Моладзевыя арганізацыі Беларусі патрабуюць вызвалення графіцістаў

Прадстаўнікі беларускіх моладзевых арганізацый “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”, “Маладая Беларусь”, “Маладыя дэмакраты”, “Альтэрнатыва” патрабуюць вызвалення маладых людзей, якім пагражае крымінальная адказнасць за графіці “Беларусь мае быць беларускай”.



1439797018_lagatyp.jpg

Адпаведную заяву падпісалі Марына Хоміч, Артур Фінкевіч, Алёна Луцковіч і Алег Корбан.

“То, што робіць улада — абсалютнае бясчынства. Сёння з нашай маўклівай згоды жорстка забіваюць маладых людзей, кідаюць у турмы. У той час, калі ў Беларусі працуюць шматлікія прарасійскія арганізацыя, у краіне квітнее фашызм”, — гаворыцца ў заяве.

 “Графіці і стрыт-арт сёння вельмі распаўсюджаныя ў Беларусі, але мы не бачым масавых затрыманняў, акрамя гэтага. Інцыдэнт з маладымі хлопцамі паказвае, што ўладам патрэбныя новыя палітзняволеныя напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі”, — адзначаюць моладзевыя лідары.

Яны заклікаюць усіх грамадзянаў Беларусі не быць абыякавымі да агульнай праблемы і падтрымаць маладых людзей (Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага, В. (імя прасіў не называць), Яраслава Ульяненкава і грамадзяніна Расіі Паўла), якім сёння пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Напрыклад, можна перадаць перадачу Максіму Пякарскаму ў ізалятар часовага ўтрымання, па адрэсе Акрэсціна 36,а. 

“Мы звяртаемся да усіх кандыдатаў — патрабуйце вызвалення маладых людзей! Памятайце, што заўтра на іх месцы можаце апынуцца вы!” — падкрэсліваецца ў заяве. 

bchd.info