Не спыняць вяшчанне на беларускай мове

Беларускі маладзёжны рух Амерыкі (БМРА) звярнуўся да кіраўніцтва «Радыё Швецыя» з просьбай не спыняць з 1 верасня вяшчанне на беларускай мове.

Беларускі маладзёжны рух Амерыкі (БМРА) звярнуўся да кіраўніцтва «Радыё Швецыя» з просьбай не спыняць з 1 верасня вяшчанне на беларускай мове.
Пра спыненне беларускамоўнага вяшчання паведаміў кіраўнік Міжнароднага канала Шведскага нацыянальнага радыё (у гэты канал уваходзіць «Радыё Швецыя») Інгемар Лёфгрэн. Паводле яго слоў, Шведскае радыё «зрабіла выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моў, а менавіта рускай, тым больш што гэтую мову разумеюць і ў Беларусі». Ён заўважыў, што Міжнародны канал Шведскага нацыянальнага радыё «будзе каналам навін, арыентаваным на слухачоў у Швецыі».
«Праграмы «Радыё Швецыя» на беларускай мове — значна больш, чым проста навіны. Семдзесят працэнтаў насельніцтва Беларусі ніколі не былі за мяжой і таму не маглі бачыць, як функцыянуе дэмакратычнае грамадства. Беларускія праграмы даюць магчымасць беларусам даведацца пра жыццё ў Еўропе, якое будуецца на дэмакратычных законах, — гэта тое, чаго не хапае жыхарам ізаляванай краіны», — гаворыцца ў адозве БМРА.
У сувязі з гэтым БМРА просіць перагледзець рашэнне пра спыненне вяшчання на беларускай мове, якое «грунтуецца на няведанні сапраўднай сітуацыі».
Раней аналагічную адозву кіраўніцтву «Радыё Швецыя» накіравала міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». У падтрымку беларускамоўнага вяшчання таксама выступілі дэпутаты парламента Швецыі — як прадстаўнікі партый урадавай кааліцыі, так і апазіцыі.
Паводле БелаПАН