«Пасля 13 сутак выйшаў зусім іншы чалавек. З цыгарэтнымі апёкамі на твары і на целе». Што вядома пра хлопца, які атрымаў 5 гадоў калоніі за паведамленні

Малады хлопец з Асіповічаў быў асуджаны на 5 гадоў калоніі за паведамленні ў тэлеграме. Сваякі расказваюць, што яго катавалі яшчэ падчас адседкі на сутках.

mogilev_sud_prigovor_2021_fcgdh.jpg

Іллю Дубскаму 24 гады. Працаваў у Расіі, але ў верасні 2020 года вярнуўся ў Беларусь, жыў разам з бацькамі ў Асіповічах. Хлопец неаднаразова судзімы. Трапляў за краты і па наркатычным артыкуле.
«На мітынгі ён не хадзіў, сядзеў дома. Бо ў нас вялікая сям’я, і Ілля прыглядваў за малодшым братам», — кажуць сваякі.
Але ж у лістападзе 2020 года хлопца затрымалі — ён пайшоў за цыгарэтамі ў краму і знік. Сям’я праз суткі пошукаў даведалася, што сын у міліцыі. Пасля быў суд, Ілля атрымаў 13 сутак.

Ён дзіка баяўся сілавікоў, нават не ішоў на працу

— Пасля гэтых сутак ён выйшаў іншым чалавекам. Стаў вельмі замкнёным у сабе. Яго там катавалі ці што, невядома. Але ён выйшаў з апёкамі ад цыгарэт, — кажа адзін са сваякоў. — Бачылі на свае вочы: апёкі былі на целе, на руках. Былі апёкі нават на твары. Ён спачатку хаваў гэта, адгадаваў бараду, але калі пачалі пытацца, чаму ён не голіцца, Ілля паказаў апёкі на твары і папрасіў не казаць пра іх бацькам.
Ілля казаў, што гэта зрабілі праваахоўнікі, што яго прымусілі ў нечым прызнацца. У чым — не казаў.
Той чалавек, які выйшаў пасля 13 сутак, — гэта не Ілля. Гэта забіты і зацюканы чалавек.
Пасля тых сутак ён дзіка баяўся сілавікоў. Амаль перастаў выходзіць з хаты, нават не ішоў на працу, хоць меў прапановы.
Але ж некалькі разоў сілавікі ў цывільным самі прыходзілі да нас без усякіх пастаноў. Праводзілі ці то вобшук, ці то агляд, ці то шукалі Іллю, але яго не было.
Спачатку бацька быў скептычна настроены, казаў, што калі сына затрымалі, то так і трэба, значыць было за што. Прычынай было тое, што гэта не першыя праблемы хлопца з міліцыяй, раней ён ужо два разы меў праблемы па дурасці і па малалетцы, тады Ілля рэальна быў сам вінаваты.
Але пасля бацька ўстаў на яго бок. Аднойчы нават выставіў «невядомых у цывільным», якія прыйшлі без усякіх пастаноў, сказаў ім: «Вы майму сыну псіхіку зламалі, ідзіце адсюль!»
У сакавіку 2021 сілавікі зноў прыйшлі з ператрусам, забралі Іллю. Больш на волю ён не выйшаў.

«Вы не ўяўляеце, які тут ціск і што тут робіцца»

«Цягам месяца стала вядома, за што яго забралі. Да гэтага бацькам адказвалі проста: «Не вашая справа». І першы тыдзень-два пасля затрымання сына, бацька намагаўся высветліць, дзе Ілля, за што затрыманы, яму адказвалі: вы не фігурант справы, не маем права даваць інфармацыю», — кажуць сваякі.
Спачатку Іллю Дубскага вінавацілі па двух артыкулах КК: 130 (распальванне варожасці) і 359 (тэрарызм). Але ж судзілі ў выніку за распальванне варожасці і пагрозу гвалту ў дачыненні да сілавікоў.
«Гвалту ніякага не было, — лічаць сваякі. — Іллю абвінавацілі, што ён пісаў нейкія паведамленні ў тэлеграм-чат, заклікаў людзей выходзіць на вуліцы. Таксама, што ён даслаў нейкаму чалавеку ў пагонах аўдыяпаведамленне, што той «такі-сякі». І той сілавік спачатку праігнараваў паведамленне, але калі ў Іллі забралі тэлефон, гэта ўсплыла, завялі справу і толькі тады той сілавік пайшоў пісаць заяву.
Пасля Ілля пісаў у лістах, што яго прымусілі прызнацца пад псіхалагічным ціскам. Увогуле, ён пісаў такія лісты, што слёзы на вачах. Казаў: «Вы не ўяўляеце, які тут ціск і што тут робіцца», «Калі мне дадуць 10 гадоў — гэта будзе канец майго жыцця, выйду ў 34 гады, а за спінай нічога няма».
Суд прайшоў у Магілёве. Ілля Дубскі атрымаў 5 гадоў калоніі.
«На судзе ён трымаўся годна. Віну не прызнаваў, сябе не абгаворваў, намагаўся адстойваць свае правы, — кажуць сваякі. — Мама бачылася з ім пасля абвяшчэння прысуду.
Ілля вельмі прыгнечаны. Маральна ён забіты, гэта вельмі цяжка. Магчыма, будуць праблемы са здароўем, бо нават на першым судовым пасяджэнні яму станавілася кепска, нават рабілі перапынак.
Усё гэта цяжка. Вельмі цяжка».
Абарона Іллі Дубскага будзе падаваць апеляцыю на прысуд.
Каб падтрымаць хлопца, яму можна даслаць ліст ці паштоўку па адрасе: Турма №4, Магілёў вул. Крупскай 99А, 212011, Дубскаму Іллю Сяргеевічу.
«Наша Ніва»