У Мінску ўсе сярэднія ўстановы адукацыі з 1 верасня пяройдуць пад кантроль МУС

З гэтага навучальнага года меры бяспекі ва ўстановах адукацыі будуць узмоцненыя. Сітуацыю бярэ пад кантроль Дэпартамент аховы МУС. Пра гэта газеце «На страже» распавёў яго кіраўнік палкоўнік міліцыі Аляксандр Шэпелеў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Па яго словах, урад прыняў рашэнне аб комплексным забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў дзіцячых садках, школах і вышэйшых навучальных установах.
— Відавочна, што кваліфікацыя работнікаў, якія дзяжурылі на ўваходзе, як правіла, людзей сталага ўзросту, ужо не адпавядае сучасным патрабаванням. Таму Міністэрства ўнутраных спраў і Дэпартамент аховы прапанавалі установам адукацыі мінімальны комплекс мер бяспекі для работнікаў і навучэнцаў.
Папярэднюю працу правялі ў мінулым годзе, калі ў кожнай навучальнай установе ўсталявалі кнопкі трывожнай сігналізацыі. Вартаўнічы склад і кантралёры КПП прайшлі адпаведныя праверкі, атрымаўшы доступ да ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці на такіх аб'ектах, — распавёў кіраўнік Дэпартамента аховы. 
Цяпер камеры-макеты замянілі сапраўднымі, лічбавыя запісы будуць захоўвацца мінімум месяц. Для гэтага ў школах з'явяцца ўласныя серверы. Таксама на тэрыторыі навучальных устаноў будуць устаноўлены відэапрылады, якія ўваходзяць у сістэму маніторынгу грамадскай бяспекі. За іх працу адказвае РУП «Белтэлекам», а Дэпартамент аховы зможа атрымаць доступ да датчыкаў пасля адпаведнага ўзгаднення. У якіх месцах размяшчаць прыборы, будзе вырашаць адміністрацыя ўстановы адукацыі. Як правіла, імі абсталююць уваход у будынак, ганак і брамку на прылеглай тэрыторыі.
Апроч таго ў школах і ўніверсітэтах прапанавалі ўсталяваць турнікеты, якія можна звязаць у адно цэлае з інтэлектуальнай сістэмай. На іх вучань будзе адзначацца карткай, сканаваць адбітак пальца або праходзіць ідэнтыфікацыю асобы. Дзейсным спосабам уліку ў Дэпартаменце аховы лічаць і аўтаматычную фіксацыю даных у электронным журнале.
Але і працу вахцёраў увядзенне інтэлектуальных сістэм не скасуе. Праўда, іх могуць замяніць супрацоўнікі МУС.
Сёння ў школах працуюць вахцёры і вартаўнікі, якія прайшлі адпаведнае навучанне. Пры гэтым замена на нашых работнікаў неабавязковая, але ў планавым парадку — у прыярытэце. Забяспечым кантроль за спецыялістамі з дапамогай сістэм відэаназірання — малюнак з камер выведзем на экран аператыўна-дзяжурных службаў падраздзяленняў аховы, — паведаміў Аляксандр Шэпелеў.
Як інфармуе выданне, у Мінску ўсе сярэднія ўстановы адукацыі, а іх 301, пяройдуць пад кантроль дэпартамента з 1 верасня. У абласных цэнтрах праца яшчэ працягваецца.