Расследавальнік Хрыста Грозеў з «Bellingcat» заявіў пра ўкараненне ФСБ у беларускія структуры ва Украіне

Кіраўнік аддзела расследаванняў «Bellingcat» Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Украіне інтэграваліся супрацоўнікі расійскага ФСБ пад прыкрыццём.

ee835a4b_2e2c_463b_9c96_f202be64d368_w1023_r1_s.webp

Гэтую заяву Грозеў зрабіў у часе жывога эфіру радыёстанцыі «Рэха Масквы», фрагмент змешчаны ў тэлеграм-канале «Еўрарадыё».

Грозеў не выключае, што смерць у Кіеве беларускага актывіста Віталя Шышова — гэта забойства, і сказаў, што «Bellingcat» накіроўвае «амаль усе рэсурсы на расследаванне гэтага забойства (калі яно забойства)».

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дома ва Украіне» Віталь Шышоў знік раніцай 2 жніўня.

Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся. Віталь Шышоў увосень 2020 года з'ехаў з Беларусі ад пераследу, жыў у Кіеве. 3 жніўня яго знайшлі павешаным у Святошынскім парку Кіева непадалёк ад яго дому.

Прадстаўнік «Беларускага дома ва Украіне» Юрый Шчучко ў эфіры «Настоящего времени» паведаміў, што цела Віталя Шышова знайшлі прадстаўнікі «Беларускага дома ва Украіне», якія раніцай аднавілі пошукі. Паводле Шчучко, на твары Шышова былі сляды збіцця.

Шчучко заявіў, што актывісты «Беларускага дома ва Украіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Украіну прыязджаюць прадстаўнікі беларускіх спецслужб «для фізічнага знішчэння нашых актыўных чальцоў».

Шчучко сказаў, што на мінулым тыдні Шышоў папрасіў яго, у выпадку чаго, паклапаціцца пра яго блізкіх. «У яго было нейкае дзіўнае прадчуванне», — адзначыў Шчучко.

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Ігар Кліменка заявіў, што следчыя сканцэнтраваныя на расследаванні дзвюх версій гібелі аднаго з кіраўнікоў «Беларускага дома ва Украіне» Віталя Шышова.

«Разглядаюцца версіі пра самагубства і пра забойства з імітаваннем самагубства. Гэта дзве асноўныя версіі, хаця мы не адкідаем іншыя. Магчыма, падчас расследавання будуць і іншыя версіі», — паведаміў Ігар Кліменка 3 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.

Ігар Кліменка таксама паведаміў, што Віталь Шышоў не звяртаўся ў паліцыю з заявамі пра тое, што за ім сочаць. «Такіх зваротаў не было ні летась, ні сёлета».
Паводле «Свабоды».