Новы помнік ахвярам Халакоста адкрылі сёння на вуліцы Сухой

На былых габрэйскіх могілках, што на вуліцы Сухой у Мінску, 24 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага каменя на памяць ахвяраў Халакосту з Кёнігсберга і Усходняй Прусіі, знішчаных у Трасцянцы летам 1942 года.  



Да мемарыяла, дзе ўжо стаяць камяні памяці закатаваных у Трасцянцы габрэяў з Берліна, Гамбурга, Дзюсельдорфа, Бона і Кёльна, Вены, з самага ранку ішлі людзі. Пераважна гэта былі сябры габрэйскіх абшчынаў і аб’яднанняў, журналісты, замежныя госці.

На пачатку імпрэзы скрыпічны дуэт выканаў санату Шумана «Пра чужыя землі і народы». Кіраўнік Мінскага Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Яханэса Рау з нямецкага боку Вольга Рэнш-Ветцэль нагадала, што 24 чэрвеня 1942 года з Паўночнага вакзала Кёнігсберга ў Мінск накіраваўся чыгуначны транспарт, які прывёз сюды 465 габрэйскіх дзяцей, жанчын і мужчын. Праз два дні іх расстралялі ва ўрочышчы Благаўшчына, якое ўваходзіць у ствараемы мемарыяльны комплекс «Трасцянец».

Амбасадар Германіі ў Беларусі Вольфрам Мас адзначыў, што трагедыя, якая адбылася на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны, ніколі не павінна паўтарыцца. Ён папрасіў прабачэння ў адной з прысутных на цырымоніі — жыхаркі Ізраіля Няхамы Дробер (ураджэнкі Кёнігсберга, якая перажыла Халакост у сваім родным горадзе, многія сваякі якой былі ў тым самым цягніку і загінулі ў Трасцянцы). Прасіў прабачэння дыпламат не толькі за злачынствы нацыстаў, але і за тое, што германская бюракратыя ў 1990 годзе адмовілася выдаць жанчыне, якая хацела вярнуцца на радзіму і зараз пражывае ў Ізраілі, нямецкі пашпарт.

Сама ж спадарыня Дробер распавяла, што была сведкай адпраўкі таго «транспарту смерці». У ім у Мінск вывезлі многіх яе сваякоў, сябровак і сяброў. «Многім з маіх школьных сяброў на чэрвень 1942 года было ад 14 да 17 гадоў. Ніхто не ведаў, куды і навошта іх вязуць. На Паўночным вакзале Кёнігсберга я хацела прайсці разам з імі праз агароджу, але эсэсаўцы выштурхнулі мяне», — сказала сведка тых трагічных падзеяў.

Прадстаўнік адной з габрэйскіх суполак Кёнігсберга (цяперашняга Калінінграда) Віктар Шапіра паведаміў, што на будынку вакзала ўжо знаходзіцца мемарыяльная дошка: «Хаця каб яе павесіць, трэба было прайсці праз вялікія бюракратычныя перашкоды. Спадзяюся, у вас у гэтым плане прасцей».

Выступалі на цырымоніі таксама дачка вядомага скульптара Леаніда Левіна, які крыху больш за год таму пайшоў з жыцця, намесніца старшыні Саюза беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Галіна Левіна, старшыня Фонду і Гарадскога аб’яднання Кёнігсберга Клаус Вайгельт.

Вязень Мінскага гета Якаў Краўчынскі, якому зараз ужо 82 гады, з вялікім жалем канстатаваў, што беларуская зямля «стала магілаю для вялікай колькасці людзей, не толькі з Беларусі, але і з усёй Еўропы». «Гэтыя камяні, што ўстаноўленыя тут, павінны вучыць таму, каб падобнае ніколі не паўтарылася. Каб такая маніякальная ідэя, як знішчэнне цэлага народа, больш ніколі і нідзе не ўзнікла. Каб надалей людзі жылі ў міры і сяброўстве», — падкрэсліў выступоўца.

Музыкі выканалі адну з мелодыяў з вядомага фільма Стывена Спілберга «Спіс Шындлера». «Вельмі шкада, што для гэтых людзей, якіх прывезлі з Кёнігсберга і забілі ў Трасцянцы, не знайшлося сваіх Шындлераў», — уздыхнула Вольга Рэнш-Ветцэль.