«Мяне прадалі, як барана». Вызвалены з рабства беларус абвяргае версію МУС

«Каўказскі палонны» Андрэй Купрэенка настойвае, што правёў 14 гадоў у рабстве.

kuprejenka_0709.jpg

Мужчына абвяргае версію МУС Беларусі, якое, у сваю чаргу, учора абвергла словы валанцёраў. У МУС заявілі, што Купрэенка быў у вышуку да 2018 года, калі яго знайшлі, і ён пісьмова пацвердзіў, што не быў ахвярай супрацьпраўных дзеянняў. А ў 2019-м Купрэенка нават прыязджаў у Беларусь, каб аформіць новы пашпарт.

У каментары «Комсомольской правде» Купрэенка распавёў, што ў 2007-м годзе выпіваў у Маскве з незнаёмымі людзьмі. Заснуў, а прачнуўся ўжо ў Дагестане без грошай і дакументаў. Кіроўца паведаміў яму, што яго прадалі за 8 тысяч расійскіх рублёў — працаваць на цагляны завод. «То-бок мяне прадалі, як барана», — кажа мужчына.

Былі ў яго праблемы і з іншымі «працадаўцамі»: хацеў сысці — не адпусцілі, спрабаваў збегчы — злавілі.

«Я быў у рабстве ўсе гэтыя гады, бо нічога не атрымліваў за сваю працу, за рэдкім выключэннем», — дадае мужчына, які знайшоўся праз 14 гадоў пасля знікнення.
Паводле «Еўрарадыё».