«Напэўна, я трапіў некуды ў іншую краіну»: апошнія словы ў судзе інжынера-праграміста БДУ

У Мінску 20 верасня вынесены прысуд вядучаму інжынеру-праграмісту Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУ Юрыю Лізуру. Яго абвінавацілі ў абразе оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела УС Івацэвіцкага райвыканкама Р. В. Куцко (арт. 369 КК РБ).

Мінскі дом правасуддзя. Фота: Еўрарадыё

Мінскі дом правасуддзя. Фота: Еўрарадыё


Справа разглядалася судом Ленінскага раёна раёна Мінска. Працэс вяла Марына Запаснік. Дзяржабвінаваўца — пракурорка Загароўская.

Пацярпелы на судовае пасяджэнне не з’явіўся, на дадзены момант знаходзіцца ў шпіталі.

Як стала вядома на першым судовым пасяджэнні 17 верасня, Лізура, маючы намер на публічную абразу прадстаўніка ўлады оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў Івацэвіцкага райвыканкама Куцко Р. В. у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, будучы ў стане алкагольнага ап'янення каля 20 гадзін 29.04.2021, знаходзячыся дома, з выкарыстаннем мабільнага тэлефона «Apple» у канале «Лухта», пасля прагляду публікацыі з фота і асабістай інфармацыяй пра пацярпелага, адправіў каментар, які мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, тым самым публічна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.

Сваю віну Лізура прызнаў часткова.

«Калі прыйшлі да мяне супрацоўнікі ўнутранай бяспекі з ператрусам, я ўжо не памятаў, што там было за паведамленне. Я не адмаўляў, што пісаў.

Закранула тое, што на 3 сям'і я адзін мужчына застаўся. Маці — інвалід 1-й групы, цешча, жонка хворая. Быў красавік, у мяне пайшлі гэтыя могілкі. Дапамагчы няма каму. Выпіў і пачаў чытаць. Наткнуўся на эпізод.

Там малады супрацоўнік, эмодзі яму паставілі, абразілі, ён запытаў 1500 кампенсацыі ў адзінокай жанчыны. Мяне гэта закранула. Я ўсё жыццё ў жаночым асяроддзі, я ведаю, як гэтым жанчынам цяжка. І тут гэты малады мужык патрабуе з жанчыны 1500. Калі трэба грошы — ідзі працуй. Няўжо твая мараль вартая 1 500 рублёў?» — эмацыйна распавёў ён суду абставіны.

«Я заўсёды быў апалітычны, у палітыку не лез, а тут палітыка ў мяне ўлазці хоча. Жанчына — гэта жанчына. Яна ўсё роўна слабей, чым мужык. Я так ацэньваю. Можа, я не так выхаваны», — дадаў ён.

У ходзе судовых спрэчак дзяржабвінаваўца заявіў, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна. Часткова прызнанне віны — спосаб самаабароны. Таму папрасіў суд прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

У апошнім слове Лізура сказаў наступнае:

«Я проста ашаломлены, 57 гадоў пражыць, выказаць сваё меркаванне і пачуць тое, што я пачуў. "Хімія" і іншае. Выбачайце, у мяне проста няма слоў. Напэўна, я трапіў некуды ў іншую краіну».

20 верасня суддзя Запаснік агучыла прысуд: абмежаванне свабоды без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: