Плюс два: у Іўеўскім раёне і Наваполацку з-за сітуацыі з COVID-19 уводзяць масачны рэжым

У Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці з-за сітуацыі з COVID-19 увялі частковы масачны рэжым. Мясцовы райвыканкам прыняў дадатак да Комплекснага плана мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюду інфекцыі COVID-19 у асенне-зімовы перыяд.

i12188_2.jpg


Галоўнае ў ім — кіраўнікам арганізацый рэкамендуецца не аказваць паслугі ў грамадскім транспарце, аб'ектах гандлю і грамадскага прызначэння асобам, якія не выкарыстоўваюць сродкі індывідуальнай абароны, паведамляе Еўрарадыё.

А Іўеўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паведамляе пра «санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы». У прыватнасці, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў павінны абавязкова выкарыстоўваць ахоўныя маскі.

Абавязковы масачны рэжым уводзіцца ў Наваполацку з 12 лістапада. Такое рашэнне прыняў гарвыканкам у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у горадзе. Ахоўныя маскі будуць абавязковыя ў грамадскім транспарце (у тым ліку ў маршрутках і таксоўках), у крамах, гандлёвых цэнтрах, аптэках, банках, поштах, адміністрацыйных будынках, паліклініках і гэтак далей. Тэрмін дзеяння рашэння мясцовых уладаў не абазначаны. Яны будуць арыентавацца на сітуацыю ў горадзе.

Нагадаем, раней масачны рэжым быў уведзены ў Магілёве, шэрагу раёнаў Магілёўскай вобласці і на Гомельшчыне. З 11 лістапада ён уведзены ў Полацку і Полацкім раёне, а таксама ў Бабруйску. У Брэсце з-за эпідэміялагічнай сітуацыі абмежаваныя масавыя мерапрыемствы ў памяшканнях і зменены рэжым працы забаўляльных устаноў і грамадскіх аб’ектаў.