Па справе Міколы Дзядка прызначана псіхолага-лінгвістычная экспертыза

Чацвёртае судовае пасяджэнне па справе вядомага блогера, актывіста анархісцкага руху і аўтара «Новага Часу» атрымалася таксама кароткім. У працяг слуханняў прызначаная комплексная псіхолага-лінгвістычная экспертыза.

208105543_2878718219059195_4465045073034192597_n_logo_1_1.jpg

Пытанне экспертызы паўстала напярэданні — падчас трэцяга дня судовага працэсу. Экспертыза мусіць адказаць на пытанні: ці ёсць у паведамленнях Міколы ў Тэлеграме выказванні пабуджальнага характару, што заклікаюць да дзеянняў. Калі так, то якіх. Ці ёсць выказванні, якія негатыўна характарызуюць асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. І ці ёсць выказванні, якія пабуджаюць да дзеянняў у дачыненні да асоб па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.
Мікола Дзядок выказаў супярэчанне гэтым пытанням, бо яны выходзяць за межы абвінавачання. Яго ўчора падтрымаў адвакат. Таксама абаронца пярэчыў даручэнню экспертызы Дзяржкамітэту экспертыз, бо яны, маўляў, раней не далі рады зрабіць высновы ў межах прад'яўленага абвінавачання.
Паводле адваката, новыя пытанні пракурора тычацца меркаванага складу па арт 130, абвінавачанне па якім у межах гэтай справы не выстаўлялася.

Сённяшняе пасяджэнне было зусім нядоўгім. Суд пастанавіў задаволіць хадайніцтва адваката Яўгена Маслава і прызначыў Дзядку комплексную судовую псіхолага-лінгвістычную экспертызу. Экспертызу даручылі праводзіць менавіта экспертам цэнтральнага апарата Дзяржкамітэта экспертыз РБ.

Абаронцу гэта не задаволіла. «Мы прасілі даручыць экспертызу прафесару Лебядзінскаму. Тыя пытанні, якія мы прасілі разгледзець у экспертызе, у выніку, не былі ўключаны. То бок суддзя не задаволіла два пытанні адваката, але  задаволіла тры пытанні дзяржабвінаваўцы», — адзначыў Яўген Маслаў.

«Мы атрымалі пацвярджэнне поўнай кіраванасці суда», — дадаў Аляксандр Дзядок, бацька Міколы. Яшчэ з цікавага — невялікі дыялог адваката з невядомым мужчынам перад пачаткам пасяджэння.

Яўген Маслаў паспрабаваў сфатаграфаваць чалавека ў цывільным. «Ты думаеш, што нехта баіцца фатаграфіі?» — сказаў той. Адвакат адказаў, што «мы з вамі на брудэршафт не пілі, чаму тыкаеце?». Чалавек у цывільным: «Пасля таго, як сфатаграфуеш, пазнаёмімся».

Колькі часу зойме экспертыза і калі працэс працягнецца, пакуль невядома.