«Тату падключылі кісларод». Бацькі Паўла Севярынца захварэлі на COVID-19

Пра гэта паведаміла пісьменніца і педагог Ганна Севярынец — сястра палітвязня.

Таццяна і Канстанцін Севярынцы, бацькі Паўла і Ганны

Таццяна і Канстанцін Севярынцы, бацькі Паўла і Ганны

— Тата зараз ў інфекцыённай бальніцы Віцебска з ковідам, падключылі кісларод, — напісала Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Мама пакуль дома, але таксама моцна захварэўшы. Учора, пакуль цягнулася абсурдная эпапея з татавай гаспіталізацыяй — я нават пакуль словаў не знаходжу, каб гэта пераказаць — сталі нам відавочныя і калапс сістэмы, і цынізм адных дактароў, і гераічная самаахвярнасць іншых. Цяпер толькі калі кожнаму з нас будзе трапляцца харошы чалавек — толькі тады будзем жыць, бо сістэма абвальваецца, наўпрост на галовы людзей. Хай бы татку і мамусіку трапіліся харошыя людзі. Мы ніколі не ўмелі заводзіць знаёмствы ў патрэбных сферах, няма нам на каго разлічваць, што прыйдзе і неяк па-асабліваму паставіцца, толькі надзея на харошых людзей.

«Віцебск, дарагі, хай у вас там усё яшчэ трымаюцца адзін аднаго харошыя дактары і медсестрычкі. Не пішыце і не тэлефануйце пакуль бацьку, яму цяжка размаўляць, чытаць і пісаць тым больш», — падсумавала Ганна Севярынец.