Суд палічыў, што артыкул Сяргея Ляпіна не адпавядае рэчаіснасці

Эканамічны суд Гомельскай вобласці палічыў, што артыкул журналіста Сяргея Ляпіна не адпавядае рэчаіснасці


004_1024x683.jpg

Матэрыял датычыўся будаўніцтва жыллёвага комплексу «Ветразь» на старых габрэйскіх могілках.

Суд задаволіў пазоў кампаніі-забудоўніка «УКС-Дронго» аб абароне дзелавой рэпутацыі.

Аднак журналіст не згодны з рашэннем суда і будзе абскарджваць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Сяргей Ляпін

Сяргей Ляпін

— Падчас судовага пасяджэння былі прадстаўлены матэрыялы. Напрыклад, адказ з Акадэміі навук, які загадзя папярэдзіў забудоўшчыка ў адказ на ягоны запыт, што сапраўды ў раёне вуліцы Сожскай, 5 знаходзіліся габрэйскія могілкі. На судовым пасяджэнні выступалі гомельскія гісторыкі, прадстаўлялі старыя мапы, якія кажуць пра тое, што на месцы, дзе цяпер вядзецца будоўля, знаходзіліся могілкі.

Прадстаўнік Сяргея Ляпіна ў судзе Марыя Булавінская гаворыць, што па паводзінах суддзяў можна было зразумець, што яны загадзя прынялі бок забудоўнікаў:

 — Была такая сітуацыя, калі суддзя бярэ план 1913 года і кажа, чаму вы лічыце, што гэтыя каменні, гэта менавіта пазнакі могілак? Вось для мяне зразумела, я бачу Навабеліцкія могілкі, дык там крыжыкі. Прыйшлося тлумачыць, што на Навабеліцкіх могілках крыжыкі, бо гэта хрысціянскія могілкі, а на Сожскай стаяць каменьчыкі, бо там пахаваныя габрэі.

Паводле рашэння эканамічнага суда Гомельская вобласці, Сяргей Ляпін абавязаны выплаціць 300 рублёў кампенсацыі за судовыя выдаткі на паслугі юрыдычнага прадстаўніка кампаніі-забудоўніка «УКС-ДРОНГО».

Беларускае Радыё Рацыя