Алеся Краўцэвіча — у рэктары ЕГУ

Рада беларускай інтэлігенцыі падтрымала кандыдатуру гісторыка Алеся Краўцэвіча на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Пра гэта гаворыцца ў заяве на адрас кіраўнічай рады ЕГУ.



rbi_jehu_logo.jpg

Сярод падпісантаў заявы — старшыня РБІ, кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас, мовазнаўца Алена Анісім, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў, журналіст, выкладчык ЕГУ Анатоль Гуляеў, галоўны рэдактар газеты “Новы час”, кандыдат гістарычных навук Аляксей Кароль, старшыня Таварыства беларускай школы, кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка,  доктар філалагічных навук Арсень Ліс, фотамастак Георгій Ліхтаровіч, мастак Аляксей Марачкін і кінадраматург Уладзімір Халіп.  

У заяве, між іншым, адзначаецца, што ў Беларусі няма ніводнага універсітэта, дзе выкладанне вялося б на беларускай мове. Так склалася яшчэ з часоў Расійскай імперыі і СССР, дзе ўніверсітэты адыгрывалі ключавую ролю ў адлучэнні беларусаў ад іх роднай мовы. Каб дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, многія бацькі былі вымушаныя аддаваць сваіх нашчадкаў у рускія школы. Русіфікацыя праводзілася пад шырмай “інтэрнацыяналізму”, беларускай мове надаваўся імідж неперспектыўнай, “вясковай”, а тых, хто спрабаваў адстойваць сваё права карыстацца роднай мовай, абвясцілі  “нацыяналістамі” і падверглі пераследу. Пра сапраўдную сутнасць такога імперскага “інтэрнацыяналізму” сведчаць падзеі ва Украіне, дзе Расія пачала агрэсію пасля таго, як Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон аб дзяржаўнасці ўкраінскай мовы.

Рэанімацыя крамлёўскімі ідэолагамі імперскай дактрыны “русского мира” прадугледжвае, перш за ўсё, далейшую экспансію рускай мовы і абмежаванне карыстання нацыянальнымі мовамі ў краінах, якія ўваходзілі калісьці ў склад Расійскай імперыі. Менавіта таму ў Беларусі, эканоміка якой пастаўлена ў залежнасць ад расійскіх крэдытаў і энерганосьбітаў, мясцовыя ўлады спрыяюць далейшаму пашырэнню сферы рускай мовы і знішчэнню беларускай. Нягледзячы на тое, што паводле апошняга перапісу насельніцтва 83% жыхароў краіны назвалі сябе беларусамі і толькі менш за 8% — рускімі, улады застаюцца глухімі да шматлікіх патрабаванняў беларускіх грамадзян забяспечыць ім магчымасць атрымання адукацыі, у тым ліку універсітэцкай, на беларускай мове.

Вялікія надзеі прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці звязвалі з ЕГУ, як навучальнай установай, створанай для беларусаў, якія жадаюць атрымаць адукацыю, што грунтуецца на беларускіх і еўрапейскіх культурных і маральных каштоўнасцях. Аднак, на вялікі жаль, трэба прызнаць, што такія надзеі не спраўдзіліся. У ЕГУ, як і ва ўсіх універсітэтах Беларусі, руская мова выкладання застаецца дамінуючай. Пры гэтым пагардлівае стаўленне да беларускай мовы ў ЕГУ ні ў якім разе нельга разглядаць як “свабоду выбару”. Такая непавага да нацыянальных моваў і традыцый была заўсёды ўласцівая расійскім эмісарам, што накіроўваліся ў “нацыянальныя рэспублікі” як у правінцыі імперыі, каб выкараняць там “невуцтва”, насаджаючы “асвету” з дапамогай “вялікай і магутнай” рускай мовы. Яркім доказам гэтага з'яўляецца і той факт, што многія выкладчыкі і кіраўнікі ЕГУ, якія дзесяцігоддзямі займаюцца сваёй справай, так і не знайшлі час вывучыць беларускую мову, хоць многія з іх здолелі вывучыць ангельскую мову і нават выкладаюць на ёй, што для рускамоўных нашмат складаней.

Зыходзячы з гэтага, ЕГУ нельга назваць не толькі беларускім, але і еўрапейскім, бо асвечанай Еўропе заўсёды была ўласцівая павага і беражлівае стаўленне да нацыянальных моваў і культур.

Аўтары заявы выказалі шчырую ўдзячнасць краінам Еўразвязу і ЗША за дапамогу і падтрымку дэмакратычнай грамадскасці, якая жадае пераменаў у постсавецкіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, а таксама глыбокую зацікаўленасць у тым, каб гэтая дапамога выкарыстоўвалася эфектыўна і ішла на праекты, што прыносяць рэальную карысць для дасягнення агульных мэтаў. У сувязі з гэтым, наўрад ці можна назваць эфектыўнай навучальную ўстанову, якая працуе на імперскую ідэю пашырэння “русского мира”, навучаючы маладую беларускую эліту на рускай мове.

У Беларусі дастаткова высакакласных навукоўцаў і універсітэцкіх выкладчыкаў, каб забяспечыць функцыянаванне не аднаго, а шматлікіх беларускамоўных універсітэтаў еўрапейскага ўзроўню. Гэта не азначае, што ў ЕГУ ўсе без выключэння лекцыі павінны чытацца па-беларуску. Запрошаныя лектары, безумоўна, павінны мець права выбару мовы. Аднак штатныя выкладчыкі ЕГУ, калі гэты універсітэт падтрымліваецца з мэтай “дапамогі Беларусі”, павінны выкладаць свае прадметы менавіта па-беларуску.

“Мы ўпэўненыя, што калі ў ЕГУ будуць прынятыя захады для забеспячэння такога моўнага рэгламенту, гэта не паменшыць колькасць абітурыентаў, а, наадварот, прыцягне ў аўдыторыі ВНУ значна большую колькасць маладых беларусаў, якія жадаюць вучыцца на сваёй роднай мове. Не будзе гэта перашкодай і для грамадзян постсавецкіх краін, якія валодаюць рускай мовай, бо для рускамоўных разумець беларускую мову не складае вялікай цяжкасці”, — адзначаецца ў заяве.

Яе аўтары звяртаюць увагу на тое, што праект ЕГУ толькі тады можна разглядаць як дапамогу Беларусі, калі на пасаду рэктара гэтай ВНУ будзе прызначаны чалавек, які ўсведамляе асаблівую місію стварэння першага еўрапейскага універсітэта, дзе мовай выкладання будзе мова беларусаў — тытульнай нацыі краіны.

На думку сябраў РБІ, сярод кандыдатаў на пасаду рэктара ЕГУ ёсць асоба, якая адпавядае неабходным крытэрам. Гэта — вядомы беларускі медыевіст, аўтар канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, доктар гістарычных навук, прафесар, дзейны навукоўца і выкладчык Алесь Краўцэвіч, які працаваў першым прарэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Прыкладам такой асобы можа служыць і былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які, апынуўшыся ў Беларусі, у кароткі тэрмін не толькі выдатна засвоіў беларускую мову, але і ажыццявіў мноства унікальных і каштоўных праектаў па падтрымцы беларускай мовы і культуры. Дарэчы, калі б Штэфан Эрыксан пагадзіўся на пасаду рэктара ЕГУ, гэта была б таксама вельмі ўдалая і перспектыўная кандыдатура.

У заключэнне ліста ягоныя аўтары выказваюць кіраўнічай радзе ЕГУ сваю глыбокую падзяку за дапамогу і падтрымку беларусаў у іх імкненні да дэмакратычных пераменаў і еўрапейскай інтэграцыі, а таксама просяць уважліва паставіцца да меркавання сябраў РБІ і ўлічыць яго, прымаючы такое важнае і адказнае рашэнне, як прызначэнне новага рэктара ЕГУ.