У Гродзенскі каледж мастацтваў гатовыя прыняць нават тых, хто не грае на музычных інструментах

«Можна зусім не ўмець граць на інструментах, тут навучым і на цымбалах, і на скрыпцы. Калі не спадабаецца, можна заўсёды вярнуцца ў школу», — кажуць супрацоўнікі каледжа.

Фота artcollege.by

Фота artcollege.by

Як стала вядома «Нашай Ніве», у апошні дзень прыёму дакументаў, 3 жніўня, У Гродзенскі каледж гатовыя ўзяць усіх, дастаткова мець за плячыма дзевяць класаў адукацыі. Прычым бал у атэстаце можа быць любым.

У прыватнасці, гаворка ідзе пра дзве спецыяльнасці аддзялення народнай творчасці — харавая музыка і інструментальная.

На першую і другую недабор складае тры чалавекі (усяго планавалася набраць групы з васьмі і шасці чалавек на бюджэт адпаведна).

Як распавялі ў прыёмнай камісіі, праслухоўванне для будучых вакалістаў і музыкаў прадугледжанае, але гэта хутчэй фармальнасць.

«Можна зусім не ўмець граць на інструментах, тут навучым і на цымбалах, і на скрыпцы. Мы ва ўсім апякуем і падтрымліваем дзяцей, дапамагаем. Педагогі падцягнуць. Калі не спадабаецца, можна заўсёды вярнуцца ў школу», — кажуць супрацоўнікі каледжа.

Варта адзначыць, што іншагароднім студэнтам прапануюць інтэрнат. Бюджэтнікі таксама атрымліваюць стыпендыю — мінімальная складала каля 70 рублёў у першым семестры. Далей таленавітыя студэнты маюць магчымасць падняць яе аж да 200 рублёў.