Мікіта Салавей: Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў для спыненне вар'яцтва, які дзеецца з ковідам?

«Мяне не здзіўляе пазіцыя чыноўнікаў Мінздароўя... Мяне здзіўляе пазіцыя вельмі многіх маіх калегаў». Доктар-інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук Мікіта Салавей на сваёй старонцы ў фэйсбуку пракаментаваў новую ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя наконт адмены масачнага рэжыму.

Мікіта Салавей быў дацэнтам кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, галоўным пазаштатным інфекцыяністам Мінску.

Мікіта Салавей быў дацэнтам кафедры інфекцыйных хваробаў БДМУ, галоўным пазаштатным інфекцыяністам Мінску.

— Патлумачу чалавечай мовай. Падчас пандэміі COVID-19 — яшчэ, хутчэй за ўсё, нават не на піку захворвання, калі паліклінікі і стацыянары устаноў аховы здароўя ўсіх рэгіёнаў краіны захлынаюцца ад пацыентаў c COVID-19, недахопу кіслароду, лекавых сродкаў…, калі прыпынена аказанне дапамогі пацыентам практычна з усёй планавай паталогіяй, калі многіх пацыентаў нават з вострымі захворваннямі лекары вымушаныя адпраўляць лячыцца дадому, таму што фізічна няма куды шпіталізаваць, не падвяргаючы рызыцы інфікавацца яшчэ і ковідам, — адмяняецца абавязковы масачны рэжым у месцах масавага збору людзей. Напрыклад, у метрапалітэне ў гадзіну пік, у крамах, гандлёвых цэнтрах і гэтак далей.

Мяне не здзіўляе пазіцыя чыноўнікаў Мінздароўя... Службовым асобам у недалёкай будучыні за гэта яшчэ давядзецца адказаць перад законам і беларускім народам. Прэцэдэнт Бразіліі вам у дапамогу.

Мяне здзіўляе пазіцыя вельмі многіх маіх калегаў. Няўжо ў санітарна-эпідэміялагічнай службе, інфекцыйнай службе, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі, іншых галінах, сярод штатных і пазаштатных спецыялістаў не засталося сапраўдных лекараў, для якіх здароўе і дабрабыт уласнага народа значна важнейшыя, чым імгненны дабрабыт купкі чыноўнікаў? Колькі яшчэ трэба сотняў смерцяў пацыентаў у дзень, каб вы дасталі свае языкі з аднаго месца і нарэшце пачалі рабіць усё магчымае для спыненне вар'яцтва, якое дзеецца з ковідам? У тым ліку ўплываючы на ключавыя рашэнні па прадухіленні далейшага распаўсюджвання пандэміі. Напэўна, гэта рытарычнае пытанне. Але можа хоць нехта яшчэ зможа задумацца...

Дарагія пацыенты! Медыкі не панікуюць. Яны з апошніх сіл, аказваючы дапамогу ў хаце, у паліклініках і стацыянарах, робяць усё магчымае, каб вы выйшлі з катастрофы з COVID-19 з мінімальнымі стратамі. На жаль, не ўсё залежыць ад нас саміх. Я яшчэ раз заклікаю як мага хутчэй вакцыянавацца ўсіх, хто гэтага яшчэ не зрабіў, выкарыстоўваць маскі хоць бы ў транспарце і месцах масавага збору людзей, адмяніць неабавязковыя падыходы ў крамы, гандлёвыя цэнтры, на забаўляльныя мерапрыемствы, клапаціцца не толькі пра сябе, але пра людзей побач з вамі, якія часцяком могуць быць больш уразлівыя, чым мы. Толькі разам мы зможам справіцца!