ПЭН-цэнтр: За першае паўгоддзе зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў

Беларускі ПЭН-цэнтр падрыхтаваў справаздачу па выніках маніторынга парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за студзень-чэрвень 2021.

dyyagramy_bel.002.png

Вытрымкі са справаздачы па выніках маніторынга парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры прыводзіць «Вясна».
Паводле інфармацыі ПЭН-цэнтра, за першае паўгоддзе 2021 года зафіксаваны 621 выпадак парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Колькасць парушэнняў за студзень-чэрвень большая за аб’ём сітуацый, зафіксаваных за ўвесь 2020-ы год. Іх было не менш за 593.

"Можна сцвярджаць, што ціск і рэпрэсіі, якія асабліва моцна выявіліся са жніўня 2020 га года, пачынаючы з перыяду прэзідэнцкай кампаніі, па-ранейшаму не слабеюць, набываюць новыя формы і закранаюць усё шырэйшае кола суб’ектаў культуры Беларусі", — сцвярджаюць у ПЭН-цэнтры.

Праваабаронцы прыводзяць дынаміку зафіксаваных парушэнняў, пачынаючы з 2020 года: 

dyyagramy_bel.003.png

Па дадзеных ПЭН-цэнтра, з агульнай колькасці палітвязняў 39 належаць да дзеячаў культуры.

Сярод іх:

  • пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец — 25.05.2021 асуджаны да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • адвакат, паэт і аўтар-выканаўца песень Максім Знак — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.09.2020;

  • мецэнат Віктар Бабарыка — 06.07.2021 (прысуды, якія сталі вядомыя на момант падрыхтоўкі тэксту) асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык — 16.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі» (так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах — абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу);

  • актывіст анархісцкага руху, аўтар турэмнай літаратуры Мікалай Дзядок — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 11.11.2020;

  • літаратар і культуролаг Юлія Чарняўская — з 20.05.2021 знаходзіцца пад хатнім арыштам (без магчымасці выхаду на вуліцу і якой-небудзь камунікацыі са знешнім светам, за выключэннем адваката);

  • аўтарка кнігі і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) — 18.02.2021 асуджаная на 2 гады калоніі агульнага рэжыму;

  • паэт і сябра «Саюза палякаў Беларусі» Андрэй Пачобут — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 27.03.2021;

  • паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 12.01.2021;

  • музыкант і менеджар культурных праектаў Марыя Калеснікава — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 12.09.2020;

  • музыкант Ігар Банцар — 19.03.2021 асуджаны на 1,5 гадоў «хіміі»;

  • бубнач Аляксей Санчук — 13.05.2021 асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • бард Анатоль Хіневіч — 24.12.2020 асуджаны на 2,5 гады калоніі;

  • менеджар культурных праектаў і бізнесмен Аляксандр Васілевіч — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.06.2020;

  • менеджар культуры Эдуард Бабарыка — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 18.06.2020;

  • дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега — 04.02.2021 асуджаны на 3 гады калоніі;

  • менеджар культуры Мія Міткевіч — 20.05.2021 асуджаная на 3 гады калоніі;

  • менеджар культуры Лявон Халатран — 19.02.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі»;

  • старшыня «Саюзу палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 23.03.2021;

  • арт-даследчыца Ала Шарко — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 22.12.2020;

  • мастак Алесь Пушкін — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 30.03.2021;

  • акцёр Сяргей Волкаў — 06.07.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • мастак па святле Даніла Ганчароў — 09.07.2021 асуджаны на 2 гады калоніі;

  • мастак Аляксандр Нурдзі наў — 05.02.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • мастак Уладзіслаў Макавецкі — 16.12.2020 асуджаны на 2 гады калоніі;

  • архітэктар Арцём Такарчук — 20.11.2020 асуджаны на 3,5 гады калоніі;

  • дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 29.09.2020;

  • дызайнер Максім Таццянок — 26.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі»;

  • аператар і гукарэжысёр Пётр Слуцкі — знаходзіцца ў Следчым ізалятары з 22.12.2020;

  • аўтар фільмаў і блогер Павел Спірын — 05.02.2021 асуджаны на 4,5 гады калоніі;

  • UX / UI-дызайнер Дзмітры Кубараў — 24.03.2021 асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • паэтка і публіцыстка, студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот — 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

  • студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько — 16.07.2021 асуджаныя на 2,5 гады калоніі;

  • студэнтка факультэта экспазіцыйнага дызайну Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік — 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

  • былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская — 16.07.2021 асуджаная на 2,5 гады калоніі;

  • танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў — 10.06.2021 асуджаныя на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • мастачка, адлічаная з апошняга курсу студэнтка Акадэміі мастацтваў Анастасія Міронцава — 01.04.2021 асуджаная на 2 гады калоніі.

Менеджар культуры Дзяніс Чыкалёў часова мае статус «былога» палітвязня, паколькі на сёння знаходзіцца на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе, але ў хуткім часе, у мэтах выканання прысуду, будзе вымушаны адправіцца ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (на «хімію»: асуджаны на 3 гады). 

За першае паўгоддзе 2021 года 24 дзеячы культуры з ліку тых, у дачыненні да каго вядзецца крымінальны пераслед, былі незаконна асуджаныя; сярод іх як тыя, хто прызнаныя палітвязнямі, так і асобы без гэтага статусу. 13 дзеячаў культуры асуджаныя на тэрмін ад 2 да 8 гадоў калоніі (7 чалавек — калоніі ўзмоцненага рэжыму), 9 чалавек — на 1,5-3 гады «хіміі», 2 — на 1-2 гады «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). 

dyyagramy_bel.001.png

"Характэрная асаблівасць другой паловы паўгоддзя палягае ў тым, што дзеячы культуры, якія былі асуджаныя на «хімію» і адпушчаныя пасля абвяшчэння прысуду на некаторы час дадому, у чэрвені сталі атрымліваць накіраванні для адбыцця пакарання ва ўстановах адкрытага тыпу. Так, у чэрвені на «хімію» адпраўленыя менеджар культуры Лявон Халатран, паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык, музыкант Ігар Банцар і дызайнер Максім Таццянок. Абскарджанне ў судзе незаконных прысудаў не прывяло да змены ім меры стрымання", — зазначылі праваабаронцы.

Таксама ПЭН-цэнтр звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання ў закрытых установах:

"У дадзены перыяд мы вылучаем 44 сітуацыі з апісаннем або згадваннем тых умоў, у якіх знаходзяцца зняволеныя. Гэта толькі тыя факты, што дайшлі да нас праз СМІ, праз публікацыі сваякоў. Мы разумеем, што існыя абмежаваныя крыніцы інфармацыі, цяжкасць, а часта адсутнасць ліставання са зняволенымі, жорсткія рамкі турэмнай цэнзуры, не даюць нам магчымасці заяўляць аб паўнаце інфармацыі, але нават па наяўных фактах мы сцвярджаем пра тое, што ўмовы ўтрымання ў дачыненні да «палітычных» зняволеных уяўляюць сабой, як мінімум, жорсткае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне, а ў шэрагу выпадкаў маюць прыкметы катаванняў".

Раней былі згаданыя сітуацыі адвольнага затрымання, крымінальнага пераследу, незаконнага асуджэння і некаторыя іншыя. Так выглядае спіс найбольш часта парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры і асоб, якія рэалізоўвалі свае культурныя правы.

dyyagramy_bel.004.png

 "Іншадумства (погляды, адрозныя ад тых, што транслююць прадстаўнікі дзяржаўнай улады) – галоўная нагода пачаць пераслед чалавека", — адзначаюць праваабаронцы.

Чытаць справаздачу ПЭН-цэнтра цалкам.

 

 

 

Чытаць справаздачу ПЭН-цэнтра цалкам.