Небяспечная міграцыя: на беларуска-польскай мяжы — чатыры нябожчыкі

На беларускім баку знойдзеная мёртвай грамадзянка Ірака. На польскім — тры мёртвыя чалавекі, грамадзянства, узрост і гендарная прыналежнасць якіх не паведамляюцца.

clip_2_10.jpg


Следчы камітэт Беларусі паведаміў аб смерці 39-гадовай грамадзянкі Ірака. Інфармацыя аб выяўленні цела жанчыны ў беларуска-польскай мяжы паступіла сёння днём. На месца прыбыла следча-аператыўная група.

Жанчына была без абутку, сярод іншых версій, следства не выключае верагоднасць смерці ад пераахаладжэння, піша REFORM.by.

Следчыя УСК па Гродзенскай вобласці са спецыялістамі абласнога ўпраўлення ГКСЭ праводзяць агляд месца здарэння, ажыццяўляюць следчыя і працэсуальныя дзеянні. Для ўстанаўлення абставінаў таго, што адбылося, прызначаныя экспертызы.

Як паведамляе прэс-служба ДПК, цела было выяўлена каля вёскі Лясная Гродзенскага раёна ў метры ад беларуска-польскай мяжы.

«Паблізу месца выяўлення на кантрольна-следавай паласе, абсталяванай на польскай тэрыторыі, зафіксаваныя відавочныя прыкметы валачэння цела з Польшчы ў Рэспубліку Беларусь», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Побач знаходзіліся трое дзяцей, як мяркуецца, ад 7 да 15 гадоў, мужчына і пажылая жанчына. З дапамогай перакладчыкаў яны даюць тлумачэнні.

«У цяперашні момант яны ўжо распавялі, што польскія сілавікі пад пагрозай прымянення зброі прымусілі іх пешшу дайсці да мяжы, а затым прымусілі перасячы лінію польска-беларускай мяжы», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.

Дзяржпамежкамітэт паведаміў і запрасіў на месца здарэння прадстаўнікоў Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Паведамляецца, што гэта зроблена для забеспячэння празрыстасці расследавання і даступнасці інфармацыі, у тым ліку для міжнародных арганізацый.

У той жа час польская памежная служба паведаміла пра целы трох чалавек, выяўленых сёння ў памежным з Беларуссю раёне. Далейшыя дзеянні па гэтай справе ажыццяўляе пракуратура. Польскі бок не паведамляе падрабязнасцяў і не робіць дальнабачных высноў.