Суд скасаваў штраф за сумны смайлік у «Аднакласніках»

Андрэй Юркоў з Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласці выказаў негатыўнае стаўленне да нацысцкага рэжыму, паставіўшы пад допісам у «Одноклассниках» смайлік «сумую». За гэта яго аштрафавалі. Дрыбінскі раённы суд скасаваў сваё ж рашэнне аб накладанні штрафу, паведамляе "Радыё Свабода".

happy_yurkou.jpg


Актывіст руху «За Свабоду», былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Андрэй Юркоў паставіў смайлік «сумую» пад допісам з выяваю нацыскай сымболікі ў «Одноклассниках». За гэта суддзя Барыс Пігаль пакараў актывіста 255 рублямі штрафу (10 базавых велічыняў).
Паводле Юркова, 25 лютага суддзя Людміла Новікава палічыла, што ягоная рэакцыя на публікацыю ў сацыяльнай сетцы і складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні з'явіліся раней, чым Кастрычніцкі раённы суд Віцебска прызнаў выяву нацысцкай сымболікі экстрымісцкай. Рашэнне віцебскага суду ўступіла ў сілу 27 лістапада 2019 году. Пратакол аформілі на Юркова 19 лістапада.
Першы раз справу супраць актывіста Дрыбінскі суд разглядаў 23 снежня 2019 году. 6 студзеня 2020-га Магілёўскі абласны суд палічыў, што яна не разгледжаная належным чынам. Не была дадзена ацэнка кантэксту публікацыі, асобы аўтара і наступстваў з'яўлення выявы ў сацыяльнай сетцы.