Новыя прысуды па «справе карагодаў»: судзяць цэлымі сем'ямі

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 4 жніўня вынеслі прысуды сёмай групе па «карагоднай справе».

Ігар і Юлія Лаптановічы

Ігар і Юлія Лаптановічы


Нагадаем, 13 верасня на «Маршы герояў» у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам. Цяпер на лаве падсудных палітзняволены будаўнік і актывіст з Пружанаў Ігар Лаптановіч і яго жонка-бібліятэкарка Юлія, у іх сям'і трое дзяцей-школьнікаў. Справу супраць сёмай групы па «справе карагодаў», у якую ўваходзілі 12 абвінавачаных, разглядала суддзя Вера Філонік. Гэта ўжо шостая суддзя з Брэста, якая ўдзельнічае ў судовым канвееры па самай масавай палітычнай справе ў Брэсце. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівалі Генадзь Буры і Вадзім Багатка, якія запатрабавалі суровыя тэрміны пакарання па гэтай справе. Пракурор Буры выступаў дзяржабвінаваўцам па справе забітага Генадзя Шутава і сведкі забойства Аляксандра Кардзюкова.

Каго і як асудзілі?

Суддзя Вера Філонік прызначыла наступныя пакаранні фігурантам сёмай групы па «справе карагодаў»:
Андрасюк Арцём Аляксандравіч — 2 гады «хіміі» (віну не прызнаў);Бірукоў Аляксей Валер'евіч — 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);Бірукова Таццяна Юр'еўна — 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнала віну);Дзягцярык Сяргей Васільевіч — 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);Дзям'янка Дар'я Васільеўна — 2 гады «хатняй хіміі» (не прызнала віну);Касцюк Андрэй Пятровіч — 3 гады «хіміі» (не прызнаў віну);палітзняволены Лаптановіч Ігар Анатольевіч — 2,5 гады калоніі (не прызнаў віну);Лаптановіч Юлія Аляксандраўна (жонка Ігара) — 3 гады «хатняй хіміі» (не прызнала віну);Макарэвіч Уладзімір Віктаравіч — 2,5 гады «хіміі» (не прызнаў віну);Парфеевец Андрэй Аляксеевіч — 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);Пяцінкін Канстанцін Паўлавіч — 2 гады «хатняй хіміі» (прызнаў цалкам віну);Шыла Наталля Уладзіміраўна — 2,5 гады «хіміі» (не прызнала віну).Палітзняволены Ігар Лаптановіч — адзіны, хто быў пад вартай у зале суда. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сямёра фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.
Па «справе карагодаў» прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.

Як абвінавачанне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, праз прастой тралейбуснаму парку была нанесеная шкода ў 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.
spring96.org