Пракурор запатрабавала для Андрэевай і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі. Прысуд — заўтра

У Фрунзенскім раённым судзе Мінска а 10-й гадзіне працягнулася чарговае пасяджэнне па крымінальнай справе супраць журналістак тэлеканала «Белсат» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай.

1640x856_1_1_1.png


Як перадае Радыё Свабода, у самым пачатку працэса суд пастанавіў зняць грамадзянскі пазоў «Мінсктранса». Згодна з гэтым пазовам, журналістак спрабавалі абавязаць сплаціць шкоду «Мінсктрансу» за спыненне руху 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных. Гэтую шкоду ацанілі ў 11 562 рублі і 14 капеек.

Журналісткі за кратамі з 15 лістапада 2020 года. Іх вінавацяць паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу ("Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «Плошчы перамен», калі яны вялі жывую трансляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку. Ім пагражае да трох гадоў турэмнага зняволення.

Цяпер суд разглядае рэчавыя доказы па справе. Пракурор паказвае рэчы, якія следства лічыць рэчавымі доказамі. Гэта відэакамэра, тэлефоны, камізэлька з надпісам «Прэса», штатыў, драты.Таксама ў рэчавых доказах знайшоўся бел-чырвона-белы сцяг. Муж Андрэевай пазнаў яго — гэта той сцяг, які быў у іх кватэры. Яго забралі сілавікі падчас ператрусу, які правялі ў парушэнне працэсуальных нормаў. Ігара Ільяша не было дома, таксама ператрус праводзілі без адвакатаў і без сведак.
10.44 Cуддзя Наталля Бугук зачытала аналіз стрыму. Лінгвістка, якая зрабіла экспертызу, адзначыла, што словы Кацярыны Андрэевай не ўтрымлівалі якіх-кольвек заклікаў да актыўных дзеянняў. Словы журналісткі мелі апісальны характар, а менавіта перадавалі змест бягучых падзей на «Плошчы перамен».

На судзе разабралі фразу «Заставайцеся з намі». Лінгвістка тлумачыць у экспертызе, што гэтая фраза распаўсюджаная і не заклікае да нейкіх дзеянняў. Суд прагледзеў усе матэрыялы справы. Адвакат дадае да справы копію дыплому Дар’і.

Адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі просіць дадаць да справы запыт у «БАЖ» аналізу аб прафесійнай этыцы журналістак.

Камісія па этыцы «БАЖ» сцвярджае, што Каця не заклікала гледачоў да аніякіх дзеянняў, прытрымлівалася прынцыпаў аб’ектыўнасці, якія адпавядаюць прынцыпам прафесійнай этыкі журналіста.

11:10 Да справы далучылі дакумент ад брытанскай праваабарончай арганізацыі Article19. У ім напісана, што журналісткі выконвалі свае журналісцкія абавязкі, не заклікалі да дзеянняў. Арганізацыя выступае з патрабаваннем вызваліць журналістак і выконваць правы на свабоду слова.
Адвакат падаў хадайніцтва аб перапынку, каб звязацца з яшчэ адным спецыялістам-лінгвістам. Пракурор была супраць, і суддзя адмовіў. Судовае следства скончана, пачынаюцца спрэчкі бакоў.

Пракурор зачытвае, што дзяўчыны рабілі ў кватэры, апісвае тэхніку, з якой яны былі 15 лістапада. Зноў узгадвала незадаволеных «мясцовых жыхароў», якія званілі на нумар 102.

«З карыслівых меркаванняў у камізэльцы «Прэса» і з дапамогай тэлефонаў яны здзейснілі гэтае злачынства», – сцвярджае пракурор.

Пракурор Аліна Касьянчык кажа, што дзяўчыны выходзілі на праезную частку дарогі і бралі там каментар, таму транспарт спыніўся. Нібыта гэта выклікала масавы выхад людзей на праезную частку дарогі, а значыць, і арганізацыю масавых беспарадкаў.

Пракурор сцвярджае, што Кацярына ведала, што на месца прыехала міліцыя. Пра гэта сведчыць тое, што дзяўчыны хаваліся ад праваахоўнікаў у кватэры і хаваліся ад дронаў, клаліся на падлогу.

Паводле Аліны Касьянчык, адвакаты спрабуюць пазбавіць іх ад адказнасці за здзейсненае злачынства.

«Гэта павышаны характар небяспекі правапарушэння», — сцвярджае Касьянчык.

Пракурор запатрабавала для Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай па 2 гады пазбаўлення волі кожнай. Просіць канфіскаваць усю тэхніку на карысць дзяржавы.

11.45. Адвакат Дар’і Чульцовай Аляксандр Хаецкі ў спрэчках казаў, што прадстаўленыя абвінавачанні не могуць быць доказам іх правапарушэння, а таксама звярнуў увагу на шматлікія працэсуальныя парушэнні. Напрыклад, дыскі з доказамі не былі апячатаныя, таму ёсць сумневы, адкуль у следства ўвогуле гэтыя запісы; ператрус праводзілі незразумела як, без санкцыі пракурора (гэта дае падставу ўвогуле не прымаць пад увагу доказы, здабытыя з парушэннем закона. — НЧ). Ён дадаў, што няма ўцямнага тлумачэння розніцы, што такое проста парушэнне грамадскага парадку і грубае парушэнне грамадскага парадку.

Таксама адзначыў, што няма доказаў таго, што Дар’я і Кацярына выходзілі на праезную частку. Трансляцыя не можа ўтрымліваць у сабе прыкметы закліку да дзеянняў. Адзначае, што на месцы не было мабільнага інтэрнэту і таму дзяўчыны не маглі арганізаваць масавыя беспарадкі.

Слова ўзяў адвакат Андрэевай Сяргей Зікрацкі.«Улады ведалі, што на Плошчу перамен прыйдуць людзі, і павінны былі арганізаваць іх бяспеку. Тысячы людзей не маглі б змясціцца на тратуары, і цалкам лагічна былі дзеянні з боку людзей выйсці на праезную частку. Улады павінны выконваць права людзей на мірны сход. Нават калі сход быў неарганізаваны, гэта не павінна перашкаджаць журналістам асвятляць яго. […] Я ўпэўнены, што ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Аднак следчыя ўсё ж распачалі крымінальныя справы на журналістак і нават "расследавалі" іх».

«Каб лічыць, што журналісткі ажыццявілі дзеянні, якія груба парушаюць грамадскіх парадак, там павінна была быць трэцяя асоба, якая пацвердзіла б іх віну, калі б хтосьці прыйшоў сюды ў залу і сказаў, што, маўляў, "так, праз дзеянні Бахвалавай і Чульцовай я выйшаў і стаў у счэпку". Такіх людзей не было… Нам яшчэ трэба высветліць факт прыпынення грамадскага транспарту, хто канкрэтна гэта зрабіў. Ніхто з «Мінсктранса» дакладна не мог высветліць, а якой і чаму спыніўся рух грамадскага транспарту: ці спачатку людзі перакрылі рух транспарту ці нехта іншы перакрыў дарогу, пасля чаго спыніўся грамадскі транспарт», — кажа адвакат.Зікрацкі адзначыў, што суд праглядзеў толькі тыя запісы, якія запатрабавала дзяржабвінаваўца. «Мы ж не можам убачыць агульную карціну, і ўжо даказана, што ў словах Кацярыны няма заклікаў. Калі журналістка палічыла патрэбным спаслацца на нейкі тэлеграм-канал, то гэта цалкам яе права». Дар'я Чульцова ўвогуле толькі здымала відэа і ніяк не каментавала падзеі.

Зікрацкі прааналізаваў кожную фразу ў абвінавачанні. На яго думку, у ім сапраўдныя толькі дата, адрас дома, назвы гаджэтаў і тое, што журналісты вялі жывы эфір і агучвалі інфармацыю. Астатняе — альбо дадумкі следства (як з «магчымым супрацьстаяннем дзеянням праваахоўных органаў»), альбо сцвярджэнні, якія не маюць доказаў ці ўдакладненняў (як з зачытаннем інфармацыі з «дэструктыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках»).

«Да таго моманту, як Бахвалава выйшла на праезную частку, яна ўжо была запоўненая людзьмі. Кацярына не ажыццяўляла групавы выхад на праезную частку і не блакавала рух. Бахвалава як журналіст ўзяла каментары ў асоб, якія там ужо знаходзіліся. < ... > Фактычна мы ўсталявалі, што Кацярына Бахвалава ажыццяўляла працу журналіста. За гэтыя дзеянні яна і Дар'я Чульцова ўжо больш за тры месяцы знаходзяцца за кратамі. Мы мяркуем, што ў дзеяннях Бахвалавай і Чульцовай адсутнічае склад злачынства», — заявіў адвакат.

13.40. На працэсе журналісткам далі апошняе слова.

«Я не здзяйсняла ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Усе матэрыялы паказваюць на маю невінаватасць. Я спадзяюся на сумленны і справядлівы апраўдальны прысуд», — цытуе TUT.BY Дар'ю Чульцову.

Апошняе слова на судзе ад Кацярыны Андрэевай: «Мне 27 гадоў, 6 з іх я прысвяціла ўлюбёнай прафесіі — журналістыцы.

Мінулым летам я ператварылася ў рэпарцёра з гарачай кропкі. Штораз, калі я працавала, я рызыкавала не толькі сваёй свабодай, але і здароўем, жыццём. У мяне атрымлівалася ўварочвацца ад гумавых куляў і працягваць весці рэпартаж, працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Маім калегам пашчасціла менш. Іх білі ў жывот, ім ламалі насы, у іх стралялі з некалькіх метраў.

15 лістапада людзі, узрушаныя забойствам Рамана Бандарэнкі, выйшлі, каб выказаць свой пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на Плошчы перамен у наўпроставым эфіры тэлеканала «Белсат». За гэта мяне кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачання.

Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калег. Свабоду Дар’і Чульцовай, свабоду Кацярыне Барысевіч, свабоду Ігару Лосіку, Але Шарко, Юліі Слуцкай і астатнім сотням палітычных зняволеных. Дзякую».

Прысуд агучаць 18 лютага а 10:00.