«На мяне данеслі з універсітэта». Студэнт — пра адлічэнне з БДЭУ за акцыю супраць гвалту

У Беларусі на 64-ты дзень пратэстаў, 12 кастрычніка, сілавікі жорстка разагналі Марш пенсіянераў. На наступны дзень у Мінску прайшлі студэнцкія акцыі супраць гвалту. Студэнты збіраліся каля сваіх універсітэтаў на акцыі салідарнасці.

Акцыя студэнтаў 13 кастрычніка каля 4-га корпуса БДЭУ


27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што студэнты, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, павінны быць адлічаныя з ВНУ. Былы студэнт 3-га курса факультэта міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ 20-гадовы Назар Бязносік распавёў «Вясне», як за сваю грамадзянскую пазіцыю ён страціў навучальнае месца і быў аштрафаваны за сядзячую акцыю супраць гвалту над пенсіянерамі, і якую ролю ў гэтым адыгралі «выкладчыкі» ВНУ.

Назар распавёў, што на тэрыторыі ўніверсітэта на акцыях пратэсту супрацоўнікі міліцыі ніколі не прыязджалі і не здымалі на відэа, гэта робіць адміністрацыя БДЭУ, якая потым перадае відэазапісы і фотаздымкі ў міліцыю: «Нас заўсёды здымаюць прадстаўнікі з адміністрацыі і ўпраўлення выхаваўчай працы. Падыходзяць і здымаюць нашы твары. Нядаўна студэнтку схапілі за руку, трымалі і здымалі на камеру яе твар».

Пры гэтым студэнтам пагражаюць.


«У кадр не трапіў? Мы цябе дарысуем!»

13 кастрычніка студэнты БДЭУ правялі акцыю супраць гвалту над пенсіянерамі каля 4-га корпуса. Як распавядае Назар, іх у той дзень таксама здымалі на камеру прадстаўнікі ўніверсітэта. На наступны дзень хлопца выклікалі на гутарку ў дэканат. Праз некалькі дзён каля 11 студэнтаў былі выкліканыя позвай у РУУС Заводскага раёна з нагоды ўдзелу ў акцыі.

«Мяне ў РУУС апытваў малады чалавек — на выгляд старэйшы за мяне на гадоў пяць. Ён мне не прадставіўся, адразу сказаў, калі я сеў за стол: “Ну што, успамінай!” Калі я спытаў, што мне ўспамінаць, ён адказаў: “Што было 13 кастрычніка”. Потым даў мне каляндар. Я настойваў, што я нічога не памятаю, бо гэта было даўно. Тады ён дастаў тэчку, у якой былі чорна-белыя фатаграфіі. На гэтых фотаздымках быў Марш, за які мяне і выклікалі. Ён мне паказвае фатаграфіі, а ні на адной з іх мяне няма. Калі я яму сказаў, што на гэтых фотаздымках мяне няма, ён, мякка кажучы, здзівіўся. Потым ён пачаў іх сам разглядаць. Тут супрацоўніца міліцыі, якая дапытвала іншую дзяўчыну, нагнулася да мяне і кажа: “Што, бедненькі, у кадр, не трапіў, так? Не хвалюйся, мы цябе дарысуем. Што, хочаш сказаць, што ты ў інтэрнаце сядзеў?” Я сказаў, што гэта не важна, бо на гэтых фотаздымках мяне няма. Супрацоўнік міліцыі не ведаў, што рабіць у такой сітуацыі, і зноў пачаў мяне прасіць успомніць што-небудзь. Потым супрацоўніца сказала яму выгнаць мяне на калідор, каб я паўзгадваў».


«А там ужо новыя фатаграфіі — каляровыя»

Назар распавядае, што праз паўгадзіны ён убачыў, што ў кабінет мілііцы ўвайшлі людзі з упраўлення выхаваўчай работы БДЭУ. У той жа кабінет пазней зайшоў супрацоўнік міліцыі, які дапытваў студэнта. Адтуль ён ужо выйшаў з новай тэчкай. Праз некалькі хвілін Назара зноў выклікалі на допыт.

«У кабінеце мне сказалі: “Ну што — глядзі!” А там ужо новыя фатаграфіі — каляровыя. У міліцыі заўсёды толькі чорна-белыя фатаграфіі. Па факце, пасярод працоўнага дня на мяне данеслі з універсітэта. На новых фотаздымках мяне ўжо было выразна відаць. Супрацоўнік міліцыі спытаў: “Чаго сядзеў там?” Я распавёў, што супраць гвалту над пенсіянерамі», — кажа хлопец.


«Выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь” — стандартная фабула»

«Потым ён склаў пратакол допыту. Я яму казаў, што сядзеў, пляскаў у далоні і напяваў песню, ніякіх лозунгаў не выкрыкваў. Але, калі я ўжо азнаямліваўся з пратаколам, то ўбачыў, што мне ён напісаў, што я нібыта казаў, што я «выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь”». Я яму зрабіў заўвагу, на што ён мне сказаў, што гэта “стандартная фабула”. У пратаколе я зрабіў пазнаку, што я нічога не выкрыкваў.

Супрацоўнік міліцыі мяне палохаў Акрэсціна. Пытаўся, ці сядзеў я там. Калі я казаў, што не, то ён адказаў мне: “У цябе ёсць выдатны шанец пабыць там!” Калі ён сядзеў і запаўняў дакументы, то іранічна прыгаворваў: “Я так і ўяўляю, як мне ў 20 гадоў, хацелася б на Акрэсціна пасядзець. Які кашмар!” Відавочна, мяне спрабавалі запалохаць», — распавядае хлапец.

26 кастрычніка суддзя суда Заводскага раёна Алег Каляда аштрафаваў студэнта паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Вінаватасць студэнта суд пацвердзіў пратаколам допыту намесніка начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы БДЭУ Д. Н. Васькова.

На наступны дзень пасля выказвання Лукашэнкі Бязносік быў адлічаны з універсітэта. Па словах студэнта, тады былі адлічаныя каля 15 чалавек. Прычына — удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, падстава — «дакладная запіска факультэта».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: