У БДУІР скарачаюць прыём студэнтаў і звальняюцца выкладчыкі

Скарачэнне набору студэнтаў датычыць пераважна платнага аддзялення. Таму застаецца пытанне: чаму сярод студэнтаў больш скарачаецца не бюджэтнае, а платнае аддзяленне, якое прыносіць ВНУ грошы?

Акцыя «Вершы на прыступках» каля БДУІР. Мінск, Беларусь. 15 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

Акцыя «Вершы на прыступках» каля БДУІР. Мінск, Беларусь. 15 верасня 2020 г. Фота: ТК / belsat.eu

Вядучы беларускі ўніверсітэт у сферы інфармацыйных тэхналогій апублікаваў план прыёму абітурыентаў на 2021 год. Тэлеграм-канал «Мирный БГУИР» зрабіў на аснове гэтых звестак інфаграфіку, якая паказвае скарачэнне прыёму. Так, аўтары звестак адзначаюць, што шматлікія паказнікі прыёму ў студэнты і магістранты нават ніжэйшыя, чым у 2017 годзе і скарачэнне набору датычыць пераважна платнага аддзялення, нягледзячы на заявы ўніверсітэта пра недахоп сродкаў. Змены таксама закрануць і склад кафедр: пасады чатырох кіраўнікоў кафедр скарачаюцца. А вечаровае аддзяленне ліквідуецца наогул.

«У сувязі са звальненнямі праз палітычную сітуацыю колькасць выкладчыкаў зменшылася — адпаведна, няма каму чытаць лекцыі»

Былая выкладчыца кафедры гуманітарных дысцыплін БДУІР Мая Гаўручанкова распавядае, што гісторыя і паліталогія, якія яна выкладала, былі моцна скарочаныя яшчэ ў мінулым годзе:

— Замест 8 лекцый і 4 семінараў пакінулі 1-2 семінары і 2 лекцыі. Што за гэты час можна расказаць, абмеркаваць і якія веды даць, і навошта наогул такая імітацыя навучання патрэбная, я ніколі не разумела.

Чалец страйкама БДУІР Аляксандр Клюеў кажа, што раней адміністрацыя БДУІР гаварыла пра праблемы з фінансаваннем, але паабяцала нікога не звальняць:

— Семестр заканчваецца, і зʼяўляюцца планы на новы навучальны год — скарачаецца набор студэнтаў і на магістратуру. Як вынік, скарачаюцца гадзіны для выкладчыкаў, што можа быць адной з прычын таго, што «аптымізуецца» склад кафедр. Але застаецца пытанне: чаму сярод студэнтаў больш скарачаецца не бюджэтнае, а платнае аддзяленне, якое папросту прыносіць грошы? Моцна скарачаюць факультэт камп’ютарных сістэм і сетак, які заўсёды быў флагманам БДУІР, самым іміджавым факультэтам, але гэты статус азначае і большую самастойнасць. Гэта ніколі не падабалася адміністрацыі ВНУ.

Некалькі студэнтаў на ўмовах ананімнасці распавялі, што наборы мяняюцца кожны год і звычайна гэта было ў бок павелічэння:

— Два гады таму на праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій набралі 8 груп дзённага навучання — гэта вельмі шмат. У сувязі са звальненнямі праз палітычную сітуацыю колькасць выкладчыкаў зменшылася — адпаведна, няма каму чытаць лекцыі. Праз гэта і каб не было перанасычанасці рынку спецыялістамі — і скарачаюць набор.

«Кафедры гуманітарныя ў тэхнічнай ВНУ заўсёды на другіх ролях і "пад пагрозай"»

Мая Гаўручанкова звяртае ўвагу на тое, што гаворка пра магчымае скарачэнне набораў не новая і, хутчэй за ўсё, гэткія захады кіраўніцтва ўніверсітэта ўдараць найперш па няпрофільных для праграмістаў прадметах.

— Што датычыць маёй кафедры, то, вядома, усе былі занепакоеныя скарачэннем гадзін тады, і я ўпэўненая, што заклапочаныя скарачэннем набору студэнтаў цяпер. Кафедры гуманітарныя ў тэхнічнай ВНУ заўсёды застаюцца на другіх ролях і «пад пагрозай». Гаворка пра магчымае скарачэнне складу кафедры ішла і раней, і ўсе вельмі перажывалі. Асабліва пенсіянеры і людзі без навуковай ступені — а і тых, і іншых шмат на кафедры.

Студэнты распавядаюць, што некаторыя выкладчыкі выступаюць за скарачэнне набору, бо гэта дазволіць пазбегнуць лішку кадраў на рынку працы.

— Студэнты мала што могуць сказаць пра гэтую сітуацыю, мы можам паглядзець на звесткі, зрабіць нейкі аналіз для сябе, але мы не маем такой глыбокай экспертызы, як выкладчыкі. Сярод выкладчыкаў цяпер вельмі розныя меркаванні. Адразу пачаліся спрэчкі, шмат хто гаворыць, што скарачэнні — гэта нармальна, і што ад гэтага толькі палепшыцца якасць навучальнага працэсу, другія — што гэта ўсё ж дрэнныя тэндэнцыі, якія могуць сведчыць пра стан эканомікі ва ўсёй краіне, — тлумачыць Аляксандр Клюеў. 

«У нас ёсць інфармацыя, што яшчэ шмат хто з выкладчыкаў хутка плануе звольніцца, нават з адміністрацыі»

Студэнты і выкладчыкі згаджаюцца, што, так ці інакш, на сітуацыю ў БДУІР паўплывалі падзеі, што адбываліся ў Беларусі пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У БДУІР таксама баставалі студэнты і выкладчыкі, якія пасля былі адлічаны і звольнены.

— Яшчэ да зʼяўлення планаў набору можна было бачыць некаторыя тэндэнцыі як у студэнцтве, так і сярод выкладчыкаў, — распавядае Аляксандр Клюеў. — Студэнты, нават якія не ходзяць на пратэсты, сталі часцей гаварыць пра тое, што калі гэтае нечалавечае стаўленне да нас будзе працягвацца, то можна зʼязджаць з краіны, нават без дыплому БДУІР. Мы — айцішнікі, нам прасцей рэлакавацца. Некаторыя выкладчыкі таксама паступова пераходзяць у IT. Робяць усё, каб выкладанне не было іх асноўным спосабам заробку.

Паводле Маі Гаўручанковай, тое, што адбываецца, падобна адначасова і да помсты ІТ-сектару ў цэлым, і да скарачэння колькасці паспяховых і забяспечаных айцішнікаў на будучыню.

— Але мне здаецца, маладыя людзі хутка адаптуюцца да гэтай праблемы: цяпер ёсць вялікая колькасць якасных курсаў, лабараторый, відэаўрокаў, з дапамогай якіх можна атрымаць патрэбныя веды і без афіцыйнага дыплому. Магчымасцей для самаадукацыі шмат, таму ўсе, хто хоча сысці ў гэтую сферу, усё адно гэта зробяць. Можа, яшчэ і час зэканомяць.

Як распавядаюць студэнты БДУІР, адлічэнні і звальненні працягваюцца да гэтага часу. Шмат хто вымушаны зʼязджаць з краіны.

— Калі не памыляюся, на гэты момант каля дзесяці выкладчыкаў былі звольнены, — кажа Аляксандр Клюеў. — Найгучнейшай была сітуацыя, калі па асабістым жаданні сышла дэкан ФКСіС Марыя Лукашэвіч. У нас ёсць інфармацыя, што яшчэ шмат хто з выкладчыкаў хутка плануе звольніцца, нават з адміністрацыі. Некаторыя будуць вымушаныя звольніцца па асабістым жаданні пад ціскам з боку сілавых структур. Таксама больш за 20 студэнтаў былі адлічаны, шмат застаюцца пад пагрозай адлічэння. Хлопцам імкнуцца адразу пасля адлічэння ўручыць позву ў армію.

«Белсат»