Сацыёлаг: Большасць тых, хто падтрымлівае ўладу, робяць гэта са страху (відэа)

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў кажа, што падзеі ў Беларусі — рэвалюцыйныя, пры гэтым не толькі ў палітычным сэнсе. 

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У тым сэнсе, што гэтага не было пакуль нідзе ні ў якай краіне. Таму што наша рэвалюцыя беларуская — яна амаль выключна гарызантальная, яна адбываецца фактычна без лідараў, таму што іх альбо саджаюць, альбо выціскаюць з краіны, альбо ўсялякім чынам замінаюць кантактаваць, арганізоўваць грамадства.
Таму наша субʼектнасць пакуль размеркаваная, яна гарызантальная, — лічыць навуковец. — Звычайна ўсё робіцца ў іерархіі: ёсць лідар, у яго ёсць каманда, нейкія арганізацыі — усё гэта ідзе да грамадства, людзі слухаюць, што ім кажуць, і выконваюць.
У нас гэтага не здарылася, хоць ёсць шэраг арганізацый і мы бачым, што для таго стану, у якім яны знаходзяцца, з тым абмежаваным рэсурсам яны робяць надзвычай шмат. Рэспект ім і, як кажуць, “уважуха”.


Па словах Коршунава, цяпер у Беларусі вынішчаюцца не толькі спробы самаарганізацыі:
Вынішчаецца любая кропка, патэнцыйная нават, любой супольнай дзейнасці, якая хоць крыху адрозніваецца ад афіцыйнай. Але гэтую размеркаваную субʼектнасць знішчыць нельга. Адзінае, што можа рабіць улада і што яна робіць, — яна вынішчае любыя магчымасці гэтай гарызантальнай субʼектнасці сканцэнтравацца на нечым, зрабіць нейкую агульную дзею. У чым моц гэтай гарызанталі? Яе знішчыць нельга.
Шмат размоў сёння і пра тое, што грамадства падзеленае. Але тут шмат нюансаў, асабліва калі гаварыць пра тых, хто “ні за тых, ні за тых”.
Калі казаць пра лічбы, тут вельмі цікавая рэч. Грамадства падзеленае: дзесьці 35-40 адсоткаў тых, хто падтрымлівае пратэст, каля 25-30 адсоткаў тых, хто падтрымлівае ўладу, але “жорсткіх” прыхільнікаў улады 15-20 адсоткаў, астатнія падтрымліваюць уладу таму, што не бачаць альтэрнатывы.
А вось тых, хто не падтрымлівае ні тых, ні тых, з аднаго боку, можна зразумець. Яны, хутчэй за ўсё, галасавалі супраць Лукашэнкі, але яны не думалі, што ўсё будзе так доўга. Яны думалі: прагаласавалі, Лукашэнка сыдзе, і ўсё будзе добра…
Гэта людзі, якія засяроджаны на паўсядзённасці. Я думаю, што зараз даволі цяжка будзе іх неяк ускалыхнуць… Цэны растуць, пытанні з працай ёсць, асабліва ў рэгіёнах. Добрая частка людзей адыходзіць ад пытанняў палітыкі, пераменаў у пытанні паўсядзённасці.
Яны будуць займацца пытаннямі выжывання. Таму што жыццё даражэе, а неяк трэба карміць сямʼю. Яны не тыя, хто супраць чагосьці, яны засяроджваюцца на сабе.
Але Коршунаў упэўнены, што разлом найперш ёсць паміж большай часткай грамадства і ўладай.
Таму што большасць тых, хто падтрымлівае яе [уладу. — Еўрарадыё], робяць гэта са страху. Іх нішто акрамя гэтага не яднае. А тых, хто супраць улады, яднае шмат чаго. Шчырай падтрымкі ўлады я не бачу.
Канстатуе ён і наступнае: насамрэч шмат у каго праз падзеі, якія адбываліся апошнія паўтара года, ёсць траўма — яна ёсць у грамадства ў цэлым. Але ставіцца навуковец прапаноўвае да гэтага так: траўма — гэта досвед, які мацуе кожнага паасобку і ўсіх разам.
Нехта спрабуе выратавацца ў тым ліку ад гэтай траўмы праз міграцыю. Адказваючы на пытанне пра яе, Коршунаў прызнае:
Зразумела, Беларусь губляе шмат цяпер. Усе мы губляем перш за ўсё час, таму што ідзе разбурэнне дзяржавы. Улада разбурае нашу дзяржаву і нашу будучыню.
Але ёсць і пазітыўны пункт гледжання.
І даследаванні паказваюць, і асабісты досвед: добрую частку сваіх высілкаў яны кладуць не на сябе, нават не на сваю сямʼю, але на будучыню. Людзі працуюць на Беларусь. Укладваюцца, часам фінансава, у нашу будучыню агульную. Зразумела, з цягам часу ўсё больш будуць асядаць, вернуцца не ўсе.
У якасці прыкладу Коршунаў прыводзіць тых, хто зʼехаў дзесяць-пятнаццаць гадоў таму: шмат хто з іх не парывае з Беларуссю. Адсюль і такая выснова: “Нават тыя, хто не вернецца, будуць лічыць справай гонару дапамагаць будаваць новую краіну, новую дзяржаву”.
Паводле Еўрарадыё