Палітвязень Андрэй Шарэнда не з'явіўся на свой суд. Дзе ён — невядома

Як паведамляюць брэсцкія праваабаронцы, абвінавачаны Андрэй Шарэнда не з'явіўся на свой суд. Шарэнда быў пад хатнім арыштам.

Андрэй Шарэнда

Андрэй Шарэнда

Пракурор прапанаваў змясціць Шарэнду пад варту і абвясціць яго ў вышук. Суддзя Вера Філонік выдалілася ў дарадчы пакой прымаць рашэнне аб змяненні меры стрымання. У выніку палітвязня абвясцілі ў вышук.
Андрэй Шарэнда абвінавачваецца па артыкуле, па якім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі (арт.368 КК «Абраза прэзідэнта»). Яго жонку Паліну Шарэнда-Панасюк нядаўна прысудзілі да 2 гадоў калоніі за «Абразу прэзідэнта», «Абразу прадстаўніка ўлады» і «Гвалт супраць супрацоўніка органаў унутраных спраў». У пары двое непаўналетніх дзяцей.
З пачатку выбарчай кампаніі Андрэй Шарэнда правёў больш за 70 дзён за кратамі. 17 красавіка да мужчыны прыйшлі з ператрусам, забралі ўсю тэхніку. У той дзень супраць актывіста завялі крымінальную справу па арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Пасля артыкул замянілі на 368 КК.
31 траўня Андрэя Шарэнду зноў затрымалі і дапыталі. У той жа дзень увечары яго змясцілі пад хатні арышт. Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў актывіста палітзняволеным.