Настаўнікі-эмігранты адкрылі ў Вільні беларускую школу

У Вільні адкрылася першая ў Літве прыватная беларуская школа і дзіцячы садок, дзе дзеці могуць займацца на рускай і беларускай мовах, піша «Свабода».

144d3546_98ce_44cf_aff8_8ffe7e24b310_w1597_n_r1_st.png

За апошні год дзясяткі кампаній пераехалі з Беларусі ў Літву і перавезлі сваіх супрацоўнікаў разам з сем’ямі. Але ў большасці палітычных эмігрантаў грошай на аплату такой школы не хапае.

У будынку школы яшчэ не да канца скончыўся рамонт. Набор вучняў толькі пачаўся — класы яшчэ не запоўненыя. Зараз праводзяцца толькі першыя пробныя заняткі. Але выкладчыцкі склад у поўнай гатоўнасці. Амаль усе настаўнікі, якія працуюць у гэтай школе — грамадзяне Беларусі, якія былі вымушаныя пакінуць краіну на працягу апошняга года.

Завуч Ілля Ясінскі ў Мінску працаваў у тэатры. У траўні гэтага года ён быў вымушаны ўцячы ў Літву — перайшоў мяжу пешшу, праз лес.

«Тут адчуваецца бяспека, адчуваецца, што шмат усяго людзі робяць для людзей. Гэта дае сілу, энергію, натхненне. Калі ў Беларусі пастаянна адчуваецца цяжар грузу зверху, цябе спрабуюць размазаць, любая твая ініцыятыва павінна прайсці максімальную колькасць супраціву, каб нешта адбылося, то тут наадварот, адчуванне адчыненых дзвярэй», — кажа Ясінскі.

У Беларусі на Іллю заведзеная крымінальная справа за арганізацыю масавых беспарадкаў. Гэтую працу ў школе Ілля называе вялікім поспехам, не ўсім палітычным уцекачам так шанцуе. За апошні год у Літву з Беларусі пераехалі дзясяткі кампаній, асабліва ў ІТ-сферы. Гэтая школа арыентавана на семʼі тых, хто пераехаў нядаўна.

«Пытанне досыць сурʼёзнае. Чым старэйшыя дзеці, тым больш складана. Адаптацыя дзяцей да школы, пошук сацыяльнага асяродку, каб адчуваць сябе камфортна і ў сваёй талерцы», — адзначае дырэктар школы Алена Саўко.

Гэта прыватная школа, навучанне тут платнае — каштуе каля пяці тысяч еўра ў год. Гэта сярэдняя цана на рынку. Але, дырэктар настойвае, што гэта і сацыяльны бізнес. Паралельна з людзьмі, якія пераехалі ў Літву па працы, у Вільні ёсць вялікая грамада палітычных уцекачоў. І ў большасці такіх уцекачоў няма працы або дастатковых назапашванняў, каб аддаць дзяцей у прыватную беларускую школу.

«Нам бы вельмі хацелася знайсці стыпендыі, і мы ў пошуку стыпендый і фондаў. Таму, што на дадзены момант мы не можам самі заснаваць стыпендыі, у нас пакуль занадта мала дзяцей, каб мы маглі дазволіць сабе гэта, але ў перспектыве, вядома, як толькі мы пачнем атрымліваць даход, мы вылучым стыпендыі для дзяцей уцекачоў», — працягвае Алена Саўко.

Стыпендыі для дзяцей уцекачоў будуць залежаць ад таго, наколькі будзе паспяховым платны набор. Цяпер гэтая ж беларуская прыватная школа працуе і ў Мінску. У Вільні гэта філіял, а заадно і пляцоўка на выпадак, калі школа ў Мінску не зможа працягваць працу.