У інтэрнаце БНТУ жорстка затрымалі і збілі замежнага студэнта (відэа)

У інтэрнаце БНТУ нумар 8 а 14:00 жорстка затрымалі і збілі замежнага студэнта падрыхтоўчага аддзялення, паведамляе тэлеграм-канал «БНТУ 97%».

БНТУ, архіўнае фота Яны Трусіла

БНТУ, архіўнае фота Яны Трусіла

Пра затрыманне распавялі сябры хлопца. Паводле іх, ён выходзіў з інтэрната па адрасе Сурганава, 47, потым прама перайшоў дарогу.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго і спыталі, чаму ён перайшоў дарогу ў гэтым месцы. Хлопец не разумеў па-руску і спалохаўся, а яны падумалі, што ён хоча збегчы, хаця ён проста хацеў паклікаць сябра, каб ён прыехаў і пераклаў. Замежнага студэнта пачалі пераследаваць па дарозе да інтэрната і проста там збілі яго. 
Да гэтага часу сябрам хлопца невядома, дзе ён знаходзіцца. Яны звярталіся ў аддзел па працы з замежнымі студэнтамі БНТУ, але там на сітуацыю ніяк не адрэагавалі.