два дзесяцігоддзі Чарнобыльскі шлях — гэта сумесь жалобы, памінання і пратэсту, аформленая ў традыцыйнае шэсце з кароткім мітынгам-набажэнствам. Колькасць удзельнікаў скарацілася ў разы, на акцыю ходзяць прыхільнікі каляапазіцыйных колаў.



559cb990c9dffd8675f6bc2186971dc2.jpg

Дваццаць гадоў таму, у 1989 годзе, у Мінску адбыўся першы Чарнобыльскі шлях. Акцыя мела ярка акрэслены пасыл — пратэст супраць палітыкі ўладаў замоўчвання наступстваў выбуху на Чарнобыльскай АЭС. У першай палове 1990-х гадоў 26 красавіка на вуліцы Мінска выходзілі тысячы людзей. Праз два дзесяцігоддзі Чарнобыльскі шлях — гэта сумесь жалобы, памінання і пратэсту, аформленая ў традыцыйнае шэсце з кароткім мітынгам-набажэнствам. Колькасць удзельнікаў скарацілася ў разы, на акцыю ходзяць прыхільнікі каляапазіцыйных колаў. Для непалітызаваных грамадзян Шлях даўно ператварыўся ў «акцыю, якую штогод ладзіць апазіцыя». І не больш за тое.
За дваццаць год вырасла новае пакаленне беларусаў, для якіх Чарнобыльская трагедыя з катэгорыі Вялікай Айчыннай — ну, было, але не са мною, даўно, і ўвогуле ўжо не актуальна. Палітызаванасць, закасцянеласць формы правядзення Шляху і старанная шматгадовая дзяржаўная прапаганда на тэму адраджэння забруджаных тэрыторый зрабілі сваю справу — з акцыі насамрэч масавай і рэзананснай Чарнобыльскі шлях ператварыўся ў нічым не адметнае вулічнае шэсце ў шэрагу іншых апазіцыйных.
Каб знайсці дзесяць адрозненняў паміж традыцыйнымі Дзядамі, Днём Волі і Чарнобыльскім шляхам трэба добра напружыцца. Адны і тыя ж прамовы, выступоўцы, маршрут — у бок Бангалору. Гэтаму можна знайсці прычыны, калі пакапацца ў выніках сацыялагічных даследаванняў — пратэстныя настроі апошніх гадоў мінімальныя, дабрабыт грамадзян паціху рос, а памяць сцірала жахлівыя вобразы трагедыі.
Але актуальнасць праблемы з гадамі не паменшылася — хіба анкалагічны цэнтр у Бараўлянах пустуе, хіба адселеныя вёскі пад ціскам прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў завіравалі жыццём? Улада сцвярджае, што праблема амаль вырашана, і, магчыма, не так далёка той дзень, калі ў краіне паўстане свая АЭС. І тут узнікае пытанне: калі апазіцыя, якая штогод ладзіць Чарнобыльскі шлях, лічыць гэтую тэму злабадзённай, то дзе акцыі шырокага інфармавання насельніцтва, дзе эфектыўныя механізмы працы з грамадскай думкай? І не трэба спасылацца на абмежаваны доступ да СМІ і рэпрэсіі. З зайздросным пастаянствам палітыкі заяўляюць, што «ідуць у народ», толькі вынікаў гэтых паходаў не бачна.
Неяк на форуме аднаго СМІ чытачка абуралася фотаздымкамі хворых дзетак з анкалагічнага цэнтру, маўляў неэтычна выносіць на публіку гора, гэта тэма толькі для «сваіх». Нашы палітыкі часам нагадваюць мне тую чытачку: абмеркавалі ў соты раз у вузкіх колах і разышліся сабой задаволеныя, а праблема засталася. І новыя людзі пра яе не даведаліся. Цяжка дайсці да рэгіёнаў, яшчэ цяжэй арганізаваць там людзей.
Але ў сталіцы праблема камунікацыі куды меншая: інтэрнэтам карыстаецца пераважная большасць сацыяльна актыўных грамадзян. Што ім сёлета прапанавалі бонзы палітыкі? Традыцыйна прызначылі час і месца, паабяцаўшы «сюрпрызы». Але ніхто даўно не чакае ад апазіцыі «сюрпрызаў», а інфармацыйная падрыхтоўка да акцыі ў выглядзе парачкі прэс-канферэнцый нават не выклікае жадання рабіць нейкія ацэнкі. У выніку ўсё адбудзецца па старому сцэнару, пасля чаго арганізатары адрапартуюць пра «паспяхова» праведзеную акцыю. А праз паўгады-год дадуць некалькі прэс-канферэнцый з гэтай нагоды і зладзяць яшчэ адзін клон Чарнобыльскага шляху ці Дня Волі. Назва не мае значэння, бо змест будзе адзін і той жа.
Народу патрэбны хлеб і відовішчы — старая і збітая ісціна. Хлеб надзённы апошнія гады беларусы мелі, відовішчы ж ім забяспечвала дзяржава ў выглядзе размаітых народных гулянак. Далёка не інтэлектуальных і без глыбокага філасофскага падтэксту, затое весела і з размахам. Кіраўніцтва ж апазіцыйных партый наіўна думае, што людзі ходзяць паслухаць іх стандартныя прамовы, а займальна і цікава — гэта не ў іх кампетэнцыі. Нават калі б так і было, то нямногія пачулі б, бо манера выступаць з кепскай гукаўзмацняльнай апаратурай ужо стала завядзёнкай. Насамрэч людзі даўно ідуць не на акцыю, а «патусавацца» са знаёмымі. Хто неабыякавы да пачуцця калектывізму — прыходзіць, каб адчуць сябе не адзінокім у сваіх поглядах-прыхільнасцях. Толькі выніку з гэтых «тусовак» і адчуванняў не шмат.