На «Беларуськаліі» абвясцілі бестэрміновы страйк

На цэнтральнай плошчы Салігорску пачаўся мітынг шахтароў. Тут сабраліся некалькі тысяч чалавек, перадае Радыё Свабода.

Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко

Выступіла прадстаўніца незалежнага прафсаюзу гарнякоў і паведаміла, што ад сённяшняга дня ўсе 6 руднікоў «Беларуськалію» абвясцілі бестэрміновы страйк.
Прадстаўніца незалежнага прафсаюзу кажа, што спісы ўсіх шахтароў, якія не падтрымаюць страйк і працягнуць працу, будуць вывешаныя на рудаўпраўленнях.
Як піша tut.by, вядучы са сцэны сказаў, што пачынаецца «тэрміновы мітынг», і яшчэ раз агучыў патрабаванні да ўлады:
— Адстаўка Лукашэнкі, правядзенне новых выбараў і тэрміновы адкрыты суд над карнікамі і садыстамі.
Гэтыя словы прысутныя прынялі на ўра. Асноўны парадак дня -— сёння супрацоўнікі «Беларуськалія» абвясцілі пра страйк, днём праца ўсіх шахт была спыненая. Цяпер на плошчы прадстаўнікі страйкаму збіраюць подпісы, каб афіцыйна паведаміць кіраўніцтва пра страйк.
Са сцэны былі агучаны шэсць галоўных патрабаванняў шахтароў да ўлады:
— прызнаць выбары несапраўднымі;
— прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы;
— вызваліць усіх палітвязняў, усе прысуды і рашэнні, вынесеныя ім, адмяніць;
— не дапусціць, каб тых, хто страйкуе, прыцягвалі да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці;
— каб банкі не спаганялі працэнты па крэдытах;
— захаваць дзеянне калектыўнай дамовы «Беларуськалія» да заканчэння тэрміну дзеяння.
Да мікрафона па адным падыходзілі шахтары і проста неабыякавыя людзі.
— Я рада бачыць свабодных людзей у свабоднай краіне. Вітаю вас ад імя незалежнага прафсаюзу гарнякоў, — звярнулася да жыхароў Салігорска жанчына. — Мы ўжо апублікавалі сваё рашэнне, мы з народам і ні кроку назад! Сёння прынята рашэнне аб палажэнні на ​​бестэрміновую забастоўку.
І народ адказаў: «Малайцы!» Як прагучала са сцэны, супрацоўнікі «Беларуськалія» будуць прыходзіць на працу як належыць, але працаваць не будуць.
У натоўпе абмяркоўвалі: днём у Салігорск прыязджалі прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка і губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. Людзі чакалі, што яны скажуць на гарадской сцэне, але, як даведаліся шахтары, чыноўнікі да вечара ўжо з'ехалі з Салігорску.
Нагадаем, у пятніцу, 14 жніўня, супрацоўнікі «Беларуськалія» паведамілі: калі не будуць выкананыя іх патрабаванні, яны ў панядзелак, 17 жніўня, спыняюць працу. Яны настойвалі на новых выбарах, вызваленні ўсіх палітвязняў і адстаўцы тых, хто дапусціў гвалт у краіне.
З раніцы ў панядзелак кіраўніцтва заклікала супрацоўнікаў напісаць свае патрабаванні, але не спыняць вытворчасць.
— Іншага выйсця няма! Нас пазбавілі голасу, выбараў, а потым сталі забіваць нашых дзяцей! Наша зарплата — гэта кулі АМАПа! — крычалі супрацоўнікі «Беларуськалія».
Амаль аднагалосна яны прагаласавалі за страйк і пачалі фармаваць страйкамы.
Да вечара адзін з членаў страйкаму паведаміў, што «руда ўжо не ідзе, цалкам спыненая праца на 1-м, 2-м, 3-м і 5-м рудаўпраўленні, яшчэ працягвае працаваць фабрыка».