У арыштаванай па «польскай справе» Анжалікі Борыс абвастрыліся хваробы

Пра стан здароўя зняволенай старшыні «Саюза палякаў Беларусі» паведаміла дырэктарка тэлеканала «Белсат» Агнешка Рамашэўска.

anzhelika_boris.jpg


— У Анжалікі Борыс пагоршыўся стан здароўя, акрамя таго, абвастрыліся ранейшыя сімптомы, звязаныя з жаночым захворваннем. Ёсць патрэба ў лячэнні зубоў, — расказала «Радыё Свабода» Агнешка Рамашэўска.

Паводле яе звестак, Анжаліка Борыс у выніку пагадзілася выехаць у Польшчу, але ўлады стрымліваюць гэты працэс і спрабуюць такім чынам шантажаваць яе калегу, другога лідара «Саюза палякаў», журналіста Анджэя Пачобута.

Раней Агнешка Рамашэўска першай паведаміла пра вызваленне і вываз у Польшчу трох іншых фігурантак «польскай справы» — Ірэны Бярнацкай, Марыі Цішкоўскай і Ганны Панішавай. У траўні іх вызвалілі з СІЗА і вывезлі з краіны. Яны хоць і ў Польшчы, але застаюцца абвінавачанымі.

Старшыню «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліку Борыс затрымалі 23 сакавіка, яна ўтрымліваецца ў жодзінскім СІЗА. Жанчына праходзіць па «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК).

У няволі цяпер застаюцца толькі Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут. У траўні ім таксама прапаноўвалі вызваленне ўзамен на выезд за мяжу, але яны адмовіліся. Неўзабаве пасля гэтага журналіст адчуў пагаршэнне стаўлення — яго паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму».

У СІЗА ён захварэў на каронавірус.