Стварыць ў Гродна дзяржаўны музей Васіля Быкава і назваць вуліцу горада яго імем

З такою прапановаю да ўладаў Гродна звярнуўся старшыня грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Алег Трусаў.



5e4d1655_6034_4f37_b957_04013bb81f8d_mw1024_n_s.jpg

Алег Трусаў

У сваім лісце на імя старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Худыкі кіраўнік ТБМ, між іншым, адзначае: з нагоды абвяшчэння старажытнага Гродна культурнай сталіцай краіны 2014 года было б вельмі годна адкрыць у горадзе ў наступным годзе музей народнага пісьменніка Беларусі, тым больш, што 19 чэрвеня 2014 года спаўняецца 90 гадоў з дня народзінаў найвялікшага айчыннага творцы, якога называюць сумленнем беларускай нацыі.

Старшыня грамадскага аб’яднання лічыць мажлівым прыцягнуць да працы ў музеі сына народнага пісьменніка Беларусі — Васіля Васільевіча Быкава — у якасці штатнага ці ганаровага супрацоўніка. «Беларусь мае такі досвед, калі ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа спачатку працаваў яго сын Міхась Міцкевіч, а зараз працуе праўнучка народнага паэта Беларусі Васіліна Міцкевіч. Праца Васіля Васільевіча Быкава ў музеі ягонага бацькі вельмі падняла б прэстыж як самой установы культуры, так і горада Гродна», — гаворыцца ў лісце.

Аднак гродзенскія ўлады не пагадзіліся з прапановаю старшыні ТБМ. У адказе Гродзенскага гарвыканкама паведамляецца, што ў Гродна ў 2014 годзе не плануецца адкрыццё новых музеяў, у тым ліку і Васіля Быкава, а пытанне аб наданні адной з вуліц горада імя народнага пісьменніка Беларусі можа быць разгледжана пры будаўніцтве новых вуліц, якія з’яўляюцца ў мікрараёнах Гродна, пасля разгляду адпаведных прапаноў на пасяджэнні гарадской тапанімічнай камісіі.

У каментары НЧ Алег Трусаў выказаў меркаванне, што жыхары Гродна павінны тэрмінова пісаць ў гарадскую тапанімічную камісію лісты з прапановаю надаць адной з новых вуліц горада імя народнага пісьменніка Беларусі, а таксама патрабаваць адкрыцця дзяржаўнага музея Васіля Быкава. «У Гродне працуе грамадскі музей творцы, але няма такой дзяржаўнай установы культуры. І справа ўладаў – ці ствараць яе, ці пераўтвараць грамадскі музей у дзяржаўны», — сказаў старшыня ТБМ.