На зняволенага Арцёма Анішчука ў калоніі завялі крымінальную справу

На зняволенага па палітычных матывах Арцёма Анішчука ў Магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу. Адваката да вязня не пускаюць. Пра гэта «НЧ» паведаміла жонка Арцёма Вольга Анішчук.

arcjom_i_volha_logo_1.jpg

Арцёма Анішчука, якога асудзілі на два гады пазбаўлення волі, перавялі ў Магілёўскую калонію 18 красавіка. На спатканні перад адпраўкай у калонію сужэнцы дамовіліся: калі на працягу трох тыдняў Арцём не дае пра сябе ведаць, то да яго едзе адвакат.
—Я атрымала 10 траўня ліст ад Арцёма, які ён пісаў 3 траўня, — кажа Вольга. — З ліста я зразумела, што ён знаходзіцца ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) ужо сямнаццаць дзён. Рэчы ў яго ўсе забралі, пазбавілі спатканняў і перадач.
У хуткім часе Вользе патэлефанаваў следчы і сказаў, што на Арцёма заведзена крымінальная справа па 411 артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы»).
— Я спытала ў следчага, пра якія парушэнні можа ісці гаворка, калі мой муж не знаходзіўся на той момант у калоніі нават месяца, — абураецца Вольга. — На што ён адказаў, што Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца.


Адвакат Анішчука паехаў у Магілёў, аднак следчы размаўляць з ім адмовіўся. Начальнік калоніі заявіў, што адвакат Анішчуку не патрэбны. Аднак Анішчук мае права на абарону, бо на яго ўзбуджана крымінальная справа. У выніку адваката да Арцёма ўсё адно не пусцілі.
—Мы не ведаем, што там адбываецца з маім мужам, — кажа Вольга. — Зразумела, што адваката да яго не пускаюць не проста так. Я думаю, яны сфальсіфікавалі артыкул і зараз намагаюцца зламаць Арцёма.
Вольга разам з адвакатам ужо напісалі скаргі ў калонію і пракуратуру: «Мы не будзем апускаць рукі. Мы будзем падымаць гэтую тэму і далей пісаць пра гэта. Я ўпэўненая, што зараз за сценамі калоніі адбываецца нешта нячыстае».