На Акрэсціна не аддаюць перадачы затрыманым «нашаніўцам»

Больш за тыдзень «нашаніўцы» знаходзяцца за кратамі, у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Учора, 15 ліпеня, сваякі затрыманых перадалі ім перадачы, супрацоўнікі ІЧУ іх прынялі, але да нашых калег рэчы і прадукты так і не дайшлі, паведамляе тэлеграм-канал «Нашай Нівы».

img_6701_1.jpg

Такім чынам, восьмы дзень яны знаходзяцца ў тым самым адзенні, у якім іх затрымалі, нягледзячы на невыносную спёку, што стаіць гэтымі днямі. У іх няма ні зменнай бялізны, ні элементарных сродкаў гігіены, ні дадатковай ежы і пітва. Куды падзеліся перадачы, якія сваякі куплялі за свае грошы і перадавалі, невядома. Гуманітарныя наборы, якія на Акрэсціна перадае «Чырвоны крыж», затрыманым таксама не даюць. Людзі ў ізалятары спяць на падлозе або на шконках без бялізны і матрасаў. Усё гэта з’яўляецца грубым парушэннем закону і ўнутраных правілаў ІЧУ.
Нагадаем, 8 ліпеня былі затрыманыя галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч (пры затрыманні збіты, у СК прыязджала хуткая дапамога, паколькі была траўма галавы), галоўны рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч. У Скурко — цукровы дыябет, Раковіч менш за месяц таму перанесла складаную аперацыю, за час знаходжання на Акрэсціна стан яе здароўя пагоршыўся. Як паведамлялі ў СК, усе яны праходзяць падазраванымі па ч.1 арт. 342 КК («Падрыхтоўка ці арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх»). Мера ўтрымання не абіралася, абвінавачанне не прад’яўлялася.
Як стала вядома, апошнімі днямі сілавікі апытваюць герояў публікацый «НН», схіляюць іх да прызнанняў, што выданне плаціла ім грошы за інтэрв’ю, за тое, каб яны праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Заяўляем: «Наша Ніва» не з’яўляецца палітычным гульцом, наша задача — праўдзіва асвятляць падзеі ў краіне і свеце, мы ніколі не плацілі героям публікацый, не схілялі іх да праяўлення палітычнай пазіцыі. Нагадаем, Закон «Аб масавых мерапрыемствах» дазваляе журналістам СМІ працаваць на масавых мерапрыемствах, незалежна ад таго, санкцыянаваныя яны ці не. «Нашаніўцы» прызнаныя палітвязнямі.