Музей Азгура: запаведнік злачынстваў камунізма ці музей гісторыі беларускай скульптуры?

Мы жывём у краіне, дзе на афіцыйным узроўні ажыццяўляецца працэс рэалізацыі далейшага існавання БССР. Нездарма Беларусь называюць запаведнікам былога Савецкага Саюза — такая сістэма працягвае існаваць ва ўсіх сферах жыцця: у дзяржаўнай сімволіцы, святах, назвах вуліц, афіцыйнай ідэалогіі, эканоміцы, дзяржаўным кіраванні і нават у стаўленні да іншадумства.

memorial_museum_workshop_of_zair_isakavic_azhur.jpg


Савецкі ўплыў у Беларусі не абмінуў і сферу мастацтва. Найбольш яскравыя прыклады — існаванне савецкіх інстытуцый накшталт «Саюза мастакоў Беларусі», залучэнне мастацкага сектара ў сістэму дзяржаўнай ідэалогіі, захаванне помнікаў савецкай агітацыйна-прапагандысцкай сістэмы. У гэтым матэрыяле мы разгледзім дзейнасць такога сабе захавальніка савецкага мастацтва, як Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.
Музей быў створаны на базе майстэрні савецкага скульптара-манументаліста і выкладчыка Заіра Азгура (1908–1995), дзейнасць якога прыпадала на ўвесь перыяд існавання СССР. За гэты час ім быў створаны шэраг скульптурных кампазіцый, частка якіх захоўваецца ў музеі. Абазнанага ў гістарычных рэаліях наведвальніка музея яго інтэр’ер можа непрыемна ўразіць: у вочы кідаюцца помнікі тагачасным савецкім кіраўнікам, якія актыўна ажыццяўлялі палітычны і класавы тэрор, этнічныя чысткі і нават генацыд. У першую чаргу, размова ідзе пра Уладзіміра Леніна, Іосіфа Сталіна — бюсты з іх выявамі у розных фарматах шырока прадстаўлены ў калекцыі музея. Не абышлося і без прысутнасці сярод музейных экспанатаў ідэолагаў Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса — ідэйных натхняльнікаў вышэйзгаданых асоб. Агулам у музеі толькі помнікаў Леніну — каля дваццаці аднаго, Сталіна — чатыры.

Фота: Культпрасвет
На вышэйшым палітычным узроўні вы не пачуеце асуджэння сталінскіх рэпрэсій. Здаецца, для гэтых людзей развал СССР — найбуйнешая катастрофа мінулага стагоддзя. Але і на грамадскім узроўні мы не надта чуем крытыку ці асуджэнне помнікаў камуністычных злачынцаў у музеі Азгура. На гэта ёсць дзве асноўныя прычыны. У нашай краіне не вельмі высокі адсотак людзей усведамляе сапраўдную сутнасць асоб савецкага мінулага, Сталіна і Леніна ў прыватнасці. У асноўным людзі таксама схільныя падзяляць творчасць і палітыку, гісторыю і помнікі мастацтва.
Наконт першага пункта ёсць цалкам рацыянальнае тлумачэнне: як мы ўжо гаварылі, на дзяржаўным узроўні тэма рэпрэсій замоўчваецца, у школьных ці ўніверсітэцкіх падручніках пра гэты перыяд напісана вельмі мала, архівы КДБ практычна не даюць доступу да інфармацыі пра колькасць ахвяр асобных спраў, ды і асаблівым попытам грамадства праблема савецкіх рэпрэсій не карыстаецца. Але непапулярнасць тэмы не азначае адсутнасць: паводле меркаванняў экспертаў, колькасць ахвяр палітычных рэпрэсій у Савецкай Беларусі ў перыяд з 1917 па 1953 гады вар’іруецца ад 600 тысяч да 1,5 мільёна чалавек, да расстрэлу прысуджаныя больш за 350 тысяч чалавек. Агулам, з улікам тагачаснай колькасці насельніцтва, рэпрэсаваны быў кожны дзясяты жыхар — савецкі палітычны тэрор закрануў амаль кожную беларускую сям’ю. Паводле звестак, у 1930-я гг. было знішчана больш за 90% інтэлігенцыі, у гэтую лічбу таксама ўваходзяць прадстаўнікі мастацкай сферы.


Другі момант: у нашым грамадстве незалежна ад таго, якіх палітычных альбо гістарычных поглядаў прытрымліваюцца людзі, ёсць схільнасць размяжоўваць мастацтва і палітыку ці гісторыю — першае намагаюцца выносіць за рамкі другога і трэцяга. Некаторыя вызначаюць для сябе першасным мастацкі прафесіяналізм, прафесійную каштоўнасць — з пункту гледжання скульптуры. Сапраўды, наўрад ці ў кагосьці, гледзячы на створаныя Азгурам працы, узнікнуць пытанні да прафесіяналізму мастака. Тым больш, скульптуры савецкіх правадыроў не адзіныя працы скульптара. У калекцыі музея таксама шмат работ гістарычных асоб глыбокай мінуўшчыны, замежных. Для астатніх жа гэта пытанне наўпрост не мае ніякага значэння — у першую чаргу, у музеі выдатная акустыка і атмасферны фон. Таму, з пункту гледжання кантэксту і падачы, можа атрымацца малюнак прыгожага канцэрта, івэнта агулам.

Усе гэтыя чыннікі дазваляюць музею быць пляцоўкай для лекцый, канцэртаў, кінапаказаў, выстаў і майстар-класаў.


І тут паўстае пытанне: наколькі этычна ўвогуле праводзіць падобныя мерапрыемствы ў такім мемарыльным музеі? Наколькі такія помнікі варта разглядаць як мастацка-гістарычную каштоўнасць і якая асноўная матывацыя арганізатараў мерапрыемстваў праводзіць іх менавіта сярод помнікаў людзям з, мякка кажучы, не вельмі станоўчай рэпутацыяй?
У нашых паўночных суседзяў — Латвіі і Літве — стаўленне да савецкага мінулага супрацьлеглае нашай краіне. У 1940 годзе СССР анексаваў Латвію, Літву і Эстонію, дзейнічаючы на той момант у фактычнай змове з нацысцкай Нямеччынай, замацаванай пактам Молатава–Рыбентропа. Пасля акупацыі балтыйскіх краін там былі адразу разгорнуты масавыя рэпрэсіі і дэпартацыі. Так, толькі ў адной Літве ў перыяд з 1941 па 1952 (перарвана нацысцкай акупацыяй у 1941–1944 гады) было дэпартавана каля 150 тысяч літоўцаў — каля 6% тагачаснага літоўскага насельніцтва.

Адразу пасля аднаўлення незалежнасці гэтымі краінамі ў 1991 годзе яны не толькі заканадаўча замацавалі факт савецкай акупацыі і рэпрэсій у сваіх краінах, але і дамагліся прызнання гэтага на ўзроўні Еўрасаюза і ЗША. Стаўленне балтыйскіх краін да савецкай акупацыі яскрава адлюстроўваецца на прыкладзе саміх музеяў і іх лакацый — музеі акупацыі Латвіі і Літвы знаходзяцца ў былых будынках КДБ.

Музей акупацыі і барацьбы за свабоду Літвы. Фота з афіцыйнага сайта музея
Каментар ад музея акупацыі і барацьбы за свабоду: «У нашым музеі захоўваюцца карціны, плакаты, барэльефы з выявамі Леніна, Сталіна, Дзяржынскага, савецкай сімволікай і сімволікай КДБ. Іх не вельмі шмат. Мы выкарыстоўваем іх для аднаўлення інтэр'ераў кабінетаў афіцэраў КДБ савецкага перыяду, у экспазіцыях якія распавядаюць пра савецкія рэпрэсіі. У нашых падраздзяленнях ствараецца экспазіцыя "Homo Sovietikus". У Літве савецкія скульптуры захоўваюцца ў парку Грутас».
Парк Грутас (і музей, які знаходзіцца пры ім) імітуе стыль савецкіх лагераў сістэмы ГУЛАГ. У парку выстаўлена вялікая калекцыя манументаў — Сталіну, Леніну, Дзяржынскаму, Марксу. Таксама прысутнічаюць узоры візуальнага прапагандысцкага мастацтва (плакаты, лозунгі і да т. п.), узоры ваеннай і іншай тэхнікі таго перыяду.

Музей акупацыі Латвіі. Фота з афіцыйнай суполкі музея ў Twitter
Украіна. Савецкае мінулае для гэтай краіны — трагедыя, якая забрала мільёны чалавечых жыццяў падчас арганізаванага голаду, рэпрэсій і дэпартацый. Тым не менш, савецкая прапаганда настолькі моцна ўздзейнічала на свядомасць украінцаў, што ўплыў яны пачалі паступова пераадольваць толькі пасля падзей Рэвалюцыі Годнасці, калі па ўсёй краіне пачалі акыўна зносіць скульптурныя кампазіцыі рознай ступені мастацкай каштоўнасці і велічыні. Дарэчы, гэтак жа,  як і ў балтыйскіх краінах, ва Украіне з 2015 года дзейнічае забарона прапаганды нацынал-сацыялістычнай і камуністычнай ідэалогіі і сімволікі.


Савецкае мінулае — адзін з самых трагічных перыядаў у гісторыі Беларусі, які забраў у яе сотні тысяч чалавечых жыццяў і перакрэсліў лёсы мільёнаў людзей, абсалютная большасць з якіх жылі і працавалі на карысць сваёй краіны, сваіх бацькоў і дзяцей. Была вынішчана амаль уся беларуская інтэлігенцыя — цвет беларускай нацыі, які даваў надзею на яе станаўленне і развіццё. Беларусь на доўгія была пагружана ў атмасферу страху і забыцця, наступствы якога мы адчуваем і дагэтуль.


Андрэй Дубінін «Клуб Дзяржынскага, альбо Ноч Паэтаў» (фота: «Наша Ніва»)

Андрэй Дубінін «Клуб Дзяржынскага, альбо Ноч Паэтаў» (фота: «Наша Ніва»)

Вялікая колькасць прадстаўнікоў сферы выяўленчага мастацтва была знішчана ў савецкі перыяд, а ўспаміны пра іх, як і пра іншых ахвяр савецкай рэпрэсіўнай сістэмы, былі амаль цалкам выкрэслены з жыцця і памяці людзей. Настолькі, што пра чалавека вельмі складана знайсці нават нейкую інфармацыю, не кажучы ўжо пра фота і дзейнасць — толькі кароткія біяграфічныя звесткі, крымінальны артыкул, прысуд і рэабілітацыя.
Паралельна з гэтым у Савецкім Саюзе дзейнічала сістэма прапаганды, якая актыўна распаўсюджвалася і праз сферу мастацтва. Асабліва моцна гэта адлюстроўвалася ў перыяд існавання культу асобы Іосіфа Сталіна. Вялізная колькасць карцін, ілюстрацый, помнікаў, архітэктурных аб’ектаў была створана ў перыяд панавання Сталіна дзеля яго ўзвелічэння. Эфект ад такой усеагульнай прапаганды быў настолькі моцны, што адчуваецца і дагэтуль. Шмат хто і цяпер пазітыўна ўспрымае савецкую мінуўшчыну, адмаўляючыся прызнаваць альбо наўпрост нівелюючы існаванне таталітарнай рэпрэсіўнай сістэмы ў СССР.

Фота: «Радыё Свабода»

Фота: «Радыё Свабода»

Мемарыяльны музей Азгура ў гэтым кантэксце — не проста захавальнік гісторыі беларускай скульптуры. Ён таксама захоўвае выявы людзей, дзейнасць якіх не мае належнай ацэнкі і дагэтуль. Не вызначае яе і сам музей. Пры гэтым аўтар ні ў якім разе не намагаецца заклікаць супрацоўнікаў установы да нейкіх дзеянняў альбо рэакцыі — музей мае поўнае права вырашаць, як і што выстаўляць на сваіх экспазіцыях. Адпаведныя высновы павінны рабіць самі гледачы.