У Мінску пачалі судзіць ютуб-блогера Руслана Лінніка. Яму пагражае да шасці гадоў калоніі

Сёння ў судзе Маскоўскага района Мінска пачаўся суд над палітзняволеным Русланам Ліннікам. Яго абвінавачваюць па чатырох дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 і ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 188 («Паклёп»), паведамляе «Вясна».

ruslan_linnik.jpg

Згодна з абвінавачаннем, ён размясціў у сваім канале ролікі з абразамі міліцыянтаў, прэзідэнта, паклёпам на прэзідэнта.

Руслан Ліннік быў затрыманы 20 лютага ў Віцебску. МУС заявіла, што Ліннік доўгі час хаваўся, але «супрацоўнікі затрымалі яго, нягледзячы на канспіратыўны лад жыцця і рэгулярную змену месца жыхарства».

На судзе абвінавачаны не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. Справу разглядае суддзя Юрый Машкетаў.

Руслан Ліннік — беларускі youtube-блогер, які з 2020 года рабіў ролікі на грамадска-значныя і палітычныя тэмы. На момант затрымання на яго канале было больш за 90 тысяч падпісантаў.