У Красным працягваецца праца над мемарыялам ахвярам лагера Дулаг-121

Жыхары мястэчка Краснае Гомельскага раёна працягваюць ствараць мемарыял ахвярам нацысцкага перасыльнага лагера Дулаг-121.






Мясцовыя прадпрымальнікі за свае сродкі праклалі сцяжыну ад Гомельскай аб’язной дарогі да помніка. У планах таксама ўпрыгожыць тэрыторыю вакол помніка дэкаратыўнымі раслінамі.

Паводле аднаго з удзельнікаў добраўпарадкавання Васіля Баброўскага, для жыхароў Краснага вельмі важна захаваць памяць пра нявінных ахвяраў ІІ Сусветнай вайны.

— Кожны неабыякавы, які жыве побач і, можа, да канца не ўсведамляе, што тут адбывалася, са здзіўленнем даведваецца, што вось столькі год, жывучы тут, ні пра што падобнае нават здагадацца не мог. Людзі чытаюць, людзі глядзяць, тэлефануюць, размаўляюць. То бок гэта ў жыхароў Краснага на слыху, і вось гэтая падтрымка нам вельмі неабходная. Гэта нейкі феномен, што гэта ўсё ішло з нізоў, ад простых людзей.

Помнік у выглядзе вялікага каменя з мармуровай шыльдай, выкананай на трох мовах (беларускай, расейскай і габрэйскай), з’явіўся ў ваколіцах Краснага ў лістападзе 2019 года дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў.

Цягам некалькіх гадоў, якія папярэднічалі ўсталяванню помніка, красненскі прадпрымальнік Уладзімір Котаў займаўся пошукам месца масавага пахавання ахвяраў Дулаг-121. Ён дабіўся ад Міністэрства абароны правядзення раскопак, у выніку якіх былі знойдзеныя парэшткі 131 чалавека на месцы былога супрацьтанкавага рову. У гады ІІ Сусветнай вайны ў гомельскім Дулагу-121 загінула ад 100 да 150 тысяч савецкіх ваеннапалонных і цывільных грамадзянаў.

Беларускае Радыё Рацыя