МПЗ «адклікала» падатак на дапамогу ахвярам Халакоста

Большасць беларускіх СМІ пісала пра тое, што беларускае МПЗ прыдумала чарговы цуд. Выжылыя ахвяры Халакосту, 90-гадовыя габрэі атрымалі паперкі з інспекцый, у якіх ім прапанавалі заплаціць падатак з кошту дабрачынных паслуг, якія прадастаўляюць ім «Хэсэль». Гэтая кампанія з'яўляецца рэгіянальным аддзяленнем амерыканскай арганізацыі «Джойнта», якая дапамагае габрэям.

Фота: "Коммерсант"

Фота: "Коммерсант"

У Мазырскім «Хэсэль», кліентам якога даслалі паведамлення, ад каментароў адмаўляліся. Маўляў, мы вырашаем гэтую праблему, і спадзяемся, што ўсё будзе добра. Пазней МПЗ апублікавала ў сябе на сайце доўгае тлумачэнне «Аб электронных сертыфікатах падатковага рэзідэнцтва», з якога асабліва нічога не зразумела. Але ў галаўным офісе «Хэсэль-Рахамім» у Мінску Святлана Маршак нас парадавала: падатак плаціць не трэба:
«Нам даслалі тлумачэнне, што кліенты, якія атрымліваюць праграму «хатні догляд» падатак плаціць ужо не будуць. Гэтая паслуга каштуе даражэй за ўсё, і яна вызваляецца ад падатку. Праграма ўключае ў сябе зарплату патранатнага работніка, з якой ужо выплачваецца падаходны падатак. Гэта нас вельмі парадавала, бо без паслугі нельга абысціся. Наконт атрымання сродкаў асабістай гігіены і карыстання праграмай SOS, калі аказваецца дапамога ў куплі пральнай машыны або газавай пліты, падатак, тэарэтычна, будзе налічвацца, але ёсць магчымасць, што ў індывідуальным парадку чалавек зможа вызваліцца ад гэтай выплаты — яму дапамогуць альбо блізкія, альбо валанцёры».
Па словах Святланы Маршак, у «Хэсэль» ёсць таксама праграма дапамогі для куплі прадуктаў. Пад яе чалавеку адкрываюць банкаўскую карту ў «Беларусбанку» і пералічваюць грошы без абкладання падаткам. Калі ж прадукты прыносяць чалавеку, які мае патрэбу ў дапамозе, на дом, за гэта трэба плаціць падатак. Аднак арганізацыя ўжо перавяла большасць сваіх кліентаў «на карткі».
Паводле euroradio.fm