Палітвязень Мікіта Емяльянаў больш за месяц утрымліваўся ў карцары

10 жніўня сям’я Мікіты Емяльянава праз тэлефанаванне ў турму спрабавала даведацца, што адбываецца з Мікітам, бо апошні месяц ад яго не прыйшло ніводнага ліста ані сваякам, ані сябрам.

unnamed_272_1.jpg

У дзяжурнай частцы патлумачыць, чаму няма сувязі з палітзняволеным Мікітам Емяльянавым, адмовіліся і параілі напісаць пісьмовы зварот да адміністрацыі з гэтым пытаннем.
Таксама 10 жніўня сям’я адправіла поштай пісьмовую заяву з просьбай патлумачыць, чаму ад Мікіты не прыходзяць лісты, няма тэлефонных званкоў, а таксама з просьбай даслаць адказ у найкарацейшыя тэрміны, бо сям’я вельмі хвалюецца.
Але, маючы досвед у атрыманні адказаў ад турэмнай адміністрацыі, якая не ў першы раз парушае тэрміны адказаў на звароты, сям’я Мікіты нават не мела ніякага спадзеву, што атрымае адказ, згодна з законам, а не чарговую стандартную адпіску.
Да Мікіты выправіўся адвакат, каб пры неабходнасці аказаць юрыдычную дапамогу. Стала вядома, што Мікіта ўтрымліваўся ў карцары больш за месяц.
11 жніўня атрымаў 7 сутак за парушэнне формы адзення — зняў куртку падчас спёкі. За тое, што спаў у карцары на падлозе, атрымаў яшчэ 10 сутак. За перамовы з суседнім карцарам атрымаў яшчэ ў дадатак два разы па 5 сутак.
Адседзеўшы 27 сутак у карцары, Емяльянаў выйшаў і заявіў, што патрабуе адзіночнага ўтрымання, у камеру не пойдзе, хоча падаць пра гэта заяву, папрасіў паперу і асадку для напісання заявы. Але адміністрацыя адмовілася прадаставіць паперу і асадку, а за непадпарадкаванне адправіла Емяльянава зноў у карцар на 10 сутак. 17 верасня тэрмін пакарання ў карцары скончыўся, Мікіта Емяльянаў па выхадзе планаваў зноў патрабаваць адзіночнае ўтрыманне. Зараз невядома, ці выйшаў Мікіта з карцара, ці яму зноў аб’явілі пакаранне карцарам за непадпарадкаванне.
Таксама Мікіту пазбавілі кароткатэрміновага спаткання. Варта дадаць, што тое кароткатэрміновае спатканне з сям’ёй на турэмным строгім рэжыме толькі адно на год. Сям’я планавала ехаць да Мікіты ў кастрычніку 2021-га на спатканне, бо мінулае спатканне было ў кастрычніку 2020-га.
Згодна з правіламі ўнутранага распарадку ( пункты 210–215 пастановы МУС ад 20.10.2000 №174) асуджаны мае права звярнуцца да адміністрацыі з заявай пры ўзнікненні пагрозы асабовай бяспекі і адразу быць перасунутым у бяспечнае месца — адзіночную камеру, памяшканне камернага тыпу ці штрафны ізалятар (не з прычыны пакарання).