«На мяне самога напісалі чатыры даносы»

 Гісторык Ігар Кузняцоў разважае на Нашай Ніве пра злітую базу зваротаў у міліцыю і паралелі з 1930-мі.

_m3wtc.jpg


Злітая ў сетку база зваротаў у дыспетчарскую міліцыі выклікала вялікую хвалю абмеркаванняў. Шмат хто знайшоў сябе ў спісе тых, на каго «даносяць», беларусы пачалі правяраць, ці ёсць у спісе даносчыкаў суседзі і знаёмыя. Часам высвятляліся зусім цікавыя гісторыі: як маці паведаміла міліцыі пра дачку, што нібыта пайшла на мітынг. Для многіх сённяшняя сітуацыя стала своеасаблівай паралеллю з 1930-мі. Разам з гісторыкам Ігарам Кузняцовым згадваем масавае «данасіцельства» ў гады вялікага тэрору.
Цікава, што з даносамі Ігару Кузняцову давялося сутыкнуцца не толькі ў тэорыі.
«За паўтара месяца на мяне напісалі чатыры даносы ў РУУС. Гэта ад аднаго чалавека. Ён пісаў, што я рэабілітую нацызм, што дыскрэдытую беларускую ўладу. А калі на фэйсбуку я выклаў імя і прозвішча гэтага чалавека, паступіў наступны данос — прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці за тое, што я назваў яго інфарматарам і разгаласіў яго асабістыя звесткі», — дзеліцца Кузняцоў.

Як усе сталі даносіць на ўсіх?

«Ідэалогія бальшавікоў прадугледжвала барацьбу з класавымі ворагамі. Значыць, неабходна было разгарнуць непрымірымае стаўленне да іх у грамадстве, і ўлада заахвочвала любыя формы данасіцельства.
Пік даносаў прыпаў на перыяд 1937-1938 гадоў — гэта супадае з гадамі вялікага тэрору. Той жа Сяргей Даўлатаў казаў, што ў Савецкім Саюзе было чатыры мільёны даносаў. Але колькі дакладна іх было, ніхто не ведае, бо архівы закрытыя», — тлумачыць гісторык.
У тыя часы былі інфарматары (тыя, хто адкрыта дзейнічаў) і даносчыкі (супрацоўнічалі з органамі таемна). Хтосьці «здаваў» знаёмых пад уплывам савецкай ідэалогіі, бо верыў, што вакол ворагі і шкоднікі. Хтосьці дзейнічаў з карысных меркаванняў: суседа забяруць — вызваліцца пакой у камунальнай кватэры. Іншыя так прасоўваліся па службе.
У Крымінальным кодэксе быў артыкул 58 — за неданясенне. Калі арыштоўвалі мужа, жонку маглі адправіць у лагер за тое, што не паведаміла пра «ворага народу». Таму некаторыя думалі: лепш лішні раз напішу, чым потым скажуць, што не выкрыў свайго суседа.
«Іншае пытанне, што не ўсе рабілі гэта добраахвотна. Кагосьці арыштоўвалі — і ён мог даць паказанні пад катаваннямі на 10-20 чалавек.
Не буду называць прозвішча, але адзін з беларускіх пісьменнікаў падпісаў спісы па даносах на 328 чалавек. У людзей выбівалі гэтыя паказанні, і не наша права асуджаць персанальна таго, хто гэта зрабіў. Трэба асуджаць сістэму, якая гэта парадзіла і прымусіла людзей пераступаць рысу і станавіцца фактычна злачынцамі.
Напісанне даносаў не гарантавала асабістую бяспеку таму, хто гэта рабіў. Так, быў перыяд калі іх актыўна заахвочвалі, а потым план на арыштах павялічваўся, і яны самі траплялі пад гэты молах. Гэта адна прычына. А другая — даносчыкі станавіліся небяспечнымі сведкамі, таму з імі распраўляліся», — кажа ігар Кузняцоў.

«Сусед паліто дарагое носіць, адкуль у яго такія грошы?»

Практыка даносаў была шырокай сярод партыйных кіраўнікоў і творчай інтэлігенцыі.
«Згадаць, напрыклад, дакладную запіску на імя Панамарэнкі ў 1938 годзе, дзе пералічаецца каля 30 прозвішчаў — у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва. У запісцы паведамлялася, што яны з’яўляюцца нацдэмамі.
Але, калі глядзець па колькасці рэпрэсаваных, будзе іншая карціна. У 1937-1938 гадах толькі 9% прыпадае на інтэлігенцыю. Астатні 91% рэпрэсаваных — простыя рабочыя, сяляне, хатнія гаспадыні», — дзеліцца гісторык.
Як выглядалі даносы пры Сталіне? Маглі абвінаваціць, што чалавек у калгасе падсыпае пабітае шкло ў зерне — то-бок займаецца шкодніцтвам. Ці дазваляе сабе антысавецкія выказванні: напрыклад, што жыццё ў Амерыцы лепш, чым у СССР.
«На кожны такі данос быў артыкул Крымінальнага кодэксу. Калі кагосьці абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з польскай разведкай, гэта ўжо расстрэльны артыкул. Хоць былі і бытавыя даносы, чалавек мог паскардзіцца на суседа: ён паліто дарагое носіць, адкуль у яго такія грошы? — расказвае Ігар Кузняцоў. — Многіх абвінавачвалі ў злачынствах, якія яны не здзяйснялі.
Не думаю, што бацькі на дзяцей часта даносілі. Гэта магло здарацца ў парыве эмоцый. Пасварылася маці з дачкой — і вырашыла праявіць свой грамадзянскі доўг. А калі дачку арыштавалі і далі рэальны тэрмін, шкадавала, што паддалася злосці.
Хаця былі тыя, хто шчыра лічыў, што дзеці з’яўляюцца шпіёнамі замежнай разведкі ці вядуць антысавецкую прапаганду і іх трэба пакараць па ўсёй строгасці.
Да 1934 года даносы фармальна правяралі і нават былі рэдкія выпадкі, калі казалі, што напісанае не адпавядае рэчаіснасці. У перыяд вялікага тэрору, калі машына працавала на поўных абаротах, было не да таго. Паступіў данос — арыштаваць. Любыя паказанні можна было выбіваць у ходзе следства.
Чытаеш архіўна-следчую справу. Першы пратакол: «Вы з’яўляецеся ўдзельнікам польскай арганізацыі вайсковай?» — «Канечне, не». На другі дзень чалавек кажа, што не проста ўдзельнічаў, але і завербаваў іншых. На трэці — што іх шырокая сетка ставіла мэтай падрыхтоўку забойства Сталіна».

Калі б даносы не насілі масавага характару, ці быў бы вялікі тэрор?

Публічна даносы вельмі рэдка асуджаліся — той, хто выступаў з крытыкай, рызыкаваў аказацца на месцы таго, на каго пісалі дакладныя. Асуджалі за закрытымі дзвярыма — на кухні, з суседам, якому давяралі.
«Узнікае пытанне: а калі б даносы не насілі такога масавага характару, ці быў бы вялікі тэрор, калі мноства людзей было расстраляна ці адпраўлена ў ГУЛАГ? Быў бы. Даносы проста дапамагалі хутчэй арганізоўваць гэты працэс. Стваралі патрэбны фон, каб нагнятаць настроі.
Некаторыя кажуць: вось архіў КДБ адкрыецца, усю праўду даведаемся. Я не ўпэўнены, што гэта ўсё праясніць. Так, спісы агентуры зможам пабачыць.
Але ж былі людзі, якіх упісвалі для колькасці, а яны ўяўлення не мелі, што лічацца агентамі НКУС. А іншыя ў спісы не трапілі ці былі ў звышсакрэтных дакументах, якія знішчылі ў той час. І як мы будзем ацэньваць?
Гэта вельмі складаны працэс. Вінавата ў гэтым кіраўніцтва, якое стварыла сістэму і матывавала такія дзеянні. А ўсе астатнія былі ахвярамі», — лічыць гісторык.