Полацк. Уваравічы. Паставы. Вілейка. Глыбокае. Залессе

Полацк. Адметны помнік

Полацк. Адметны помнік
У полацкім мікрараёне «Аэрапорт» на пляцоўцы ля крамы «Фрыдрыхсхафэн» з’явіўся помнік, які ўяўляе сабой нішто іншае, як вагі. Адкрыццё яго адбылося на Дзень гандлю. Ідэя і эскіз помніка належаць намесніку старшыні Полацкага гарвыканкама Сяргею Куксаву. У сваёй прамове на цырымоніі адкрыцця Сяргей Рыгоравіч адзначыў, што сфера гандлю ў Полацку стабільна развіваецца. «Яшчэ ніводная галіна так дружна не ставіла перад сабой мэту ўвекавечыць знак сваёй працы, — падкрэсліў Сяргей Куксаў. — Я ўпэўнены, што ініцыятыву падхопяць і іншыя. Хутка будаўнікі сябе ўславяць падобнай выявай». Год таму, таксама ў Дзень гандлю, у Полацку была ўсталявана скульптура «Полацкі купец».
Уваравічы. Ленін забіў чалавека
Падзенне помніка ў мястэчку Уваравічы стала прычынай гібелі 21-гадовага мясцовага жыхара. Няшчасны выпадак здарыўся раніцай 10 жніўня на тэрыторыі мясцовай школы, дзе ў альтанцы сустракала світанак моладзевая кампанія. Хлопец ускараскаўся на пастамент помніка Леніну (вышыня шэсць метраў) і паспрабаваў павіснуць на працягнутай уперад руцэ правадыра сусветнага пралетарыяту. У гэты момант і адбылося абрушванне цяжкай канструкцыі. Па дарозе ў Гомельскую абласную лякарню малады чалавек ад атрыманых траўмаў памёр.
Паставы. Едзем на фэст
Сёлетні фестываль балцкай культуры «Menuo Juodaragis» абяцае быць маштабным і адбудзецца, як заўжды, у Літве. Як сцвярджаюць арганізатары, у далейшым фэст, напэўна, будзе меншым па размаху. Беларусы, якіх цікавіць пост-фолк, традыцыйная культура, альтэрнатыўная музыка і агулам «балцкая тэма», заўжды прыхільна ставіліся да гэтай імпрэзы. Тры дні поўнага паглыблення ў балцкую праблематыку, зорныя ў сваіх стылях гурты — «Inkubus Sukkubus», «Irfan», «Of The Wand And The Moon», «Dandelion Wine», «Virre+», «Roma Amor», «Tylos» «Labanoro», «Bix», «Donis» і многія іншыя. У рамках фэсту пройдуць гульні, танцавальныя сэты і нават семінары. Сярод лектараў беларускі філосаф-традыцыяналіст Аляксей Дзермант, які прачытае лекцыю «Крывічы: славяне ці балты?». Фестываль пройдзе на выспе возера Зарасай з 28 па 30 жніўня.
Вілейка. Чорныя капацелі
У раёне працягваюцца фіксавацца выпадкі вандалізму. Зараз пад удар іх патрапіў археалагічны помнік — Сцебурацкія камяні-валуны. Адзін з культавых камянёў зрушаны, а на яго месцы выкапана яма. Згодна з паданнем, Сцебурацкія камяні — гэта скамянелы араты і яго валы. Камяні размяшчаюцца на лініі поўдзень-поўнач і маюць выявы знакаў рун — крыжоў і рытонаў (рагоў). Гэта дазваляе казаць, што комплекс з’яўляецца даўнім святым месцам — капішчам. Пакуль невядома, якім чынам адрэагуюць на гэтае чарговае злачынства праваахоўныя органы: будзе весціся расследаванне ці парушэнне заканадаўства будзе зноў праігнаравана, як у выпадку са знішчэннем сярэднявечных могілак у в. Кульшыно.
Глыбокае. Прэзентацыя кнігі
У рамках кампаніі «Будзьма» адбылася першая прэзентацыя новай кнігі з серыі «Кнігарня «Наша Ніва» — «Рэспубліка супраць аўтакратыі. Рэч Паспалітая і Расія ў 1686–1697 гадах». Кніга гісторыка Анджэя Сулімы-Камінскага апавядае пра перыяд зацішша, калі нічога не мянялася на ўсходзе Еўропы. Але тое было зацішша перад бурай, калі адны бяздарна гублялі шанцы, а другія паслядоўна рыхтавалі змену ў балансе сілаў. Прафесар Джорджтаўнскага універсітэта Суліма-Камінскі — адзін з самых аўтарытэтных спецыялістаў па гісторыі Рэчы Паспалітай. Ягоная кніга бліскуча тлумачыць механізм функцыянавання дзяржавы палякаў, беларусаў, украінцаў, літоўцаў — сакрэт яе стойкасці, дзякуючы якому яна стагоддзямі вытрымлівала ціск мацнейшых суседзяў. Удзельнікі імпрэзы таксама азнаёміліся з новай кнігай Алега Латышонка «Нацыянальнасць — беларус».
Залессе. Кірмаш запрашае
8 жніўня ў маёнтку Агінскіх (вёска Залессе Смаргонскага раёна) адбыўся фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў». У праграме — выстава-продаж вырабаў народных майстроў, пленэр мастакоў, экскурсія па маёнтку, канцэрт мастацкай самадзейнасці былых і цяперашніх жыхароў Залесся і навакольных вёсак. Тут можна было пакаштаваць традыцыйныя мясцовыя стравы і напоі, навучыцца іх гатаваць. Арганізатары правялі імпрэзу «Запрашаем на паланез!», дзе навучалі ўсіх жадаючых першым крокам гэтага вядомага ў даўніну танца. Шмат хто меў жаданне «сфатаграфавацца з уладаром маёнтка Агінскім», заказаць свой партрэт у мясцовага мастака, а таксама набыць сувеніры з візітоўкай Залесся, дары Залесскай зямлі — бульбу і гародніну, грыбы і ягады, мёд, малако і мясцовыя сыры, яйкі і масла. Шмат хто з мясцовых жыхароў прыняў удзел у свяце, прывёз на продаж свае вырабы.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка