На судзе ў палітвязня Сцяпана Латыпава адбыўся нервовы зрыў

Падчас суда па крымінальнай справе жыхара «Плошчы пераменаў» Сцяпана Латыпава, у абвінавачанага адбыўся нервовы зрыў.

stepan_latypov.jpg


У судзе Савецкага раёна Мінска 5 жніўня працягнуўся суд над палітвязнем Сцяпанам Латыпавым. На працэсе дапыталі сведак, а таксама працягнулі абвяшчэнне матэрыялаў праслушкі тэлефонных размоў Сцяпана, якую сілавікі вялі з чэрвеня 2020 года, перадае Zerkalo.io.

Падчас праслухоўвання аднаго з аўдыёзапісаў перамоваў Сцяпана з калегам, ён кінуўся да кратаў з крыкамі: «Пачвары, што вы робіце!». Пры гэтым Сцяпан быў прыкаваны кайданкамі да канваіраў. Яго адразу ж затрымалі і паклалі на лаву, каб супакоіць.

Усім прысутным сказалі пакінуць залу суда. Родныя абвінавачанага выйшлі ў калідор са слязамі на вачах.

У пасяджэнні абвясцілі перапынак да 14.30.

Нагадаем, Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня каля мурала з «Дыджэямі Пераменаў». Праз некалькі дзён на дзяржтэлебачанні выйшлі сюжэты аб тым, што Латыпаў нібыта збіраўся распыляць яды, каб труціць міліцыянтаў, але ў справе гэтых абвінавачванняў не аказалася.

Яму ставяць у віну махлярства ў асабліва буйным памеры (гэта звязана з апрацоўкай тэрыторый ад баршчэўніка), арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і супраціў міліцыі падчас затрымання ў «Двары Пераменаў». Латыпаву пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Суд над Латыпавым пачаўся 1 чэрвеня. На першым судовым пасяджэнні абвінавачаны ўваткнуў ручку сабе ў горла. Перад гэтым ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі завесці крымінальныя справы ў дачыненні да яго сваякоў і суседзяў, калі ён не прызнае віну. З залы суда мужчыну забралі ў бальніцу, дзе яго прааперавалі: пашкоджанняў жыццёва важных органаў выяўлена не было. У ноч пасля аперацыі яго забралі з лякарні і змясцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

10 чэрвеня суд накіраваў Сцяпана на судова-псіхіятрычную экспертызу. 27 ліпеня суд аднавіў разгляд крымінальнай справы, але ўжо праз два дні зноў абвясцілі перапынак — Сцяпану стала дрэнна і лекары накіравалі яго на дадатковае абследаванне.