Спорт па нядзелях. Беларус хацеў заняць месца Фазела, але яго адрынулі

Раніца нядзелі — самы млявы час на тыдні. Самы лянотны і дрымотны. Хочацца падаўжэй паваляцца ў ложку? Няма моцы ўставаць і займацца хатнімі справамі? Максімум, на што падымаецца рука, — згатаваць кубачак кавы? Тады мы ідзем да вас — са спортам і аглядам яго асноўных падзей за мінулыя сем дзён.

                
Пачнем з самага свежага, а там, магчыма, да вас і вернецца звыклая бадзёрасць.

Ганчароў балатаваўся, але не выбалатаваўся. І ўвогуле сышоў

Учора ў Пецярбургу адбыўся выязны Кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея. Яго галоўнай інтрыгай былі выбары новага прэзідэнта ІІХФ — простымі словамі, чалавека, які ў бліжэйшыя пяць гадоў будзе кіраваць сусветнай лядовай гульнёй. Які зменіць Рэнэ Фазела — швейцарскага дантыста, што займаў крэсла галоўнага хакейнага бонзы ажно 27 гадоў.

З беларускай прызбы гэта была б цікавая, але не надта значная падзея, калі б не адна падрабязнасць. У шэрагі кандыдатаў раптам патрапіў прадстаўнік нашай краіны — 38-гадовы Сяргей Ганчароў. Этнічны рускі, ураджэнец Германіі, які, аднак, звязаў жыццё менавіта з Беларуссю.

Ганчароў імкнуўся ў пераемнікі Фазела з пазіцыі даволі вядомага і досыць дасведчанага спартовага чыноўніка, члена Рады ІІХФ, і некаторыя беларускія медыя паспяшаліся высока ацаніць яго шанцы на выбранне. Гэта, канечне, аказалася памылкай. Занадта шмат усяго адыёзнага адбылося ў Беларусі ў мінулыя паўтара года (чаго вартая толькі адмена ў Мінску чэмпіянату свету), каб выбаршчыкі аддалі перавагу грамадзяніну РБ. Занадта шмат кепскіх успамінаў, фантомных боляў і рэпутацыйных катастроф.

То беларуса і не абралі, адсеяўшы ягоную кандыдатуру ў трэцім раўндзе галасавання. А выйграў гонку ў выніку 68-гадовы француз Люк Тардзіф, з чым яго і віншуем.

Што да Ганчарова, то ягоную спробу можна было б лічыць тэхнічнай — з прыцэлам на раскрутку і перспектыву. Чалавек ён малады, і праз пэўны час мог зноў пайсці на штурм прэстыжнай вяршыні. Тым больш шлях ён абраў папулісцкі — у перадвыбарчы перыяд прасоўваў ідэю пашырэння колькасці ўдзельнікаў чэмпіянату свету да 24 каманд. Невялікім нацыянальным федэрацыям гэткі падыход яўна прыйшоўся даспадобы. Аднак тэхнічнай спроба беларускага прэтэндэнта ўжо дакладна не будзе. Бо яшчэ падчас кангрэса, не атрымаўшы дастатковай колькасці галасоў, Ганчароў абвесціў, што наогул сыходзіць з Міжнароднай федэрацыі — пакідае нават Раду ІІХФ.

Чым быў прадыктаваны такі дэмарш, невядома, але ў беларускім сеціве адразу ж папаўзлі чуткі, што цяпер Сяргей Уладзіміравіч можа ўзначаліць Беларускую федэрацыю хакея — месца кіраўніка там застаецца вакантным пасля скандальнага сыходу Дзмітрыя Баскава. Аднак і гэта, хутчэй за ўсё, не болей чым вільготныя мары. Мы жа памятаем, што наступным старшынёй ФХБ мусіць стаць «не хакеіст, але вялікі спартовец».

Ну а Фазел офіс у Цюрыху пакідае. Толькі сыходзіць не на пенсію, а пераязджае ў Расію. Там яму паабяцалі пасады ў структуры Кантынентальнай хакейнай лігі ды мясцовай федэрацыі. І гэта — вельмі па-расійску.

«Шахцёр» трэці раз за сезон змяніў трэнера. І стаў яшчэ больш падобны да БАТЭ 

У футбольным Салігорску зноў перыяд перамен. Так геніяльна там кіруюць мясцовым клубам, што час ад часу даводзіцца выкарыстоўваць методыкі шокавай тэрапіі. Бо звычайны, планамерны, удумлівы падыход у «Шахцёры» чамусьці не працуе. Толькі наган і скураная куртка.

У панядзелак салігорскія «камісары» «стрэлілі» ў Сяргея Гурэнку — галоўнага трэнера, які быў прызначаны менш чым два месяцы таму. Трыгерам стала параза ў Барысаве ад БАТЭ, а наогул да гэтага ўсё ішло даўно — з той пары, як гарнякі пачалі прайграваць ды прайграваць, вылецелі з еўракубкаў і Кубка краіны. Дый чуткі ішлі не проста так, маўляў, каманда гэтага настаўніка не прыняла, а гульцы аднойчы ледзьве не зладзілі страйк, зазбіраўшыся дэманстрацыйна не выходзіць на трэніроўку.

І вось трэнера прыбралі — ужо другі раз за сезон (да Гурэнкі «Шахцёрам» кіраваў украінец Раман Грыгарчук). Трэцяга абіралі нядоўга — і даверылі стырно 40-гадоваму Аляксею Базе. Пра ягоную эпічную фразу «Гэта было лепш за секс» мы ўжо згадвалі — а зараз падкрэслім іншае і ўсур’ёз.

Аляксей Бага. Фота прэс-службы ФК «Шахцёр»

Аляксей Бага з тых людзей у беларускім футболе, якія «з дзяцінства за БАТЭ». І справа нават не ў тым, што супраць БАТЭ яму цяпер прыйдзецца змагацца — у спорце такое ўсюды і побач. Справа ў іншым — проста з прызначэннем новага трэнера «Шахцёр» стаў нагадваць барысаўскую каманду літаральна пайменна.

Глядзіце самі. У варотах Аляксандр Гутар — былы барысавец. У абароне Ягор Філіпенка — былы барысавец. У паўабароне Ігар Стасевіч і Юрый Кендыш — былыя барысаўцы. У атацы Максім Скавыш — былы барысавец. Ну і вось дадаўся галоўны трэнер — таксама былы барысавец.

Засталося толькі пераехаць гуляць на «Барысаў-Арэну» і падабенства будзе поўным. «Наперад, Барысаў!» — як здаўна скандуюць заўзятары сярод печынскіх соснаў.

Футбаліст Расціслаў Шавель атрымаў «хатнюю хімію». І ўжо на волі

Апошнія тры месяцы 20-гадовы нападаючы Расціслаў Шавель мог трэніравацца хіба што «на котках». У чэрвені яго затрымалі, падвялі пад крымінальную справу аб «арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», і ад той пары няволілі за кратамі.

Расціслаў Шавель і АМАП

Пакуль былы форвард «Гарадзеі» сядзеў у камеры, беларускі футбол імкліва сягаў у завоблачныя высі. Клубы оптам выляталі з еўракубкаў, зборная памалу завальвала кваліфікацыю чэмпіянату свету — з кожным днём жыць і гуляць станавілася ўсё лепей, усё весялей.

Па праўдзе, чакалася, што і Расціслава чакае незайдросны прысуд — з рэальным тэрмінам зняволення ці (у лепшым выпадку) «хімія» «з накіраваннем». Хлопец не аднойчы ўдзельнічаў у пратэстах, не хаваў гэтага і распавядаў у інтэрв’ю, а ў «анамнезе» неабыякавага футбаліста ўжо былі 38 сутак адміністрацыйнага арышту.

Балазе абыйшлося. Маладому палітвязню прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» і адразу вызвалілі. Цяпер ён дома, і гэта добра.

Беларускія біятланісты не ўберагліся ад каронавіруса. І прапусцілі чэмпіянат краіны

Ілюстрацыйны здымак. Фота minsknews.by

Хочаш рассмяшыць каронавірус — раскажы яму пра свае планы. У беларускіх біятланістаў яны — планы — былі добрыя. У верасні, значыць, прыняць удзел у чэмпіянаце краіны па летнім біятлоне — і хай гэта стане прадуктыўным этапам падрыхтоўкі да лютаўскай Алімпіяды ў Пекіне. Так-так, новыя Гульні ўжо не за гарамі, і айчынныя «зімнікі» ўжо актыўна рыхтуюцца.

Ды толькі вось жа халера: паляцелі ў смеццевы кош вераснёўскія намеры беларускіх страляючых лыжнікаў. А менавіта — мужчынскай часткі нацыянальнай зборнай. Добра хоць прычыну вырашылі не хаваць, як летась футбалісты. Тым больш прычына на сёння дужа трывіяльная — біятланістаў выкрасліў з трэніровачнага графіку зламысны COVID-19. Акурат пасля трэніровачнага збора ў італьянскім Антхольцы падкраўся незаўважна — і ўсё, цяпер лячэнне, ізаляцыя, тэсты.

Што цікава, жаночую палову каманды каронавірус не крануў. Дзяўчаты чэмпіянат краіны на лыжаролерах адкаталі і ніводнай скаргі на здароўе не зафіксавана. То, можа, і праўду кажуць: жанчыны ў Беларусі мацнейшыя за мужчын? Уласна, датычна біятлону гэта сапраўды так. Спадарыні тут умеюць перамагаць — у тым ліку на Алімпіядах. А спадары вось зусім развучыліся ганяць на лыжах і выбіваць мішэні. То хай лечацца — спяшацца ім няма куды.

«Цмокі» вырашылі змяніць беларускамоўную назву. І пачалі сезон з аглушальнага правалу

На пачатку верасня флагман беларускага мужчынскага баскетболу мінскія «Цмокі» заявілі аб тым, што цяперашняя назва клуба існуе апошні сезон. А потым найменне будзе іншае, якое яшчэ патрэбна прыдумаць.

Патлумачылі рэбрэндынг, канечне, сумнеўна. Як мінімум, некампетэнтна, як максімум — крывадушна. Маўляў, гэта ўжо гісторыя, варта шукаць новыя формы. Сказаць, што такая матывацыя ідзе насуперак сусветным спартыўным трэндам — не сказаць анічога. Бо футбольны «Манчэстэр Юнайтэд», напрыклад, завецца так з 1902 года, і калі гэта «ўжо гісторыя», то яе ў Англіі дужа шануюць. Бо хакейны «Манрэаль Канадзіенс» на слыху з 1909-га, і ніхто там у Канадзе не збіраецца «шукаць новыя формы». Што-што, а назва — апошняе, што ў спорце звычайна мяняюць. Наадварот — назву берагуць, бо яна брэнд, на які адклікаюцца заўзятары.

Але ж Беларусь з астатнім светам нібыта існуе ў паралельных рэчаіснасцях. І ў гісторыі з «Цмокамі» яшчэ ж красамоўна адсвечвае падазрэнне, што менавіта беларускамоўнасць назвы паўстала пасярод горла — і ўпоперак цяперашніх ідэалагічных плыняў. То, мусіць, пераймянуюць клуб на расійскі капыл.

Між тым стартаваў новы сезон у Лізе ВТБ — міжнародным турніры, дзе большасць удзельнікаў складаюць расійскія клубы. «Цмокі» тут даўно лётаюць нізка — канкурэнцыі не вытрымліваюць і з года ў год плятуцца ўнізе табліцы, аб выхадзе ў плэй-оф нават не заікаючыся. Мяркуючы па ўсім, бягучы чэмпіянат выключэннем не стане, бо ў стартавым матчы мінчане аканфузіліся на ўсю Лігу. На хатнім паркеце беларуская каманда саступіла маскоўскаму ЦСКА з ганебным лікам 44:92.

Фота прэс-службы БК ЦСКА

«Ну, важней жа было выдаткаваць грошы на рэбрэндынг, а не на тое, каб наняць адэкватны менеджмент і наладзіць сувязі з адэкватнымі скаўтамі і селекцыянерамі», — выказаўся з гэтай нагоды вядомы баскетбольны аглядальнік і былы супрацоўнік клуба Дзмітрый Герчыкаў.

Дадаць тут нешта складана. Бо ад перамены назвы лічбы на табло не мяняюцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: