Сумнае 1 верасня. У Беларусі за год знікла 69 школ

У Беларусі, паводле звестак Міністэрства адукацыі, на 1 верасня функцыянуе 2940 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Летась іх было на 69 больш.

scale_1200__3_.webp


Аб закрытых у Беларусі школах казаць не прынята. Але, мяркуючы па статыстыцы, кожны год новых школ у краіне адкрываецца значна менш, чым зачыняецца старых.

Параўнанне бягучага года і мінулага

Напярэдадні 1 верасня Міністэрства адукацыі радасна паведаміла, што ў Беларусі ўводзяцца 7 новых школ (па 1 школе ў Баранавічах, Гомелі, Бабруйску, Стоўбцах, Калодзішчах і 2 школы ў Мінску).

Безумоўна, гэта радуе. Аднак Thinktanks.by параўнаў новую школьную статыстыку Міністэрства адукацыі з леташняй, і ўсё аказалася не гэтак аптымістычна.

Так у 2021-2022 навучальным годзе ў Беларусі будзе функцыянаваць 2940 дзяржаўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Паводле звестак Белстата, у 2020-2021 годзе такіх устаноў налічвалася 3009.

Гэта значыць колькасць школ скарацілася на 69.

У гэтым навучальным годзе 1 верасня заняткі пачалі каля 1 млн. 85 тысяч навучэнцаў, з іх 118 тысяч першакласнікаў.

Тут таксама назіраецца невялікае скарачэнне школьнікаў, хоць іх колькасць «плаваючая», і залежыць ад мінулай дэмаграфічнай стабільнасці або дэстабілізацыі.

Дынаміка мінулых гадоў

На пачатак 2020/2021 навучальнага года ў Беларусі налічвалася 3009 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з колькасцю навучэнцаў 1,1 млн чалавек.

У 2019-2020 навучальным годзе ў Беларусі дзейнічала 3020 устаноў сярэдняй адукацыі, якія навучалі амаль 1 млн 32 тысячы дзяцей.

На пачатак 2017/2018 навучальнага года ў краіне налічвалася 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Колькасць навучэнцаў у параўнанні з пачаткам 2016/2017 навучальнага года тады павялічылася на 12 тыс і склала 995 тыс чалавек.

У 2016/2017 навучальным годзе ў Беларусі функцыянавала 3167 школ або роўна на 100 школ больш, чым праз год.

Скасаванне школ у Беларусі актыўна вядзецца з пачатку 90-х гадоў. Галоўная прычына ліквідацыі дадзеных устаноў адукацыі — скарачэнне школьнікаў на вёсцы. Хоць сцвярджаць, што сярэднія навучальныя ўстановы зачыняліся толькі ў сельскай мясцовасці — перабольшанне.

Але дынаміка вельмі сумная.

Так у 2015 годзе ў Беларусі налічвалася 3230 школ. У 2010 годзе — 3654 ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У 2005 годзе такіх устаноў у нас налічвалася 4,1 тысяч, а ў 2000 – 4,7 тысяч. У 1994 годзе агульная колькасць школ у Беларусі складала каля 5 тысяч.